У Віцебску перад судом над журналісткай затрымалі актывіста Барыса Хамайду


Віцебскага актывіста і распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду затрымалі за медальён з гербам Пагоня на чырвонай стужцы, паведамляе БАЖ.

Віцебскі актывіст Барыс Хамайда.
Фота: Белсат

Барыс Хамайда 25 жніўня прыйшоў у суд, каб падтрымаць журналістку Таццяну Мацвееву, якую судзілі паводле абвінавачання ў несанкцыянаваным пікетаванні.

Каля паста дзяжурнага на ўваходзе Барыса Хамайду спыніў супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Уладзіслаў Шышкавец – той самы, што склаў адміністратыўны пратакол на журналістку. Ён запатрабаваў, каб Хамайда зняў медальён з гербам Пагоня. Той адмовіўся і спрабаваў патлумачыць міліцыянту, што носіць яго штодня і што выява Пагоні не з’яўляецца забароненай, і яна ёсць нават на гербе Віцебскай вобласці.

Аднак Уладзіслаў Шышкавец выклікаў службовую машыну, і актывіста павезлі ў пастарунак.

Сябры чакалі, што Барыса Хамайду адпусцяць з пастарунку, але ўвечары на волю актывіст так і не выйшаў. Мабільны тэлефон Барыса адключаны, а атрымаць нейкую інфармацыю пра яго праблематычна, бо ён не мае сям’і. Паведамляць жа нешта староннім людзям у міліцыі адмаўляюцца.

Імаверна, Барыса Хамайду будуць судзіць 26 жніўня, але што яму ставяць у віну, пакуль невядома.

Інтэрв’ю
Віцебскі актывіст Барыс Хамайда: Я ўжо магу проста паставіць крэсла, і людзі будуць разумець, чаму я тут сяджу
2021.06.17 08:20

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў