Дэпутат Савіных: Патрабаванне Еўропы вызваліць Статкевіча і палітвязняў – гэта гібрыдная вайна


Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Андрэй Савіных заклікаў Еўрапейскі парламент «адмовіцца ад варожай рыторыкі і спыніць выкарыстанне метадаў гібрыднай вайны ў дачыненні Беларусі». Такую заяву ён зрабіў, рэагуючы на прынятую Еўрапарламентам рэзалюцыю «Нявызначанасць адносна месцазнаходжання Мікалая Статкевіча і нядаўнія напады на чальцоў сем’яў беларускіх палітыкаў і актывістаў», паведамляе прэс-служба ніжняй палаты беларускага парламенту.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных.
Фота: savinykh.by

Савіных заявіў, што рэзалюцыя «мае ангажаваны і неабʼектыўны характар», а «абвінавачанні на адрас беларускіх уладаў надуманыя і контрпрадуктыўныя».

«Дадзеныя дзеянні еўрапарламентарыяў сведчаць аб цвёрдым курсе на канфрантацыю і вядзенне агрэсіўнай інфармацыйнай вайны супраць Беларусі», – мяркуе дэпутат.

Паводле яго, дакумент Еўрапарламенту «не адносіцца да сферы палітыкі і існых прынцыпаў міжнародных дачыненняў, а ёсць элементам інфармацыйнай прапаганды», у чым «няма нічога новага», бо «беларускі бок ужо прызвычаіўся да гэтых кагнітыўных дыверсіяў і нават выпрацаваў пэўны імунітэт».

«Прымаючы падобныя рэзалюцыі, Еўрапарламент дэманструе свой глыбокі інтэлектуальны крызіс, татальна нівелюючы аўтарытэт і міжнароднае значэнне гэтага палітычнага інстытуту», – кажа Савіных.

Нагадаем, увечары 13 снежня ў Еўрапейскім парламенце праходзілі дэбаты, падчас якіх дэпутаты выступілі з асуджэннем беларускага рэжыму і выказвалі словы падтрымання беларускім палітычным зняволеным. З трыбуны гучалі імёны найбольш вядомых беларускіх палітвязняў: Мікалая Статкевіча, Віктара Бабарыкі, Максіма Знака, Марыі Калеснікавай, Ігара Лосіка, Паўла Севярынца, Паліны Шарэнды-Панасюк, Андрэя Пачобута і лаўрэата Нобэлеўскай прэміі Алеся Бяляцкага.

У выніку дэбатаў была прынятая рэзалюцыя, у якой Еўрапарламент выступіў з патрабаваннем неадкладна вызваліць Міколу Статкевіча, ад якога няма звестак з турмы ўжо 319 дзён, а таксама ўсіх 1500 палітвязняў, зняць з іх абвінавачанні і цалкам рэабілітаваць, з фінансавай кампенсацыяй нанесенай ім шкоды.

Інтэрв’ю
Чаму рэжым Лукашэнкі хавае інфармацыю пра палітвязняў
2023.08.02 09:51

У рэзалюцыі прагучала настойлівае патрабаванне забяспечыць зняволеных належнай медычнай дапамогай, даць ім доступ да адвакатаў, сем’яў, дыпламатаў і міжнародных арганізацыяў. У дакуменце асуджаюцца палітычна матываваныя прысуды і рэпрэсіі, якія чыняць у Беларусі ў дачыненні дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці.

Еўрадэпутаты выказалі цвёрдую салідарнасць з беларускім народам і дэмакратычнай апазіцыяй, заклікалі Еўразвяз падтрымаць палітзняволеных і іхныя сем’і, а таксама выступілі з заклікам дакументаваць міжнародныя злачынствы рэжыму і прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэнні правоў чалавека і ў ваенных злачынствах.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў