Польшча, Латвія, Літва, Славакія, Фінляндыя, Чэхія і Швецыя закрылі сваё неба для Беларусі. Хто яшчэ


Пасля захопу самалёта «Ryanair» у Беларусі 23 траўня шэраг краінаў адрэагаваў забаронай палётаў над Беларуссю або забаронай беларускім самалётам выкарыстоўваць сваю паветраную прастору.

Менскі аэрапорт.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Рашэнне Саміту Еўразвязу аб забароне беларускім авіякампаніям палётаў у Еўразвяз не ўхваленае канчаткова – яго яшчэ маюць зацвердзіць міністры краінаў альянсу. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі склікае 27 траўня тэрміновае паседжанне праз сітуацыю ў Беларусі.

Аднак раней прымаць беларускія рэйсы самастойна адмовіліся Вялікая Брытанія і Францыя, а Ўкраіна спыніла ўсе авіяцыйныя зносіны з Беларуссю. Літва спачатку закрыла паветраную прастору для самалётаў, якія пралятаюць над Беларуссю і прылятаюць у Літву ці вылятаюць з яе і збіраюцца пралятаць над Беларуссю.

Абноўлена
Самалёт «Белавіі» кружляў над Берасцейшчынай. Польшча растлумачыла, што гэта было
2021.05.26 16:19

Абноўлена. Вечарам 26 траўня Рада міністраў Польшчы прыняла забарону на выкарыстанне паветранай прасторы для самалётаў беларускіх авіяперавознікаў.

Абноўлена. Пазней вечарам Славакія забараніла беларускім авіялініям выкарыстанне сваёй паветранай прасторы, у тым ліку для транзіту, як «выразны адказ на непрымальныя дзеянні і парушэнні правілаў беларускім рэжымам».

26 траўня ўрад Літвы прыняў рашэнне ад 3 гадзінаў ночы 27 траўня цалкам забараніць беларускім авіякампаніям доступ у паветраную прастору Літвы, нават транзітам, расказаў у Twitter міністр транспарту Літвы.

Таксама 26 траўня Рада дзяржаўнай бяспекі Чэхіі вырашыла прыпыніць працу «Белавія» ў краіне.

«Белавія» ў адказ скасавала палёты ў Фінляндыю і Чэхію. Рэйсы ў Чэхію і Фінляндыю скасавалі да 30 кастрычніка, хоць спачатку паведамлялі, што ў Чэхію скасоўваюць рэйсы толькі да 30 чэрвеня.

Фінскае Агенцтва транспарту і сувязі адклікала дазвол «Белавія» на палёты ў Фінляндыю.

Шведскае транспартнае агенцтва скасавала дазвол на палёты «Белавія» ў Швецыю і назвала рашэнне «прафілактычным», бо ў агенцтве «не бачаць гарантыі бяспекі», а бяспека пасажыраў «перадусім».

Урад Латвіі вечарам 25 траўня ўвёў абмежаванне выдачы дазволаў на палёты для зарэгістраваных у Беларусі авіяперавознікаў. Таксама аэрапорты краіны не будуць абслугоўваць самалёты іншых краінаў, якія выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі.

Аб’ектыў
Неба Еўразвязу закрываецца для Беларусі
2021.05.25 23:00

Аблятаць Беларусь без загадаў ураду пачалі самалёты доўгага шэрагу авіякампаніяў, у ліку якіх «Austrian Airlines», «Singapore Airlines», польская «LOT», нямецкая «Lufthansa», вугорская «WizzAir», кіпрская «AviaSolutions», японская «All Nippon Airways», іспанская «Iberia» і іншыя.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што скасаванне авіярэйсаў цяпер не дае іншаземцам вярнуцца на радзіму, але пацярпелым параіў звяртацца ў свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы.

23 траўня самалёт «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю аб «мініраванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. У Менску затрымалі прынамсі двух пасажыраў: блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Сафію Сапегу. Астатніх пасажыраў адпусцілі пад вечар. Гендырэктар «Ryanair» назваў перанакіраванне самалёта ў Менск «дзяржаўным пірацтвам», прэм’ер-міністр Польшчы – «дзяржаўным тэрарызмам». Нямеччына асудзіла ў тым ліку відэа з «прызнаннем палоннага» Пратасевіча.

Hавiны
«Ганебны напад на іншадумства». Байдэн – пра захоп рэйсу «Ryanair» і арышт Пратасевіча
2021.05.25 09:22

АА belsat.eu

Стужка навінаў