43 % украінцаў не хацелі б пускаць беларусаў ва Украіну


Апытанне Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі, зробленае ў верасні 2022 года сярод 2000 жыхароў усіх неакупаваных рэгіёнаў Украіны, паказала, што ўкраінцы ставяцца да беларусаў не так кепска, як да расейцаў, але горш, чым да астатніх народаў. З папраўкай на ўмовы вайны хібнасць можа складаць 3–5 % на дадатак да статыстычнай хібнасці ў 2,4 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэнтр Кіева пасля ракетнага абстрэлу расейскіх войскаў. 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

У апытанні прапаноўваліся такія групы людзей: украінамоўныя ўкраінцы, расейскамоўныя ўкраінцы, расейцы з Расеі і расейцы ва Украіне, беларусы з Беларусі і беларусы ва Украіне, габрэі, амерыканцы, канадцы, палякі, французы, немцы, румыны, абагуленыя афрыканцы, ромы (цыганы).

Пыталі, як блізка да сябе гатовыя падпусціць гэтых людзей: ад «гатовы бачыць чальцом сям’і» і «гатовы бачыць блізкім сябрам» да «гатовы бачыць госцем Украіны» і «не пускаў бы ва Украіну».

Чальцамі сваёй сям’і 4,66 % апытаных гатовыя бачыць расейцаў, якія жывуць у Расеі. 9,2 % – беларусаў, якія жывуць у Беларусі. 10,4 % – цыганоў. 11,9 % – афрыканцаў. 14,7 % – расейцаў, якія жывуць ва Украіне. 14,8 % – румынаў. 17,9 % – беларусаў , якія жывуць ва Украіне. 18,2 % – немцаў… Але ўкраінамоўных украінцаў гатовыя бачыць чальцамі сваёй сям’і толькі 61,9 % апытаных, расейскамоўных украінцаў – 47,5 %.

Гісторыі
«Пішу пра ўсіх, хто супраць вайны». Гiсторыi беларусаў, якiя запусцiлi iнiцыятывы для падтрымання ўкраiнцаў
2022.09.25 08:30

Сумарна гатовыя бачыць беларусаў з Беларусі жыхарамі Украіны (у тым ліку калегамі, суседзямі, сябрамі ці родзічамі) 32,1 % апытаных, а беларусаў, якія жывуць ва Украіне, 57,3 %.

80,34 % апытаных не пускалі б ва Украіну расейцаў, якія жывуць у Расеі, 42,9 % не пускалі б беларусаў з Беларусі. 43,3 % не пускалі б ва Украіну тых расейцаў, хто ўжо там жыве, а 26,2 % – беларусаў, якія ўжо жывуць ва Украіне. 30,6 % не пускалі б цыганоў, 19,1 % – афрыканцаў. Пры тым 1,2 % апытаных не пускалі б ва Украіну ўкраінамоўных украінцаў, а 5,4 % – расейскамоўных украінцаў.

У індэксе ксенафобіі для ўкраінцаў найбольш нелюбімыя – расейцы, якія жывуць у Расеі. За імі – беларусы з Беларусі, цыганы, расейцы з Украіны, афрыканцы, румыны, беларусы з Беларусі. Самыя любімыя пасля ўласна ўкраінцаў – палякі, канадцы і амерыканцы, якіх прымаюць лепей за габрэяў, якія жывуць ва Украіне.

За апошні год значна пагоршылася стаўленне ўкраінцаў да расейцаў і беларусаў, адчувальна палепшылася да палякаў (яны ўжо блізкія да расейскамоўных украінцаў), крыху пагоршылася да немцаў, французаў, румынаў і афрыканцаў, крыху палепшылася да цыганоў, амерыканцаў і габрэяў.

Адметна, што яшчэ ў 2018 годзе ўкраінцы горш ставіліся да габрэяў, якія жывуць ва Украіне, чым да расейцаў ці беларусаў, якія жывуць ва Украіне. Стаўленне да габрэяў з Украіны было амаль такім жа, як да расейцаў з Расеі, і горшым, чым да беларусаў з Беларусі.

Hавiны
«Нашыя пазіцыі цалкам супадаюць». У кабінеце Ціханоўскай адказалі на прэтэнзіі Кіева да яе «сумнеўных» поглядаў
2022.10.18 20:16

Індэкс ксенафобіі ўкраінцаў зрастаў ад 1994 да 2005 года, затым падаў да 2014 года (якраз у гэтым годзе Расея анексавала Крым і распачала вайну на Данбасе). З 2021 па 2022 год індэкс ксенафобіі ўкраінцаў вырас нязначна – цяпер ён ніжэйшы, чым у 215 ці 2018 гадах.

Даследчыкі лічаць узровень ксенафобіі ўкраінцаў «сярэднім паміж адкрытасцю і нацыянальнай замкнёнасцю». І хоць ён застаўся стабільным, нягледзячы на вайну, адна рэч здзівіла даследчыкаў:

«Нечакана пагоршылася стаўленне да расейцаў і беларусаў, якія жывуць ва Украіне, – пішуць у прэс-рэлізе. – Гэты вынік патрабуе праверкі, магчыма, калі мы кажам «расеец» нават з дадаткам «жыхар Украіны», рэспандэнты ўспрымаюць гэта не як этнічнае паходжанне, а як палітычную ідэнтыфікацыю».

«Можа, яны маюць на ўвазе не грамадзянаў Украіны, а нядаўніх мігрантаў з Расеі або беларусаў, якія нядаўна пераехалі ва Украіну, – разважаюць даследчыкі. – Ва ўсялякім разе, апытанні КМІС пасля 24 лютага 2022 года сведчаць, што хоць такая моўна-этнічная катэгорыя, як рускамоўныя расейцы [якія жывуць ва Украіне], некалькі адрозніваецца ў поглядах, насамрэч большасць з іх з’яўляецца цалкам праўкраінска настроенымі супольнасцямі. Напрыклад, сярод іх большасць выступае за сяброўства ў Еўразвязе і NATO».

Фактарамі, якія найбольш уплываюць на ксенафобію, застаюцца адукацыя апытанага (лепшая адукацыя – менш ксенафобіі), тып паселішча (сяло больш ксенафобнае за горад), рэгіён пражывання, фінансавы статус (багацейшыя – меншыя ксенафобы) і ўзрост (старэйшыя – большыя ксенафобы).

Ксенафобія выліваецца ў рэальную і сістэматычную дыскрымінацыю. Даследчыкі заклікаюць да адзінства ў часы, калі прадстаўнікі розных народаў поплеч змагаюцца супраць ворага, які намагаецца пасеяць варожасць між моўнымі і нацыянальнымі групамі Украіны.

Hавiны
Украінцы вывесілі бел-чырвона-белы сцяг на пункце пропуску пад Маларытай
2022.10.24 00:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў