«Паўсюль пануе бардак». Чаму расейскія рэкруты страляюць у ваенных камісараў


Стралок, які адкрыў агонь у ваенным камісарыяце Усць-Ілімску Іркуцкай вобласці, мог быць пакрыўджаны хамскім да яго стаўленнем. Нібыта хлопец хацеў добраахвотна запісацца ў расейскае войска, але яму параілі спачатку працверазець. Чаму такая сітуацыя магла адбыцца і як праходзіць мабілізацыя ў Іркуцкай вобласці, тлумачыць праваабаронца, кіраўнік «Цэнтру грамадзянскага спрыяння» Аляксей Тупіцын.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kirill Kukhmar / TASS / Forum

«Мясцовыя людзі кажуць, што хлопец да гэтага доўга «бухаў». Са словаў ягоных знаёмых, ён прыйшоў у ваенкамат як добраахвотнік, але яго адтуль пагналі, маўляў, ідзі працверазей, неяк нахамілі яму. І пасля гэтага той пайшоў за абрэзам. Вярнуўся і прыстрэліў ваенкама», – расказвае Аляксей Тупіцын.

Прыслалі павестку чалавеку, які сёмы год сядзіць у турме

Інцыдэнт здарыўся 26 верасня ў ваенкамаце гораду Усць-Ілімск Іркуцкай вобласці падчас кампаніі па мабілізацыі, абвешчанай Пуціным. Малады чалавек колькі разоў стрэліў у начальніка мясцовага камісарыяту. Па словах маці маладога чалавека, які ўчыніў стральбу, хлопец быў пакрыўджаны і на тое, што дагэтуль не атрымаў павесткі. Стралка затрымалі. Паранены начальнік ваенкамату знаходзіцца ў рэанімацыі.

«У галаве не ўкладаецца, як такое магло адбыцца. Мне сорамна, што такое адбываецца тады, калі мы, наадварот, мусім быць адзіныя…», – заявіў пасля інцыдэнту губернатар вобласці Ігар Кобзеў.

Праваабаронца Аляксей Тупіцын, між тым, не бачыць, у здарэнні нічога дзіўнага, таму што «паўсюль пануе бардак», а азвярэнне людзей, якое назіралася і раней, зараз яшчэ больш відавочнае. Гэта развал усёй дзяржаўнасці Расеі і яе дэградацыя, кажа суразмоўца «Белсату».

«Я маю інфармацыю з ваенкамату. Там няма ніякай сістэмы і няма ніякіх спісаў рэзервістаў. Расказваюць, што не ведаюць, хто ім наагул патрэбны з вайсковых спецыяльнасцяў і адкуль гэтых людзей браць. Даюць павесткі тым, каго зловяць. Напрыклад, павестка прыйшла чалавеку, які ўжо сёмы год сядзіць у турме. Жонка адказала, давайце, маўляў, перадам у калонію, хай забіраюць…» – распавядае праваабаронца.

Паводле ягоных словаў, павестку прынеслі і чалавеку, які быў дэмабілізаваны ў 1989 годзе і ніколі не быў на вайсковых зборах, мае да таго ж лішнюю вагу. Калі за ім прыехалі, рэкрут не здолеў праз сваю мажнасць залезці ў «Ніву». Супрацоўнікі ваенкамату спачатку параілі прыбыць да іх самастойна на аўтобусе, а потым махнулі рукой: «Мы і форму для цябе не знойдзем».

«Наагул ніякага парадку там няма. Сёння стаяць даішнікі, тармозяць усіх запар і ўручаюць павесткі. Проста ў цэнтры гораду», – расказвае Аляксей Тупіцын, распавядаючы пра сітуацыю ў горадзе Усць-Кут.

У Манголіі амаль утрая падаражэла жыллё

Праваабаронца кажа, што насамрэч добраахвотна ў войска ніхто ісці не хоча. Нават тыя, хто раней горача падтрымліваў дзеянні Пуціна ва Украіне і ездзіў па горадзе з «Z-ігамі» на аўтамабілі.

«Мы апыталі 30 такіх фанатаў вайны. Усе сядзяць на канапах, і ніхто нікуды не збіраецца ісці ваяваць. Самы распаўсюджаны адказ: прыйдзе павестка – і пайду. То бок калі дайшло да справы – энтузіязм раптам выпарыўся», – заўважае Тупіцын.

Аляксей Тупіцын.
Фота: Алексей Тупицин / Facebook

За вайну, па яго назіраннях, выступаюць зараз толькі тыя, хто адназначна не падпадае пад мабілізацыю – самотныя жанчыны пасля 45-ці і некаторыя пенсіянеры. Вялізная колькасць жыхароў Іркуцкай вобласці рванула ў Манголію, якая ўпускае пакуль што ўсіх.

«Памежнікі такога яшчэ не бачылі. Усё забіта машынамі і людзьмі. У Манголіі за тры дні кошты на арэнду кватэраў падскочылі амаль к тры разы. Раней плацілі 12 тыс рублёў за месяц, цяпер – 27 тысяч», – гаворыць Аляксей Тупіцын.

Па ягонай інфармацыі, у Іркуцкай вобласці мабілізацыя будзе праходзіць у тры хвалі. Прыкладам, ва Усць-Куце ў першую хвалю разаслалі 550 павестак, але з гэтага чакаюць набраць хіба 150 чалавек. Калі пройдзе другая і трэцяя хвалі, пакуль невядома. Але праваабаронца раіць маладым людзям, пераважная большасць якіх не хоча і не збіраецца браць у рукі зброю, хавацца як мінімум да 10 лістапада, калі мае скончыцца апошні набор.

«У глыбінцы нешта кардынальна мяняецца»

Аляксей Тупіцын сцвярджае, што ў расейскай глыбінцы пачынае штосьці кардынальна мяняцца.

«Апошнія дні рэзка рэзка змянілі стаўленне людзей да вайны. Але ў асноўным – у жанчын. Яны раней маўчалі, але зараз пачалі пісаць што гадавалі сваіх дзяцей не для гэтага. Але і мужыкі прызыўнога веку пачалі абурана каментаваць. Пайшлі размовы, якіх раней зусім не было. У сацсетках – дэбаты і дыскусіі.

Тут пакуль рана казаць, што гэтыя дэбаты выльюцца ў пратэсты, як у Махачкале. Але думаю, сітуацыя памяняецца, калі сюды пачнуць вяртацца труны і людзі зразумеюць, што гэта – бойня», – мяркуе праваабаронца.

Ён лічыць таксама, што забарона на ўезд грамадзян Расеі з шэнгенскімі візамі на тэрыторыю ЕЗ, якую ўвялі краіны Балтыі, «грае на руку Пуціна», бо з Расеі «бягуць зараз не ягоныя не фанаты, а тыя, каго пераследуе пуцінскі рэжым».

«Частковая мабілізацыя» на вайну з Украінай была абвешчаная Уладзімірам Пуціным 21 верасня. У розных гарадах Расеі праходзяць антываенныя акцыі пратэсту. У Дагестане 25 верасня падчас сутыкненняў пратэстоўцаў з паліцыяй гучалі стрэлы. Атмасфера агрэсіі, якая распальваецца прапагандысцкімі дзяржканаламі, выліваецца ў здарэнні са стральбой у ваенкаматах і школах. Паводле апошніх звестак, ахвярамі страляніны ў школе ў Іжэўску сталі 13 чалавек, сярод іх – 9 дзяцей.

Інфаграфіка
Расея ў агні. Як спачатку абвяшчэння мабілізацыі ў РФ запалалі ваенкаматы і загучалі стрэлы
2022.09.26 16:37

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў