Што такое штам і ці стане каронавірус больш смертаносным? Тлумачыць эпідэміёлаг


Новы штам каронавіруса – індыйскі – выявілі ў Беларусі 23 чэрвеня, а брытанскі штам прыйшоў у Беларусь яшчэ ў сакавіку. Навукоўцы пакуль не ведаюць усяго пра вірус SARS-CoV-2, які выклікае COVID-19, але добра ведаюць, як развіваюцца вірусы агулам.

Пра штамы вірусаў «Белсату» расказала Аліна Воўчанка – кандыдатка медычных навук, эпідэміёлаг.

Даведка
Аліна Воўчанка – кандыдатка медычных навук, эпідэміёлаг. Фота з архіву суразмоўніцы

Што такое штамы

Штам (або варыянт) віруса – чыстая культура вiруса, якая пайшла з адной віруснай часцінкі і мае уласцівасці, падобныя да іншых вірусаў таго ж віду і роду, але адрозныя ў некаторых генетычных або іншых уласцівасцях, «адзінка пазначэння» тлумачыць Воўчанка. На штамы падзяляюць і бактэрыі (напрыклад, кішачную палачку), і іншыя мікраарганізмы.

«Гэта адзін і той жа вірус, які адносіцца да пэўнага роду і выклікае пэўнае захворванне, – кажа экспертка. – Але ёсць адрозненні, праз якія вірус або бактэрыі могуць мець розныя ўласцівасці».

Гэтак, штамы віруса грыпу, як свіны ці птушыны, могуць выклікаць крыху розную клінічную карціну і маюць розную адчувальнасць да вакцынаў. Які штам грыпу будзе найбольш распаўсюджаны ў наступным сезоне, можна спрагназаваць. Гэтым займаецца цэлая сетка даследчых інстытутаў. Па выніках іх маніторынгу ствараюцца сезонныя вакцыны. А, напрыклад, вірус гепатыту C, вельмі зменлівы: нават у межах аднаго арганізму ён можа так часта змяняцца, што кажуць нават не пра штамы, а пра квазівіды. Праз гэта, адзначае эпідэміёлаг, немагчыма зрабіць стабільную вакцыну супраць яго.

Брытанскі, індыйскі… Колькі ўсяго штамаў?

Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) дала асноўным штамам віруса SARS-CoV-2 назвы літараў грэцкага алфавіту: «Альфа», «Бэта» і гэтак далей, агулам 11 літараў. Штотыднёвыя справаздачы WHO публікуе тут, справаздача пра штамы за мінулы тыдзень тут. Еўрапейскі цэнтр прафілактыкі і кантролю хваробаў (ECDC) публікуе спіс трох дзясяткаў родаў віруса з рознымі дадатковымі мутацыямі.

Людзі стаяць у чарзе на атрыманне вакцын супраць коронавируса. Іпіялес, Нарына, Калумбія. 24 чэрвеня 2021 года.
Фота: Camilo Erasso / Zuma Press / Forum

Якія штамы каронавіруса найбольш распаўсюджаныя ў Беларусі, Міністэрства аховы здароўя не паведамляе. У Еўропе на момант публікацыі дамінуе выяўлены ў Вялікай Брытаніі штам «Альфа» (род B.1.1.7). Распаўсюдзіўся выбухамі па Еўропе таксама яго варыянт з мутацыяй (B.1.1.7+E484K), якому не далі асобнай літары. Шырока распаўсюдзіліся ў еўрапейскай папуляцыі штамы «Бэта» (выяўлены ў Паўднёвай Афрыцы), «Гама» (выяўлены ў Бразіліі) і «Дэльта» (выяўлены ў Індыі). Гэтыя штамы адносяць да тых, якія выклікаюць найбольшую трывогу еўрапейскіх навукоўцаў («variants of concern»).

Яшчэ сем штамаў («Эта», «Эпсілан», «Тэта», «Капа» і тры бязлітарныя) адносяцца да тых, што выклікаюць асаблівы інтарэс навукоўцаў («variants of interest»): пра іх вядома яшчэ не так шмат, але ёсць падставы меркаваць, што яны могуць шырока распаўсюдзіцца і моцна паўплываць на эпідэмічную сітуацыю. Як мінімум па адным сполаху захворванняў выклікаў яшчэ 21 варыянт віруса, але пра гэтыя варыянты вядома мала, яны пад назіраннем навукоўцаў («variants under monitoring»).

Чым адрозніваюцца штамы

Што важна: пакуль навукоўцы не выявілі штамаў, адносна якіх тэсты на каронавірус менш дакладныя, і не выявілі штамаў, якія змяншаюць эфектыўнасць асноўных вакцынаў адносна цяжкага працякання хваробы (дакладных звестак пра «Спутнік V» няма). Але пра некаторыя штамы яшчэ няма поўных звестак.

Усе Шштамы з «групы трывогі» маюць заўважна большую заразлівасць, некаторыя штамы ўдвая больш заразныя за «арыгінальны» SARS-CoV-2. Некаторыя прыводзяць да часцейшай шпіталізацыі ды напалову большай смяротнасці, некаторыя менш адчувальныя да вакцынаў і імунітэту ад папярэдняга заражэння. Ад некаторых мяняюцца сімптомы хваробы.

