Жонка палітвязня Паўла Севярынца трапіла на спатканне да мужа пасля суду, на якім яе мужа асудзілі на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
На спатканні Вольга Севярынец даведалася, што мужа цэлы дзень трымалі ў халодным «адстойніку» – невялікім памяшканні, дзе людзей трымаюць перад транспартаваннем і дзе звычайна не хапае месца нават каб сесці. Гэта, кажа Вольга, было пакараннем за тое, што Павел Севярынец і іншыя падсудныя на судзе гукалі «Верым! Можам! Пераможам!».
Паўла Севярынца асудзілі на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў», хоць затрымалі яго яшчэ 7 чэрвеня 2020 года, калі выбарчыя пратэсты не пачаліся. Разам з ім судзілі актывістаў, затрыманых у іншы час і з розных прычынаў, аднак іх справы аб’ядналі ў адну.
Каардынатару «Еўрапейскай Беларусі» Яўгену Афнагелю і актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Андрэю Войнічу прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Паўлу Юхневічу і Максіму Вінярскаму, блогеру Дзмітрыю Казлову (Шэры Кот) – па 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, рэдактарцы Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь» Ірыне Шчаснай – 4 гады агульнага рэжыму.
АА belsat.eu