ПВК Вагнэра. Успамінаем яе гісторыю і мэты


Група Вагнэра ўжо 10 гадоў працуе на некалькіх кантынентах. Прыватная кампанія дзее па-за межамі расейскага заканадаўства і пакуль афіцыйна не зарэгістраваная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы стаяць ля ўваходу ў бізнес-цэнтр ПВК Вагнэра падчас афіцыйнага адкрыцця офісу ў Дзень народнага адзінства ў Санкт-Пецярбургу, Расея. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Dmitri Lovetsky / AP Photo / East News

Прыватная вайсковая кампанія Вагнэра паходзіць з яшчэ адной расейскай узброенай групоўкі, створанай 10 гадоў таму, у 2013 годзе, у «Славянскім корпусе». Афіцыйна яна мелася ахоўваць месцы здабычы нафты ў Сірыі, а на справе ўдзельнічала ва ўзброеных сутычках.

Сярод больш чым 260 удзельнікаў эскапады быў Дзмітрый Уткін, таксама вядомы як Вагнэр. Псеўданім паходзіць ад імя Рыхарда Вагнэра, любімага кампазітара Адольфа Гітлера. Кажуць, Уткін быў захоплены ідэямі нямецкага фашызму. На ключыцах у яго вытатуяваныя сімвалы СС.

Імя Уткіна зноў усплыло ў 2014 годзе, калі Расея пачала падтрымліваць прамаскоўскіх сепаратыстаў на Данбасе ва Украіне. Тады пра групу Вагнэра загаварылі ўпершыню. Раней вайскоўцы, падобна, удзельнічалі ў анексіі Крыму. На Данбасе, паводле звестак СБУ, яны ўдзельнічалі, у тым ліку, у баях за Дэбальцава і ў штурме Луганскага аэрапорту. Тады Кіеў ацэньваў колькасць удзельнікаў групы Вагнэра, якія ваявалі на ўсходзе Украіны, на больш чым паўтары тысячы.

Дзмітрый Уткін не быў і не ёсць уласнікам гэтага фармавання. Валодае кампаніяй Яўгеній Прыгожын, які прызнаўся ў гэтым толькі ў верасні 2022 года. Гэта бізнесовец, які гадамі зарабляў грошы на кейтэрынгу для Крамля, таму яго называюць «кухарам Пуціна». Ён таксама зарабляў на кантрактах з Мінабароны, што ўключалі, напрыклад, паслугі прыбірання вайсковых аб’ектаў або будаўнічых базаў. Атрымліваў даход ён і са школьных сталовак – у 2015 годзе звязаныя з ім фірмы былі амаль манапалістамі ў Маскве. Менавіта гэты бізнесовец таксама стаіць за «фабрыкай троляў» у Пецярбургу, дзе нанятыя ім працаўнікі стваралі групы і каментавалі пасты ў сацыяльных сетках. З яе дапамогай Крэмль намагаўся паўплываць у тым ліку на выбары ў ЗША.

Аналітыка
Як заснавальнік ПВК Вагнэра пераўтвараецца ў палітыка і што гэта значыць для Расеі
2023.04.06 08:00

У 2015 годзе, калі Прыгожын пачаў зарабляць сурʼёзныя сумы на кантрактах з дзяржаўнымі структурамі, група Вагнэра стала рэгулярна ўдзельнічаць у баявых дзеяннях у Сірыі. Колькасць групы была ад 400 да 4000 асобаў, паводле розных крыніцаў.

У 2018 годзе адбылася адная з найбуйнейшых паразаў гэтага фармавання, калі яго часткі былі бамбаваныя амерыканскай авіяцыяй і артылерыяй. Колькасць загінулых вагаецца ад 11 да 200 вайскоўцаў. Калі апошні лік праўдзівы, гэта азначае самыя вялікія расейскія страты ў вайне ў Сірыі за раз. У Маскве тады пацвердзілі «смерць расейскіх грамадзянаў», але не сказалі, хто яны, і не назвалі іхнай колькасці. Тады група Вагнэра дзеяла ў ценю. Афіцыйныя страты Расеі за ўсю кампанію ў Сірыі да 2017 года складалі ўсяго 41 асобаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трое расейскіх наймітаў прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра (справа) на поўначы Малі.
Фота: French Army / AP / East News

Нягледзячы на тое, што фармальна група Вагнэра не лічыцца арганізацыяй, падкантрольнай Міністэрству абароны ці Міністэрству ўнутраных справаў, паводле СМІ, менавіта Мінабароны адказвае за выкарыстанне гэтай прыватнай вайсковай кампаніі. Фінансаванне дзейнасці ў значнай ступені ажыццяўляецца з дзяржаўнага бюджэту. У 2018 годзе РБК ацэньваў выдаткі для ўтрымання групы 5–10 мільярдамі расейскіх рублёў на год. Акрамя таго, былі прадугледжаныя выдаткі на рыштунак і кампенсацыі семʼям загінулых.

Даходы таксама забяспечваюць розныя прадпрыемствы пад кіраўніцтвам кампаніяў, звязаных з Яўгеніем Прыгожыным. Напрыклад, у 2017 годзе кампанія «Евро Полис», што належыць гэтаму бізнесоўцу, пры ўдзеле Мінэнерга Расеі падпісала з уладамі Дамаску пагадненне пра вызваленне радовішчаў газу і нафты, нафтаперапрацоўчых заводаў ды іншай інфраструктуры ад войскаў прэзідэнта Башара аль-Асада і пра іх абарону. Узамен «Евро Полис» меўся атрымліваць 1/4 даходаў ад здабычы нафты і газу. Акрамя таго, як пісала пецярбургская «Фонтанка», сірыйцы мусілі аплаціць выдаткі на баявыя дзеі.

Першыя звесткі пра зверствы вагнэраўцаў таксама паходзяць з 2017 года. У чэрвені быў апублікаваны відэаролік, у якім пад расейскую вайсковую песню пра спецназ («снимаю с плеч тяжелый автомат, стреляю в сына, а потом стреляю в мать») паказаны запіс забойства з дапамогаю кувалды. Забойцы размаўляюць па-расейску без акцэнту. Праз два гады былі апублікаваныя іншыя відэазапісы таго ж забойства, на якіх відаць, як ахвяры адсякаюць галаву і рукі. Ахвяра – дэзерцір, які ўцёк з войска Башара аль-Асада. Расейская незалежная «Новая газета» выказала гатовасць перадаць расейскім следчым органам матэрыялы, што пацвярджаюць дачыненне групы Вагнэра да гэтага забойства. Аднак органы гэтым не зацікавіліся, а прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў: «Мы не маем ніякага дачынення да гэтых людзей».

У 2023 годзе журналісты-расследавальнікі вызначылі імёны забойцаў. Некаторыя з іх дагэтуль служаць у групе Вагнэра.

Не толькі Сірыя

Адначасова з аперацыяй у Сірыі кампанія Прыгожына зацікавілася Афрыкай. Мадэль дзеяў была падобная да сірыйскай – дапамога ў выглядзе кансультацыяў, аховы і баевікоў у абмен на долі ў здабычы каштоўных выкапняў. У 2017 годзе вагнэраўцы ваявалі ў Судане на баку дыктатара Умара аль-Башыра. Праз год кампанія «Meroe Gold», звязаная з «M-Инвест» Яўгенія Прыгожына, атрымала долі золатаздабывальнага прадпрыемства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэманстранты нясуць транспарант у Бангі падчас маршу падтрымання прысутнасці Расеі і Кітаю ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы. 22 сакавіка 2023 года.
Фота: Barbara Debout / AFP / East News

У Лівіі, дзе вагнэраўцы застаюцца з 2018 года, расейцы змаглі пачаць здабываць нафту ў абмен на падтрыманне войскаў генерала Халіфы Хафтара. У 2018 годзе, паводле неафіцыйнай інфармацыі, «M-Инвест» нібыта спансаваў працу 170 расейскіх «цывільных установаў», якія меліся рыхтаваць вайсковыя кадры ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы. Іх суправаджалі 5 салдатаў. Згодна са справаздачай «Human Rights Watch» за кастрычнік 2022 года, група Вагнэра нясе адказнасць за ваенныя злачынствы ў гэтай краіне.

Не выключана, што гэтая фармацыя таксама стаіць за забойствам трох незалежных расейскіх журналістаў, якія прыехалі ў Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку, каб зрабіць рэпартаж пра вагнэраўцаў. Затое ў 2021 годзе на экраны выйшаў фільм «Турыст», што паказвае «гераічную» дзейнасць расейскіх наймітаў у гэтай краіне.

Акрамя таго, група Вагнэра таксама дзеяла ў Мазамбіку і Малі. Іхная прысутнасць у апошняй краіне выклікала рэзкую рэакцыю Парыжу, які лічыць гэтую краіну сферай свайго ўплыву. Вагнэраўцаў таксама бачылі ў Буркіна-Фасо і Конга. Схема паўсюль адна – вайсковая дапамога за ўдзел у распрацоўванні каштоўных радовішчаў. Плюс лаяльнасць новых уладаў да Расеі.

Па-за (расейскім) правам

Ці законная гэтая дзейнасць? У 2016 годзе Дзмітрый Уткін разам з іншымі вайскоўцамі, звязанымі з групай Вагнэра, сустракаўся з Уладзімірам Пуціным у Крамлі з нагоды святкавання Дня герояў Айчыны. Ён нават атрымаў медаль за адвагу. Гэта было тым больш дзіўна, што, паводле расейскага заканадаўства, дзейнасць фірмаў у вербаванні наймітаў забароненая. За ўдзел у канфлікце ў іншай краіне пагражае 7 гадоў пазбаўлення волі. Вербаванне можа прывесці да 15 гадоў за кратамі.

У 2018 годзе прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў прызнаў, што дэ-юрэ ў Расеі не існуе такіх арганізацыяў, як «прыватныя вайсковыя кампаніі». Сам прэзідэнт тады казаў, што «ўсё мусіць адбывацца ў рамках закону», у тым ліку «звычайная ахоўная дзейнасць». І калі група Вагнэра не парушае расейскага заканадаўства, то можа працаваць ва ўсім свеце.

Усяго, паводле ацэнак амерыканцаў, група Вагнэра прысутнічае або прысутнічала ў 30 краінах. Але пераломным момантам для вагнэраўцаў стала поўнамаштабная агрэсія Расеі супраць Украіны, што пачалася ў лютым 2022 года.

Аднак тут варта згадаць цікавы выпадак, што адбыўся 2 гады таму. У ліпені 2020 года ў санаторыі «Беларусачка» пад Менскам спецпадраздзяленне КДБ «Альфа» затрымала 32 расейцаў – наймітаў з групы Вагнэра.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фрэска з выявай наймітаў расейскай групы Вагнэра на сцяне ў Бялградзе, Сербія. 20 верасня 2022 года.
Фота: Darko Vojinovic / AP Photo / East News

Аляксандр Лукашэнка першапачаткова выказаў здагадку, што Масква спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у жніўні. Аднак неўзабаве аказалася, што справа значна складанейшая. Украінскія службы ажыццявілі фальшывае вербаванне наймітаў, сцвярджаючы, што яны ім патрэбныя для аперацыяў у Афрыцы. Адбіралі тых, хто меў досвед баявых дзеянняў на Данбасе. Калі самалёт з наймітамі меўся пралятаць над Украінай, яго прымусілі б прызямліцца на падставе таго, што аднаму з пасажыраў стала дрэнна. Такім чынам «цвет» вагнэраўцаў апынуўся б у руках Кіева. Аднак, імаверна, акцыя была перарваная пастановаю аднаго з чыноўнікаў Офісу прэзідэнта Украіны. Гаварылі нават пра яго начальніка, Андрэя Ермака. Такім чынам найміты апынуліся не ў Кіеве, а ў Расеі.

Аналітыка
Прыгожына выправілі ў Беларусь – што гэта значыць для беларусаў і Лукашэнкі?
2023.06.26 17:06

Кірунак: Украіна

Калі вяртацца да поўнамаштабнай агрэсіі, ініцыяванай Расеяй, то першапачаткова ўдзел наймітаў у вайне не прадугледжваўся. Аднак паразы на фронце прымусілі ўлады звярнуцца па дапамогу да Прыгожына. Ужо ў красавіку мінулага года група Вагнэра распачала вербаванне – спачатку сярод былых вайскоўцаў, у тым ліку тых, хто быў звольнены з арміі з дысцыплінарных прычынаў. Аднак, відаць, іх было мала, бо ў ліпені зʼявілася інфармацыя, што Яўгеній Прыгожын ездзіць па калоніях, дзе вярбуе зняволеных, абяцае ім амністыю, зняцце судзімасцяў і, вядома, грошы – 100 тысяч расейскіх рублёў на месяц.

Неафіцыйна вязняў мусіў памілаваць Пуцін сакрэтнымі ўказамі, гэтак дазваляе расейскае заканадаўства. У студзені 2023 года Прыгожын заяўляў, што першая група былых злачынцаў, каля 20 асобаў, скончыла паўгадавы кантракт.

Тых, хто не вярнуўся з фронту і загінуў у барацьбе з украінцамі, часта пачынаюць лічыць героямі. Іхныя мінулыя грахі замоўчваюцца. Затое яны могуць разлічваць на дошку гонару ў школе, дзе вучыліся. Бываюць і выпадкі, калі былы памілаваны злачынец, які вярнуўся з фронту, ізноў учыняе злачынства.

Вагнэраўцы здзяйснялі і, напэўна, працягваюць здзяйсняць ваенныя злачынствы ва Украіне, хаця Яўгеній Прыгожын на апублікаваных у інтэрнэце відэароліках загадваў ім «не гвалтаваць баб» і не рабаваць.

Самыя шокавыя сведчанні мы пачулі ў красавіку 2023 года ў размове двух вагнэраўцаў з заснавальнікам парталу Gulagu.net Уладзімірам Асечкіным. Азамат Улдараў і Аляксей Савічаў распавялі пра забойствы мірных жыхароў: жанчын і дзяцей, параненых украінскіх і расейскіх вайскоўцаў, а таксама пра расстрэлы саміх наймітаў, якія адмовіліся выконваць загады.

У красавіку 2023 года таксама было апублікаванае відэа, на якім баевікі групы Вагнэра абезгалоўліваюць украінскага вайскоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пахаванне Дзмітрыя Меншыкава, найміта прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра, які загінуў ва Украіне, на Алеі Герояў на могілках у Санкт-Пецярбургу, Расея. 24 снежня 2022 года.
Фота: Igor Russak / Reuters / Forum

Вагнэраўцы захоплівалі ўкраінскі Салядар і ўдзельнічалі ў баях за Бахмут. Група Вагнэра тут нашмат больш гнуткая, чым рэгулярнае расейскае войска, і мае лепшую каардынацыю паміж дэсантна-штурмавымі войскамі і артылерыяй ды авіяцыяй, якія іх падтрымліваюць. Яны атакуюць першымі, за імі ідуць штурмавыя групы, якія паслядоўна штурмуюць украінскія пазіцыі. Калі штурм не ўдаецца, то ён паўтараецца да поспеху, як у Бахмуце. Украінцы кажуць, што баевікі ідуць як зомбі. Страты ў штурмавых групах не маюць значэння, бо яны звычайна складаюцца з завербаваных былых зняволеных. Толькі пазней да штурму далучаюцца высокакваліфікаваныя найміты.

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявіла ў студзені, што на фронце цяпер 50 тысяч наймітаў групы Вагнэра. У сваю чаргу, паводле звестак Вашынгтону, у сярэдзіне лютага незваротныя страты гэтага фармавання, г. зн. забітымі і параненымі, склалі 30 тысяч асобаў. На тэрыторыі Расеі станам на красавік 2023 года журналісты знайшлі магілы амаль тысячы вагнэраўцаў.

Група Вагнэра – бадай, адзінае падраздзяленне з тых, што ваююць ва Украіне, якое паведамляе пра свае страты. Хаця сумневы ў іх сапраўднасці таксама могуць быць. У траўні Яўгеній Прыгожын паведамляў, што група Вагнэра завербавала агулам 50 тысяч зняволеных. З іх кожны пяты, г. зн. агулам 10 тысячаў, загінуў. Такія ж страты, імаверна, былі і сярод прафесійных вайскоўцаў, якія ваявалі ў іх шэрагах. Гэта азначае, што ПВК страціла 20 тысяч асобаў.

Гутарку пра страты часта звязваюць з патрабаваннямі Прыгожына да Мінабароны Расеі даць яму больш боепрыпасаў. Так было сёлета ў лютым падчас штурму Бахмуту. У пачатку траўня ён прыгразіў адысці з ваколіцаў гораду і абвінаваціў міністра абароны і начальніка Генштабу ў адказнасці за велізарныя людскія страты. Яўгеній Прыгожын, напэўна, адзіны чалавек, звязаны з Крамлём, які ў той час дазваляў сабе настолькі адкрытую крытыку праваахоўных органаў. Нядаўна, пачынаючы так званы марш справядлівасці, ён перайшоў ад словаў да справы. Відаць, гэта вынік той прыхільнасці з боку Уладзіміра Пуціна, якой ён раней карыстаўся. У траўні пагроза спрацавала, праз некалькі дзён кіраўнік групы Вагнэра заявіў, што яму паабяцалі даць любую колькасць боепрыпасаў, якую ён пажадае. Фактычна вагнэраўцы – аўтары невялікіх, але ўсё ж поспехаў расейцаў на фронце. Калі б не яны, Маскве не было б чым пахваліцца, акрамя дасягненняў першых дзён вайны.

Такім чынвам, Прыгожын даволі ўмела знайшоў сваё месца ў агрэсіўнай вайне Масквы супраць Украіны. Ён дапаўняў дзейнасць расейскай арміі і не спрабаваў яе замяніць цалкам. Напрыклад, ён не заяўляў, што захопіць Кіеў ці Харкаў са сваімі наймітамі, калі калі гэтага не змогуць зрабіць Узброеныя сілы Расеі . Ён выбраў меншую мэту, за якую, аднак, змагаўся амаль год з велізарнымі стратамі. Расейская ж прапаганда падала ўзяцце Бахмуту амаль як уваход Чырвонай Арміі ў Берлін у 1945 годзе.

Аналітыка
Прыгожын у Растове, анансуе марш на Маскву. Што адбываецца? Спецэфір
2023.06.24 10:13

Нягледзячы на адкрыты ўдзел у вайне ва Украіне, група Вагнэра дагэтуль не зарэгістраваная ў Расеі. У канцы 2022 года зʼявілася акцыянернае таварыства «ЧВК Вагнер Центр» (абрэвіятура ў назве не расшыфроўваецца, хоць па-расейску азначае «частная военная компания») з адрасам у аднайменным бізнес-цэнтры Санкт-Пецярбургу. З лістапада 2022 года там працуе «Вагнер Центр», дзе ладзяцца рознага кшталту імпрэзы патрыятычнага і вайсковага характару для моладзі. Тут, у тым ліку, прайшоў студэнцкі марафон канструявання мадэляў беспілотнікаў, што выкарыстоўваліся на фронце. Хто ёсць акцыянерам кампаніі, невядома, а сфера яе дзейнасці настолькі шырокая, што ўключае і кансультаванне, і выданне кніг, і арэнду воднага ды паветранага транспарту. Яе прэзідэнт – Аляксей Тэнсін, які раней працаваў на заводзе «Калашников».

У чэрвені 2017 года група Вагнэра трапіла пад санкцыі ЗША за дзейнасць ва Украіне. Праз чатыры гады такую пастанову прыняў і Еўразвяз. Пасля поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны санкцыі супраць Прыгожына ўвялі, у тым ліку, Вялікая Брытанія, Канада і Аўстралія. У студзені 2023 года Вашынгтон абвясціў групу Вагнэра «міжнароднай злачыннай арганізацыяй», адказнай за ўдзел у вайне ва Украіне, масавыя забойствы, згвалтаванні, выкраданне дзяцей і катаванні ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы і Малі.

Аналітыка
Прыгожын – авантурыст, палітычны ледакол ці новы Мусаліні? У чым сэнс мяцяжу вагнэраўцаў
2023.06.25 19:30

Пётр Пагажэльскі belsat.eu

Стужка навінаў