Афганістан накіраваў смяротнікаў да мяжы з Таджыкістанам


Прыхільнік ісламісцкага руху Талібан.
Фота: EPA-EFE

Афіцыйныя асобы руху Талібан заявілі, што адправілі «тысячы» сваіх вайскоўцаў у афганскую правінцыю Тахор, што мяжуе з Таджыкістанам. Пра гэта паведамляе радыё «Озоди».

Рух Талібан, які пасля захопу ўлады ў Афганістане абвясціў аб стварэнні Ісламскага Эмірату Афганістан, накіраваў вайсковыя падраздзяленні ў правінцыю Тахор «для ліквідацыі пагроз бяспекі і іншых патэнцыйных пагроз».

Прадстаўнік Талібану Забіхулла Муджагід паведаміў, што «дзясяткі тысяч байцоў спецназу «Арміі Мансур Ісламскага Эмірату» былі дыслакаваныя ў Тахоры. «Армія Мансур Ісламскага Эмірату» ў асноўным складаецца з тэрарыстаў-смяротнікаў. На мінулым тыдні талібы абвясцілі пра ўвод гэтых войскаў у правінцыю Бадахшан.

Таджыкістан – адзін з нямногіх суседзяў Афганістана, які адкрыта заявіў, што не прызнае ўрад Талібану, «сфармаваны шляхам прыгнёту». Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон неаднаразова крытыкаваў талібаў за іх дзеянні і ігнараванне правоў таджыкаў у Афганістане. Улады Таджыкістана таксама не хаваюць сваёй падтрымкі Фронту супраціву, адзінай сілы, якая супрацьстаіць талібам у правінцыі Панджшэр.

26 верасня адзін з прадстаўнікоў таджыкскіх памежных войскаў на ўмовах ананімнасці сказаў, што паведамленні пра «тысячы вайскоўцаў» выклікаюць трывогу, але яны ўважліва сочаць за тым, што адбываецца на другім баку мяжы.

Яшчэ раней таджыкскія ўлады заяўлялі, што некаторыя падкантрольныя талібам бандфармаванні з таджыкаў і каўказцаў гатовыя да ўварвання ў Таджыкістан. Талібан тады адхіліў гэтыя паведамленні, заявіўшы, што ні адной групе не дазволяць увайсці з тэрыторыі Афганістану на зямлю суседніх дзяржаў.

Hавiны
Талібан звярнуўся ў ААН з просьбай выступіць перад сусветнымі лідарамі ў Нью-Ёрку
2021.09.22 10:04

МГ belsat.eu

Стужка навінаў