Журналістку радыё «Свабода» за кратамі катавалі музыкай. Сярод «Саня останется с нами» і «Любимую не отдают» трапляліся песні Данчыка – супрацоўніка «Свабоды».
Раніцай 26 ліпеня пасля 10 дзён арышту выйшлі на волю журналісты радыё «Свабода» Іна Студзінская і Алег Груздзіловіч. Адначасова вызвалілі журналіста «Белсату» Ігара Ільяша (яго Студзінская бачыла праз вакенца-«кармушку»).
Іна Студзінская расказала «Белсату», што адчувае сябе нармальна, а турма была «не такой страшнай, як яе малююць». Ёй не выставілі абвінавачання, пакінулі ў статусе падазраванай. Допыту ў следчага не было. Далі падпісаць толькі забавязанне аб яўцы ў Следчы камітэт. Падпіскі аб неразгалошванні яна не давала. Ёй пакуль не вярнулі тэхнікі.
«Там нейкая вялікая справа заведзеная на нявызначаных асобаў, – расказвае Студзінская. – Мне далі азнаёміцца са спісам следчай групы, ён быў мо на 50 старонках. Я запыталася: тут усе следчыя, якія ёсць у краіне? Мне кіўнула следчая, сказала, амаль што».
Справа датычыць «арганізацыі масавых беспарадкаў» ад 14 ліпеня 2020 года да 12 студзеня 2021-га. Іншых падрабязнасцей справы Студзінская не ведае, але кажа, «усім гэта шыюць» з затрыманых журналістаў.
Умовы на Акрэсціна для «палітычных» жорсткія: матрацаў і бялізны не даюць, даводзіцца спаць на голых шконках, моцнае святло і днём, і ноччу. Турэмную баланду «есці немагчыма».
«Катавалі музыкай: «Саня останется с нами», «Любимую не отдают», гімн, – пералічвае Студзінская. – Але там быў проста бальзам на душу: дзве песні Данчыка! Музыка вельмі гучная».
Данчык (Багдан Андрусішын) – беларускі спявак і журналіст, які большую частку жыцця жыве у Нью-Ёрку. Запісаў чатыры альбомы, адзін з якіх – супольна з салістам «Песняроў» Леанідам Барткевічам. З 1977 года супрацоўнічае з радыё «Свабода».
Пра Студзінскую з-за кратаў даходзілі супярэчлівыя звесткі: ці то яна абвясціла галадоўку, ці проста не хацела есці таго, што даюць.
«Была галадоўка, – запэўнівае яна. – Я абвесціла галадоўку, па-першае, пабачыўшы ежу, а па-другое, абвясціла палітычную галадоўку. Ваду я піла. Ёсць сведкі, я не ела з нядзелі, 8 ці 9 дзён. Сёння не снедала, яшчэ нічога не ела, хачу правільна выйсці з галадоўкі».
Журналістка збіраецца звярнуцца і да дактароў. Цяпер яна адчувае сябе нармальна, хоць за кратамі ў яе падаў ціск. На Акрэсціна былі дактары, але толькі адна была «вельмі класная», астатнія былі «дзеўкі брыдкія». Таблеткі Студзінская мела свае, іх дазвалялі прымаць.
З сукамерніцамі пашанцавала, мяркуе Студзінская, былі «вельмі класныя дзевачкі». У першы дзень да яе прывялі жанчыну-хіміка:
«Цяпер бяруць хімікаў, – тлумачыць Студзінская. – Яна падазраецца ў спрыянні ў арганізацыі выбухаў нявызначанымі асобамі. Яна проста хімік, яна ні сном ні духам: працуе ў прыватнай кампаніі, якая вырабляе мыйныя сродкі».
Кожныя два дні гэтую жанчыну і Студзінскую пераводзілі ў новую камеру, агулам яны былі ў пяці камерах за 10 дзён. Студзінская бачыла таксама грамадзянку Расеі, якую высылаюць. Бачыла «смешныя» выпадкі, як то жанчыну, якую затрымалі за слова «свіння» пад яшчэ жнівеньскім допісам пра міліцыянта ў «Аднакласніках».
Аднойчы а 4-й гадзіне ночы прывялі вельмі спалоханую жанчыну, аж трэслася. Аказалася, у снежні 2020 года яна адпраўляла сяброўцы ў Канаду кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя», якую напісалі Зміцер Лукашук і Максім Гаруноў паводле гутарак з вядомымі беларусамі ў перадачы «Ідэя X» на «Еўрарадыё». Гэтую кнігу яшчэ не прызналі «экстрэмісцкай», толькі ў канцы сакавіка 2021 года камісія знайшла ў ёй «прыкметы экстрэмізму».
АА belsat.eu