Амбасада ЗША ў Кіеве прапанавала амерыканскім грамадзянам падумаць пра выезд з Украіны


Амбасада ЗША ў Кіеве звярнулася да амерыканцаў ва Украіне з заклікам разгледзець варыянты выезду з краіны ў сувязі з магчымаю ваеннаю пагрозаю з боку Расеі.

«Сітуацыя з бяспекаю ва Украіне працягвае заставацца непрадказальнаю праз пагрозу ваенных дзеянняў Расеі і можа пагоршыцца без папярэджання, – гаворыцца ў паведамленні на сайце ўстановы. – Амбасада ЗША заклікае грамадзянаў ЗША ва Украіне разгледзець выезд цяпер праз камерцыйныя ці іншыя дасяжныя транспартавыя варыянты».

Аналітыка
«Надыходзіць час адступаць». Як мяняецца рыторыка расейскай прапаганды
2022.01.25 16:56

Амбасада таксама просіць грамадзянаў ЗША запоўніць адмысловую форму на сайце, каб мець магчымасці лепш камунікаваць, і падкрэслівае, што асабліва важна гэта тым амерыканцам, якія плануюць застацца ва Украіне. Акрамя таго, грамадзянам ЗША прапаноўваецца сачыць за навінамі, мець у парадку турыстычныя дакументы, у тым ліку вакцынавацца ад COVID-19, што аблегчыць выезд.

Hавiны
ЗША гатовыя накіраваць у Еўропу 8,5 тысячы вайскоўцаў праз сітуацыю вакол Украіны
2022.01.25 09:20

Дыпламатычная місія ЗША гатовая падтрымаць усіх амерыканскіх грамадзянаў, якія пастановяць выехаць, у тым ліку даць пазыку для рэпатрыяцыі, калі ёсць такая патрэба.

З лістапада 2021 года Расея канцэнтруе свае войскі на мяжы з Украінаю. Заходнія і ўкраінская выведкі лічаць, што Крэмль плануе маштабнае ўварванне, прычым дзеля гэтых мэтаў можа выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў