Прарасейскія крыніцы пішуць пра захоп Табаеўкі на Харкаўшчыне. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 703-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 27 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / facebook.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі 13 атак праціўніка каля населеных пунктаў Табаеўка і Стэльмахаўка ў Харкаўскай і Луганскай вобласцях адпаведна.

Між тым расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ занялі некаторыя пазіцыі каля Сынькоўкі. Акрамя гэтага адзначаюцца лакальныя прасоўванні побач з Кіслоўкай.

У гэты ж час іншыя прарасейскія крыніцы пішуць, што УС РФ занялі сяло Табаеўка на Харкаўшчыне (побач з раней занятым Крухмальным). Адзначаецца, што цяпер расейцы наступаюць у бок Бераставога.

Разам з тым у штодзённай зводцы ад Міністэрства абароны РФ ніяк не каментуецца гэтая інфармацыі. Пры гэтым расейскае камандаванне піша пра шэраг адбітых атак ЗСУ каля Сынькоўкі, што сведчыць пра сустрэчны характар баёў на гэтым участку фронту.

На ліманскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы адбілі восем атак праціўніка каля населеных пунктаў Церны і Торскае ў Данецкай вобласці.

Расейскі бок паведамляе пра няўдалыя атакі ЗСУ ў ваколіцах Цернаў, Ямпалаўкі і Дзібровы. Зменаў па лініі фронту не зафіксавана.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятывай па-ранейшаму валодаюць Узброеныя сілы РФ, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру. 

Генштаб ЗСУ піша пра 11 безвыніковых атак праціўніка каля Багданаўкі, Іванаўскага, Клішчыеўкі і Андрэеўкі.

Пры гэтым Барыс Рожын адзначае прасоўванні войскаў РФ у Багданаўцы, а таксама ў ваколіцах Іванаўскага.

Мінабароны РФ фіксуе атакі ЗСУ ў Багданаўцы, а таксама на самым поўдні кірунку каля сяла Шумы (на захадзе ад гораду Горлаўка).

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў расейцаў захоўваецца ў ваколіцах Данецку.

На аўдзееўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, за апошнія содні сілы абароны адбілі не менш за 20 атак каля Новабахмутаўкі, Стэпавога і Аўдзееўкі і яшчэ дзевяць – у ваколіцах Вопытнага, Вадзянога, Первамайскага і Невельскага.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» паведамляе, што УС РФ усё ж удалося крыху прасунуцца каля Стэпавога (на паўночным захадзе ад Аўдзееўкі) – ЗСУ выбілі з аднаго апорнага пункту.

Барыс Рожын гаворыць, што на паўднёвым усходзе Аўдзееўкі працягваюцца баі на вуліцах Чарнышэўскага, Спартыўная і Саборная: войскі РФ намагаюцца замацавацца, ЗСУ – выбіць праціўніка, робячы акцэнт на ўдары БпЛА.

На суседнім мар’інскім кірунку, па інфармацыі ўкраінскага камандавання, ЗСУ адбілі 14 атак праціўніка каля Георгіеўкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі.

Між тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што УС РФ прасунуліся каля першага населенага пункту.

Рожын удакладняе, што прасоўванні адбыліся на ўскрайках сяла, а таксама з поўначы ад Георгіеўкі.

Акрамя гэтага ваенны эксперт фіксуе лакальныя поспехі расейцаў з поўдня ад Новаміхайлаўкі.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На поўдні Данецкай вобласці расейскія вайскоўцы атакавалі каля сяла Залатая Ніва, але поспеху не дасягнулі.

У суседнім рэгіёне – Запарожская вобласць – яны наступалі ў ваколіцах Прыютнага (на мяжы з Данецкай вобласці), Чырвонага (на ўсходзе ад гораду Гуляйполе), Вэрбовага і Работына (абодва сёлы знаходзяцца з поўдня ад гораду Арэхаў).

Міністэрства абароны РФ піша, што каля Прыютнага чатыры разы атакавалі і ўкраінскія вайскоўцы, што ўказвае на актывізацыю абодвух бакоў канфлікту на гэтым участку фронту.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў