«Гатовыя прымяніць веды на практыцы». Беларускія вайскоўцы вучыліся абыходжанню з ядравай зброяй у Расеі


Беларускія ракетчыкі завяршылі рыхтаванне да ўтрымання і прымянення тактычных спецыяльных боепрыпасаў для аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр-М» на адным з палігонаў Узброеных сілаў Расеі, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Скрыншот з відэа: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Асаблівая ўвага падчас навучання надавалася ўдасканаленню практычных навыкаў у рыхтаванні ракетнага комплексу «Іскандэр-М» да прымянення, трэнаванню ў яго разгортванні, а таксама правядзенню навучальна-баявых пускаў.

«У рамках планавай падрыхтоўкі асабовага складу ракетных войскаў у Рэспубліцы Беларусь нашыя ракеты на адным з палігонаў Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі прайшлі поўны цыкл навучання для эксплуатацыі і прымянення аператыўна-тактычнага комплексу «Іскандэр-М», – распавядае вайсковец у відэароліку Міністэрства абароны. – Гэта дазволіла нам не толькі палепшыць свае практычныя навыкі, але і засвоіць новыя спосабы прымянення дадзенага ракетнага комплексу».

Рыхтаванне ўключала ў сябе як тэарэтычны курс, так і практычныя заняткі пад кіраўніцтвам расейскіх інструктараў. Беларусы дэталёва вывучылі ўтрыманне і прымяненне тактычных ядравых набояў.

«Заключным этапам сталі баявыя пускі па прызначаных цэлях, якія ўсе былі збітыя. Атрыманыя намі веды і ўменні мы гатовыя і здольныя прымяніць на практыцы для запэўнівання ваеннай бяспекі як нашай краіны, так і Саюзнай дзяржавы ў цэлым», – рэзюмуе вайсковец у відэароліку.

Гэта не першы ролік, у якім беларускі вайсковец кажа пра гатовасць прымяніць ядравую зброю. Амаль тое самае каля двух тыдняў таму казаў ананімны лётчык на відэароліку Міністэрства абароны да навіны пра заканчэнне рыхтавання беларускіх пілотаў штурмавікоў Су-25 да прымянення тактычнай ядравай зброі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў