news
Гісторыі
Беларуска расказала, як прарывалася з Мексікі ў ЗША і сядзела ў амерыканскай турме
«Усё рабілася, каб мы адчулі сябе вязнямі»
27.08.202311:37

Беларуска Ларыса разам з дарослай дачкой пасля ператрусу ў сваім доме пад Менскам  ў 2021 годзе адолела тысячы кіламетраў, каб трапіць у Мексіку, а потым – перайсці мяжу і папрасіць палітычнага прытулку ў ЗША. Жанчына расказвае «Белсату», як сядзела ў амерыканскай камеры на мяжы і колькі ёй усё гэта каштавала. Увага: гэтая гісторыя – не настаўленне для дзеянняў. Правілы пераходу амерыканскай мяжы з Мексікі з тых часоў кардынальна змяніліся. У канцы – тлумачэнні эксперта.

Памежны патруль каля памежнага плота паміж Мексікай і ЗША ў Тыхуане. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: CARLOS JASSO / Reuters / Forum

Напрыканцы ліпеня 2021 года да жанчыны, якая называе сябе Ларысай і просіць не публікаваць яе прозвішча, прыйшлі з ператрусам. Прычына: на яе мужа завялі крымінальную справу – за нібыта «абразу» ў сацсетках намесніка міністра МУС Беларусі Мікалая Карпянкова. Балазе муж Ларысы быў для беларускіх «сілавікоў» недасягальны – з’ехаў у Амерыку яшчэ ў 2017 годзе. Як тлумачыць жанчына, эміграваў з Беларусі таксама праз праблемы з уладамі, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і ўдзелу ў Плошчы.

Як мяркуе цяпер Ларыса, цалкам імаверна, што ператрус у ліпені 2021-га, у іх вялікім і ўтульным доме пад Менскам, мог скончыцца для яе затрыманнем. Бо калі афіцэр МУС папрасіў разблакаваць тэлефон, яна паслухмяна – на аўтамаце – пачала гэта рабіць. Згадвае сёння – і жахаецца: у яе айфоне на той момант было шмат фотаздымкаў з мірных маршаў пратэсту ў Менску.

«Я, вы ведаеце, на вялікім стрэсе была, і сапраўды гатовая была разблакаваць. Але цяпер думаю: Бог мне дапамог. Бо націскала – і пальцы не слухаліся. Колькі разоў спрабую – і не магу. Не, кажу, не магу, не памятаю. Так і аддала яго, заблакаваны. Выйгралі з дачкой час», – расказвае Ларыса.

Уцёкі ў Мексіку з Масквы

Разам з айфонам міліцыянты забралі з дому ўсю аргтэхніку. А ўжо назаўтра было прынятае сумеснае з мужам рашэнне: тэрмінова зʼязджаць у ЗША. Амерыканскіх візаў не было ні ў Ларысы, ні ў яе дарослай дачкі, якая таксама пастанавіла ехаць. Шлях быў адзін – прарывацца праз Мексіку.

Жанчына распавядае, што зрабіць мексіканскую візу на той момант было няцяжка. Заяўка афармлялася онлайн, турагенцтва забірала дакументы і адвозіла іх у Маскву (у Менску няма мексіканскай амбасады). За візы заплацілі па 150 долараў.

Напрыканцы жніўня маці і дачка былі ўжо ў Маскве – з квіткамі на самалёт да мексіканскага Канкуну (курорт на паўднёвым усходзе Мексікі). Каб пераканаць мексіканскіх памежнікаў, што ты сапраўды ляціш для адпачынку на беразе Карыбскага мора і гатовая вярнуцца назад, квіткі трэба было выкупляць у абодва бакі (пазней Ларыса вярнула грошы за квіткі назад), а таксама забраніраваць месцы ў гатэлі. Два квіткі ў адзін бок на прамы рэйс каштавалі каля 2 тысяч долараў.

«Вандроўка атрымалася не з лёгкіх. Некаторых людзей на мексіканскай мяжы разварочвалі. Проста назіралі, аналізавалі, як чалавек сябе паводзіць, правяралі. То бок некаторыя турысты выклікалі ў іх сумневы наконт таго, што сапраўды прыехалі адпачываць.

Проста казалі: «Не, ты едзеш у Амерыку, каб атрымаць прытулак, – едзь назад!». Таму я лічу, што нам пашанцавала», – тлумачыць нашая суразмоўца.

Заехаць за жоўтыя пупырышкі

У Канкуне Ларыса і дачка прабылі тры дні. Потым з курортнага Канкуну трэба было дабрацца да памежнай Тыхуаны (больш за 3000 км). У Тыхуане (Tijuana) ўжо чакаў на кантакт чалавек, які мусіў давезці беларусак на аўце да амерыканскай мяжы і праінструктаваць, што рабіць далей. З правадніком дамаўляліся загадзя. Ягоная паслуга каштавала 1600 долараў за чалавека.

Ларыса кажа, што згадзіліся ехаць уначы, бо жанчыны не хацелі доўга знаходзіцца ў небяспечнай Тыхуане – горадзе, сумна вядомым сваімі картэлямі ды бардэлямі.

Аўтамабілі ў чарзе, каб пераехаць у ЗША ў Тыхуане, Мексіка, 7 лістапада 2021 г.
Фота: Toya Sarno Jordan / Reuters / Forum

У джыпе мексіканца ехалі чацвёра дарослых і двое дзяцей (з правадніком – пяцёра, але перад самым пераходам ён выскачыў з машыны): Ларыса з дачкой, яшчэ адзін беларус – хлопец з Горадні, якія сядзеў за стырном, і жанчына з арабскай краіны з двума дзіцяці, якія спалі ў багажніку.

Задача была такая: заехаць за жоўтыя пупырышкі на дарозе, якія абазначаюць мяжу з ЗША – і адразу прасіць палітычны прытулак. Далей – як бог дасць. Па словах Ларысы, мексіканскіх памежнікаў яны не бачылі ўвогуле.

«Ехалі па свабоднай паласе. А потым перад намі ўзнік памежнік. І наш джып падʼехаў блізка і рэзка завярнуў на суседнюю паласу, таранячы, ведаеце, такую чырвоную пластыкавую агароджу, якая падчас рамонтаў дарогі ставіцца. Ссунулі яе, праехалі наперад і заехалі за гэтыя пупырышкі… І літаральна праз пару секундаў нашую машыну абкружылі шэсць памежнікаў», – расказвае Ларыса.

Амерыканскія памежнікі, як згадвае жанчына, спачатку не вельмі далікатнічалі. Загадалі кіроўцу адчыніць дзверы і пакласці рукі на стырно. Але потым пабачылі дзяцей у багажніку, якія плакалі, прачнуўшыся, – і памякчэлі.

«Пасядзела ў амерыканскай турме»

«І тут мы папрасілі палітычнага прытулку. Нас, у бранзалетах, павялі афармляць на «бордэр». Так я, хоць і нядоўга, пасядзела ў амерыканскай турме», – гаворыць беларуска.

Чарга з аўтамабіляў на памежным пераходзе ў Тыхуане. Наперадзе – жоўтыя пупырышкі.
Фота: JORGE DUENES / Reuters / Forum

Па словах Ларысы, у падвальным памяшканні знаходзіліся шэсць камер. Адна з іх – для маці з дзецьмі, больш прасторная і з тэлевізарам. У дзіцячую даюць нанач сапраўдныя коўдры. Астатнім – толькі невялікі дыванок (як для фітнесу) і плёнку з фольгі, каб накрывацца. У камеры – дзве металічныя лаўкі, закароткія, каб на іх легчы. Спаць можна было толькі на падлозе – ні ложкаў, ні шконак. Ларыса кажа, што, як ні дзіўна, покрыўка з фольгі сапраўды ўначы сагравала (дыванок і абутак – пад галаву).

У кожнай камеры – агароджаная прыбіральня. Дзверы ў камеру – металічныя, з празрыстым квадратным акенцам, але гэта не «кармушка», як падумаў бы амаль кожны беларус. Харчавацца просьбітаў палітычнага прытулку вадзілі ў сталоўку.

«Можна было таксама ўзяць душ, вывадзілі. Гадзіннікаў нідзе няма. Калі выходзіш – мусіш трымаць рукі за спінай. Ну, такі псіхалагічны ціск. Вядуць у сталоўку, а там бурыта ў іх. Есці немагчыма, але ясі, бо нешта ж есці трэба. Такі смак, што… Я пасля турэмнага бурыта, не хачу і зараз яго спрабаваць», – распавядае Ларыса.

«Падумала: наколькі горш адчувала б сябе ў беларускай турме»

Беларуску з дачкой змясцілі ў камеру, дзе ўжо знаходзіліся 4 чалавекі, якія сядзелі там тры ці чатыры дні. Ларыса ўдакладняе, што «бордэр» – гэта не іміграцыйная турма (detention), а проста камеры часовага ўтрымання. У сапраўдны «detention» могуць адправіць тады, калі інспектары, якія цябе апытваюць, палічаць, што ты схлусіў, і на тваёй радзіме табе не пагражае небяспека. Адтуль ужо могуць дэпартаваць у краіну паходжання (па рашэнні суду).

Прыкладам, у 2021 годзе ў іміграцыйную турму з «бордэра» адправілі ўкраінку, якая сядзела ў адной камеры з Ларысай. Дзяўчына проста казала, што не магла знайсці ва Украіне дастойную працу і прыехала ў ЗША за лепшым жыццё. Гэта было недастаткова для амерыканцаў. Праз тры месяцы ўкраінку дэпартавалі. Але гэта, нагадаем, адбывалася яшчэ да пачатку вайны, зараз у ЗША працуе праграма U4U (United for Ukraine), якая максімальна спрашчае атрыманне ўкраінцамі статусу ўцекача.

Уцякачка з дзіцём на мексіканска-амерыканскай мяжы ў Тыхуане.
Фота: Carlos A. Moreno / Zuma Press / Forum

Ларыса правяла ў камеры на мексіканска-амерыканскай мяжы ўсяго дзве ночы. Дачку выпусцілі яшчэ раней. Да гэтага яны абедзве былі апытаныя інспектарамі. Пры гэтым, як сцвярджае жанчына, яе дачка прайшла праз так званы «допыт на страх», калі яе скрыжавана апытвалі тры чалавекі.

Для беларусак усё скончылася добра: у іх быў пераканаўчы кейс і чалавек – муж і бацька – які меў ужо ў Штатах жыллё і працу.

«У выніку ўсё атрымалася. Але там усё рабілася так, каб мы адчулі сябе вязнямі. Умовы ніякія, псіхалагічна гэта вельмі цісне. Але я падумала тады: наколькі б горш я б сябе адчувала ў беларускай турме?..» – кажа жанчына.

Паводле падлікаў Ларысы, іх уцёкі ў Амерыку каштавалі агулам каля 6 тысячы долараў.

Цяпер беларуска разам з дачкой і мужам жыве ў невялікім гарадку ў Паўночнай Караліне. Напачатку прыбірала нумары ў гатэлі, зараз займаецца дастаўкай тавараў на аўтамабілі. Удасканальвае ангельскую і нядаўна скончыла курсы кіроўцы траку, каб зарабляць больш разам з мужам – дальнабойнікам (у растэрміноўку набылі свой грузавік). Мара – адкрыць у ЗША свой невялікі бізнес, бо ў Беларусі таксама займаліся прадпрымальніцтвам. Дачка працуе ў аўтасалоне.

Гісторыі
Былыя журналісты «Белсату» распавялі пра жыццё ў эміграцыі ў ЗША
2023.03.05 09:00

«Адзінае што… Я, шчыра кажучы, не бачу сябе ў Амерыцы. Толькі – у Беларусі. Але ў іншай, новай Беларусі. Прайшло два гады, а я ўсё роўна адчуваю сябе тут чужой. Не ведаю… Вельмі спадзяюся, што на радзіме зменіцца ўлада – і я вярнуся дадому», – падагульняе Ларыса.

Пад канец размовы жанчына папярэджвае беларусаў, якія б захацелі паўтарыць яе шлях у Амерыку: правілы для тых, хто хоча прасіць палітычнага прытулку на мяжы Мексікі і ЗША, змяніліся.

«Пераехаць на аўтамабілі за пупырышкі – гэта ўжо не працуе», – кажа беларуска.

Экспертка: Адзіны легальны метад цяпер – рэгістрацыя ў CBP One

Іміграцыйная кансультантка кампаніі «Modern Law Group» і журналістка Марына Сакалоўская пацвярджае ў размове з «Белсатам» інфармацыю пра тое, што спосаб пераезду амерыканскай мяжы «за пупырышкі» з мэтай прасіць палітычнага прытулку, ужо нядзейсны. Больш за тое: з 12 студзеня 2023 года – незаконны.

Амерыканскі памежнік глядзіць на мексіканскую Тыхуану. Каліфорнія, ЗША, 2 лютага 2021 г.
Фота: MIKE BLAKE / Reuters / Forum

Адзіны легальны метад цяпер – пераход праз рэгістрацыю ў мабільным прыкладанні CBP One.

«Нават калі хто прарвецца па-іншаму, то, хутчэй за ўсё, гэты чалавек трапіць у «дэтэншэн» (іміграцыйную турму). У цяперашніх умовах гэта значыць, што ён пройдзе праз інтэрвʼю «на страх» і, калі яго праваліць, – пойдзе ў суд. Калі суддзя згадзіцца з афіцэрам, што чалавек не меў права на палітычны прытулак у ЗША – гэта дэпартацыя і бан на ўезд на 5-10 гадоў. Разумееце? То бок усё вельмі сурʼёзна», – тлумачыць Марына Сакалоўская.

Яна ўдакладняе, што цяпер прарвацца такім спосабам немагчыма яшчэ і таму, што да стрымлівання патэнцыйных уцекачоў падключыліся і мексіканскія памежнікі, якія раней шчыра не разумелі, навошта ім ахоўваць амерыканскія межы (Ларыса ў 2021 годзе іх зусім не бачыла).

Яна адзначае, што «славутыя пупырышкі», да якіх трэба было даехаць на машыне, скутары ці ровары, сваю папулярнасць набылі яшчэ ў 2018 годзе, калі Доналд Трамп у публічнай прамове папрасіў мігрантаў не пералазіць праз платы на мяжы нелегальна, а проста прыходзіць і прасіць прытулку на Port of entry.

Беларускі свет
Прайшлі праз мексіканскую мяжу з чатырма дзяцьмі на руках
2023.01.31 18:00

Экспертка кажа, што ў 2019 годзе ў Тыхуане чэргі былі такія, што людзі, каб дайсці да памежных пунктаў, чакалі цягам 6-9 месяцаў. Каб не сядзець столькі ў горадзе, які знаходзіўся ў топ-5 гарадоў, самых небяспечных для жыцця, людзі пачалі набываць аўтамабілі і скутары (ці наймаць перавозчыкаў), каб дасягнуць тых жаданых пупырышак. У 2020 годзе – падчас локдаўну – гэты спосаб стаўся ўвогуле адзіным легальным, каб трапіць у Амерыку і зрабіўся галаўным болем памежнай службы ЗША (Customs and Border Protection – CBP). З 2023 года ён па-за законам.

Адзіны на сёння шлях перайсці мяжу ЗША ў Мексіцы без візы легальна, не трапляючы ў іміграцыйную турму, – гэта рэгістрацыя ў мабільным прыкладанні CBP One. Карыстальнікі гэтай аплікацыі скардзяцца на яе нязручнасць і лагі, але іншага шляху проста няма, сцвярджае Марына Сакалоўская.

Зарэгістравацца, злавіць месца ў чарзе і прыйсці на памежны пункт у вызначаны час – толькі так. Нават калі чаканне можа расцягнуцца на месяцы.

Некалькі парадаў кансультанткі

  • Не чакаць у небяспечнай Тыхуане. CBP One працуе і ў Мехіка-сіці.  Калі ўсё ж у Тыхуане, то хай гэта будзе самая ахоўваная Revolution Avenue.
  • Не плаціць за прапанаваную дапамогу. Як правіла, яе прапануюць махляры ўсіх гатункаў. Гэта заўжды заканчваецца дрэнна. Аплікацыя CBP One – бясплатная. І наагул, каб папрасіць у ЗША палітычнага прытулку, ніякая плата не прадугледжаная.
  • Не падманваць. У тым ліку праз іншыя прыкладанні, якія спрабуюць падмануць CBP One (напрыклад, дэзарыентуюць GPS-навігацыю). Не спрабаваць падаваць фальшывыя анкеты і г.д. Наагул – не хлусіць.

Марына Сакалоўская кажа, што беларусаў, сярод тых, хто спрабуе прарвацца ў ЗША без амерыканскай візы з надзеяй атрымаць палітычны прытулак, вельмі шмат. І ўзровень ухвалення просьбаў беларусаў – вельмі высокі. Экспертка не бачыць прычын, каб гэты ўзровень пайшоў на спад, бо «ўсе ведаюць, хто такі Лукашэнка і што адбываецца ў Беларусі».

«Але гэта не азначае, што можна ехаць наўздагад і на пытанне «Якая ў вас прычына?» здзіўлена адказваць: «Пра што вы пытаеце – я ж з Беларусі». А такіх людзей, на жаль, нямала. Бо калі нават вы з Паўночнай Карэі, у вас усё адно запытаюцца, чаму вы адтуль уцякаеце.

Атрыманне палітычнага прытулку ў ЗША – гэта заўжды індывідуальная і лагічная гісторыя пераследу«, – гаворыць Марына Сакалоўская.

Злучаныя Штаты Амерыкі сталі па выніках мінулага года другой краінай пасля Польшчы, у якой беларусы найчасцей просяць палітычнага прытулку.

Гісторыі
У Амерыку праз Мексіку. Нататкі палітычнага ўцекача з Беларусі
2022.06.05 15:12

Зміцер Міраш belsat.eu