Людзі чакаюць, каб атрымаць дозу вакцыны AstraZeneca. Нью-Тайбэі, Тайвань. 25 чэрвеня 2021 года.
Фота: ANN WANG / Reuters / Forum

Індыйскі штам «Дэльта», які нядаўна выявілі ў Беларусі, падобна, значна (ці не ўтрая) больш заразны і выклікае больш шпіталізацыяў за «арыгінальны» SARS-CoV-2, але хіба толькі мінімальна зніжае эфектыўнасць вакцынаў (праўда, нават сярод вакцынаваных здараюцца смяротныя вынікі – раз на колькі тысяч выпадкаў хваробы). Найбольш змяншае эфектыўнасць вакцынаў супраць заражэння (але не супраць цяжкага працякання хваробы) паўднёваафрыканскі штам «Бэта», значна павялічвае заразлівасць смяротнасць брытанскі штам «Альфа» (які цыркулюе ў Беларусі з вясны).

Ці будуць новыя небяспечныя штамы

Навукоўцы не могуць прадказаць, як пойдуць мутацыі віруса, а могуць толькі засяродзіцца на зборы звестак і тэстах, каб ведаць клінічную карціну кожнага штаму, распрацоўваць стратэгіі лекавання і прафілактыкі.

«Сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй новая, мы можам толькі назіраць і рэагаваць – востра і хутка – на тую сітуацыю, што ўзнікае, – кажа Аліна Воўчанка. – У дактароў замала звестак, каб рабіць прагнозы. Але, мяркуючы па тым, што за год ужо вядома каля дзясятка розных штамаў, можна рабіць выснову, што вірус мутуе».

Мы пераможам?

Як толькі насельніцтва на вялікай тэрыторыі будзе мець высокую долю людзей з антыцеламі да каронавіруса, эпідэмічны працэс знізіцца ці наагул спыніцца, будзе калектыўны імунітэт. Калі застанецца толькі некалькі носьбітаў віруса, то ён страціць магчымасць размнажацца. Колькі дакладна адсоткаў насельніцтва з антыцеламі трэба для калектыўнага імунітэту ад SARS-CoV-2, пакуль невядома. Як і тое, наколькі доўга трывае імунітэт і як часта давядзецца праводзіць перавакцынацыі.

Мужчына прыціскае кавалачак ваты да месца ін’екцыі. Калінінград, Расія. 23 чэрвеня 2021 года.
Фота: Віталь Невар / TASS / Forum

Аліна Воўчанка кажа, што для перамогі над каронавірусам патрэбная высокая доля людзей з імунітэтам, каб вірус не меў магчымасці выклікаць захворванняў, але з каронавірусам можа паўтарыцца тое, што цяпер адбываецца з грыпам:

«Вірус грыпу існуе пастаянна ў папуляцыі людзей у міжэпідэмічны перыяд, але ў большасці пасля хваробы захоўваецца імунітэт. У віруса, калі ён трапляе ў арганізм высокаімуннага чалавека, ёсць практычна толькі два выйсці: або ён падладжваецца і зніжае фактары вірулентнасці, пераўтвараецца у малавiрулентны вырыянт – або гіне ад імуннай атакі. Вірус не мае магчымасці «расслабіцца», стаць больш агрэсіўным і распачаць хваробу. Ён сядзіць, вобразна кажучы, на дыеце, вымушаны пастаянна хавацца. І так ён становіцца малавірулентным штамам.

Імунітэт да віруса грыпу трывае каля 9 месяцаў, таму шторазу мы мусім праводзіць вакцынацыю. Бо, як толькі імунітэт ад грыпу зніжаецца, вірус можа трапіць да чалавека з сярэдненькім імунітэтам і пастанавіць: во, можна паспрабаваць стаць больш агрэсіўным, размножыцца, выклікаць хваробу, можа, удасца. Калі ў ланцугу перадачы віруса трапіць чалавек з слабым імунітэтам, новыя ўласцівасці віруса замацуюцца, будзе перадавацца больш злосны высокавірулентны штам. А калі праз раз, праз два будзе трапляць чалавек з высокім узроўнем імунітэту, вірусу давядзецца зноў станавіцца незаўважным для імуннай сістэмы, хвароба не будзе выклікацца».

Я хачу, каб гэты вірус знік. Што мне рабіць?

«Тое, на чым усе людзі мусяць засяродзіцца, дык на захадах прафілактыкі: яны аднолькавыя для ўсіх штамаў віруса, – кажа адмыслоўца. – Усе захады прафілактыкі, якія ёсць, трэба выконваць. Нягледзячы на спёку. Нягледзячы на тое, што стаміліся. Нягледзячы на тое, што сілаў няма і хочацца забыць. Тое, што індыйскі штам больш вірулентны, значыць, што нам трэба зноў напружыцца.

Супрацоўнік паліцыі звяртае ўвагу пасажыраў, калі яны сочылі за выкананнем эпідемічных патрабаванняў ва ўмовах пандэміі COVID-19. Новасібірск, Расія. 25 чэрвеня 2021 года.
Фота: Кірыл Кухмар / TASS / Forum

Спадзяюся, сацыяльная дыстанцыя калі-небудзь стане непатрэбнай, але цяпер мы мусім яе выконваць і пазбягаць масавых імпрэзаў. Калі практычна немагчыма пазбягаць родных і блізкіх, то масавыя зборы людзей – гандлёвыя цэнтры, фуд-корты, святы, вяселлі – варта абыходзіць. Будзе вельмі сумна хварэць летам, асабліва ў сезон адпачынкаў. І калі ў нас ёсць напружанасць з забяспечанасцю кадрамі ў ахове здароўя, зусім непрыемна будзе захварэць тады, калі не будзе каму лекаваць».

АА belsat.eu

Стужка навінаў