ЗША абвінавацілі Крэмль у спробе падпарадкаваць сабе Беларусь


Амбасадар місіі ЗША пры АБСЕ Майкл Карпэнтэр заявіў, што кіраўніцтва Крамля імкнецца захапіць і падпарадкаваць тэрыторыі суседніх краінаў. ЗША не прымаюць імперскую палітыку Расеі, якая адмаўляе культуру і дзяржаўнасць Беларусі і Украіны, і рашуча падтрымліваюць незалежнасць абедзвюх краін.

Сцяг ЗША.
Фота: ghall.com.ua

Паводле словаў амбасадара місіі ЗША пры АБСЕ Майкла Карпэнтэра, Расея адмаўляе Украіне ў існаванні як дзяржавы. РФ сёння намагаецца знішчыць суверэнітэт цэлай незалежнай нацыі.

«І хоць мы тут не так часта кажам пра гэта, але менавіта гэта яна спрабуе зрабіць і з незалежнай Беларуссю. Прэзідэнт Пуцін ясна даў зразумець, што разглядае абедзве краіны як рэгіёны, якія «належаць» Расеі», – заявіў дыпламат ЗША.

Амбасадар таксама дадаў, што кіраўніцтва Расеі неаднаразова казала, што ўкраінская і беларуская ідэнтычнасць не існуюць па-за расейскай культурай.

«Гэта таксама тлумачыць, чаму Масква была занятая выцясненнем мясцовых беларускіх журналістаў і заменай іх расейскімі прапагандыстамі. Тое, што рэжым Лукашэнкі супрацоўнічае з Расеяй, не мяняе таго факту, што гульня Крамля такая ж. У абедзвюх краінах Расея выкарыстоўвае падобныя інструменты – хоць часам і нязначна розныя – каб зацвердзіць сваё дамінаванне», – дадаў амбасадар.

Пры гэтым, паводле дыпламата, ЗША выступаюць катэгарычна супраць спробы Расеі зняважыць і падаўляць культуру, гісторыю і дзяржаўнасць Украіны. Украіна – суверэнная, незалежная дзяржава. Дыпламат таксама нагадаў, што Злучаныя штаты таксама рашуча падтрымліваюць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, якая мае славутую гісторыю і ўласную багатую культуру.

ВІДЭА
Пералом у вайне ўлетку 2023 года. Інтэрв’ю з польскім генералам
2023.01.27 17:50

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў