«Гэта акцыя застрашэння». Журналіст Ігар Ільяш – пра 10 дзён на Акрэсціна


Журналіст не ведае, у чым менавіта яго падазраюць, але ўпэўнены, што рэпрэсіі супраць прэсы і грамадзянскай супольнасці будуць працягвацца.

Ігар Ільяш на волі.
Фота: Радыё Свабода — Беларусь / Telegram

Раніцай 26 ліпеня з менскага ізалятару на завулку Акрэсціна вызвалілі затрыманых 10 дзён таму журналіста «Белсату» Ігара Ільяша, журналістаў радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча і Іну Студзінскую.

Артыкулы
Вызваленая журналістка Студзінская расказала пра галадоўку, сукамерніц і катаванне музыкай
2021.07.26 13:56

Ігар Ільяш расказаў «Белсату», што пачуваецца нармальна, праблемаў са здароўем не з’явілася. Ён застаецца ў ранейшым статусе – падазраванага ў справе. Ён пад абмежаваннем на выезд з краіны, аднак не мае абмежаванняў у паездках па Беларусі.

Ільяш даў падпіску аб неразгалошванні (яшчэ да Акрэсціна), але кажа, што разгалошваць не мае чаго: хіба тое, што ўжо ведае грамадства. Раней паведамлялася, што затрыманых журналістаў падазраюць у «арганізацыі масавых беспарадкаў».

«Я дагэтуль не ведаю, у чым канкрэтна мяне падазравалі і падазраюць, – кажа Ільяш. – Мне ніхто пра гэта не распавядаў. У прынцыпе, як і шырокая грамадскасць, я ведаю толькі артыкул».

Затрыманых журналістаў праз 10 дзён пасля затрымання мусілі або вызваліць, або абраць меру стрымання, або «пераарыштаваць». Ільяша выклікалі з рэчамі за паўтары гадзіны да часу, калі трэба было прыняць рашэнне – і вызвалілі, бо скончыліся падставы для затрымання.

«Відавочна, што гэта была акцыя застрашэння, – заяўляе Ігар. – Ці будзе нейкі працяг менавіта ў межах гэтай справы, гэтага артыкулу, цяжка сказаць. Але тое, што тэрор, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ будуць працягвацца, гэта відавочна, няма сумневаў».

Артыкулы
«Не спыняцца і не апускаць рук!» Распавядаем пра Ігара Ільяша – затрыманага журналіста «Белсату»
2021.07.22 14:30

Невыносная спёка змянілася холадам

На думку Ільяша, на Акрэсціна невыносныя ўмовы для «палітычных» ствараюцца мэтанакіравана. Не выдаюць матрацаў, усе спяць на голых дошках, а замест падушкі выкарыстоўваюць пластыкавую бутэльку з вадой. Святло ўключанае 24 гадзіны на дзень. Перадачаў не аддаюць, у душ не водзяць. А 2-й і 4-й гадзіне ночы бываюць праверкі: падымаюць, ладзяць пераклічку, проста не даюць людзям заснуць.

«Калі я заехаў, было яшчэ вельмі спякотна, у камерах было адчуванне, што проста лазня, – расказвае Ільяш. – З усіх пот валіў, дыхаць было немагчыма. Потым спякота спала, было больш-менш нармальна. Але ў апошнія дні ноччу было халодна спаць. А людзі толькі ў майках, шортах ці джынсах, і ўсё».

Артыкулы
«Гэта Асвенцім». Пасля 20 дзён на Акрэсціна ў лідара «Маладога фронту» пачаліся праблемы са здароўем
2021.07.25 15:11

Сядзеў пераважна з «палітычнымі», бачыў калегаў

З перанаселенымі камерамі Ігар Ільяш не сутыкнуўся: заўсёды трапляў у шасцімясцовыя, дзе было шэсць або менш чалавек. Спаць на падлозе нікому не даводзілася.

Першыя пяць дзён Ігар быў у камеры з галоўным рэдактарам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам – да таго, як таго перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Першы дзень у яго камеры быў таксама праваабаронца Андрэй Палуда. На некалькі гадзінаў у камеру да яго кінулі журналіста «Свабоды» Алеся Дашчынскага, калі той разам з калегам Алегам Груздзіловічам падтрымаў галадоўку Іны Студзінскай. Пару дзён у камеры насупраць яго была сама Студзінская – яна паказала Ільяшу, што абвесціла галадоўку.

«Большую частку 10 дзён у маёй камеры былі амаль выключна палітвязні, толькі часам закідвалі чалавека са звычайным крымінальным артыкулам, – расказвае Ільяш. – Але апошнія дні часам было больш звычайных крымінальнікаў, бо новых масавых арыштаў у чацвер-пятніцу не было, таму пачалі «заканчвацца» палітычныя».

Артыкулы
«Першы быў смехатворны, другі – яшчэ больш смехатворны». Андрэй Дынько пракаментаваў выстаўленыя абвінавачанні
2021.07.24 18:07

АА belsat.eu

Стужка навінаў