Дзяўчыну затрыманага журналіста Рамана Пратасевіча, грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу падазраюць па двум артыкулам крымінальнага кодэксу, піша «Новая газета» са спасылкай на сваю крыніцу.
Суразмоўца «Новай газеты» кажа, што дзяўчыну падазраюць па ч.1 арт. 293 КК Беларусі («Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай») і ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне работы транспарту»).
Па дадзеных крыніцы Соф’ю дапыталі ў прысутнасці дзяжурнага адваката ў Галоўным следчым упраўленні Следчага камітэту, а пасля перавялі з ізалятара на Акрэсціна ў СІЗА КДБ. Яе абаронцу Аляксандра Філановіча да допыту не дапусцілі.
Па слова беларускага адваката, на працягу 10 дзён дзяўчыне павінны прадʼявіць абвінавачванні або адпусціць.
Раней праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з Сафіяй, на якім яна, нібыта, прызнаецца ў адміністраванні канала «Чёрная книга Беларуси», прызнанага экстрэмісцкім. Аднак па інфармацыі крыніцы, запіс быў пастановачнай аператыўнай здымкай, а ў прысутнасці адваката дзяўчына не давала паказанняў аб адміністраванні тэлеграм-каналу.
Родным Соф’і пакуль не раскрываюць падрабязнасцяў справы. Айчым дзяўчыны распавёў, што яна зʼехала з Беларусі адразу пасля жнівеньскіх выбараў прэзідэнта, калі ў краіне пачаліся пратэсты. Ён запэўнівае, што Соф’я не цікавілася палітыкай, а з Раманам Пратасевічам пазнаёмілася ў студзені 2021, калі той ужо сышоў з каманды тэлеграм-канала NEXTA.
Увечары 25 траўня стала вядома, што прадстаўнік амбасады Расеі ў Беларусі атрымаў доступ да сваёй грамадзянкі.
Між тым расейскі грамадскі дзеяч Максім Кац стварыў петыцыю з патрабаваннем вызваліць Соф’ю Сапегу.
АД, belsat.eu