Расея абвясціла ў вышук кіраўніка агенцтва расследаванняў «Bellingcat» Хрысту Грозева


Міністэрства ўнутраных спраў Расеі аб’явіла ў федэральны вышук балгарскага журналіста, кіраўніка агенцтва расследаванняў «Bellingcat» Хрысту Грозэва, паведамляе выданне «Медиазона» са спасылкай на базу вышуку.

Хрыста Грозэў.
Фота: hs.fi

«Я не ведаю, на якой падставе Крэмль абвясціў мяне ў »вышук«, таму пакуль не магу каментаваць. У пэўным сэнсе гэта не мае значэння – гадамі яны давалі зразумець, што баяцца нашай працы і не спыняцца ні перад чым, каб яе знішчыць», – пракаментаваў Хрыста Грозэў сваю абʼяву ў вышук.

Пазней стала вядома, што супраць яго ўзбуджана крымінальная справа аб распаўсюджванні фэйкаў аб расейскіх Узброеных сілах.

Крыніца: zona.media

Праект «Bellingcat» 25 лютага гэтага года быў унесены ў спіс «непажаданых» у Расеі. У ліпені ФСБ абвінаваціла Грозэва ў дапамозе ўкраінскай выведцы, якая нібыта планавала скрасці расейскі вайсковы самалёт. Сам Грозэў тады растлумачыў, што не ўдзельнічаў у аперацыі беларускіх спецслужбаў, а займаўся расследаваннем спробаў ФСБ і галоўнай управы выведкі Украіны падмануць адзін аднаго.

Журналісты «Bellingcat» публікавалі расследаванні аб ваенных злачынствах РФ ва Украіне, раследвалі спробу забойства палітыка Аляксея Навальнага і забойства Барыса Нямцова, справу «вагнераўцаў» і іншыя. Таксама Грозэў анансаваў расследаванне справы аб забойстве журналіста Паўла Шарамета і нядаўняй смерці Уладзіміра Макея.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў