У гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС у Вільні адбыўся традыцыйны для Беларусі, але цяпер немагчымы там «Чарнобыльскі шлях».
Акцыю зарганізавала экалагічная арганізацыя «Экадом» у партнёрстве з фондам дапамогі беларусам у Літве «Razam», Офісу Святланы Ціханоўскай ды іншых беларускіх грамадскіх арганізацыяў. Супольна з Вільняю «Чарнобыльскі шлях» ладзяць беларусы Нью-Ёрку, Варшавы і Кракава.
«Чарнобыльскі шлях» пачаўся з мітынгу на Лукішскай плошчы, дзе выступілі грамадскія дзеячы Літвы і Беларусі. У мітынгу ўзялі ўдзел каля 150 чалавек. Удзельнікі трымалі ў руках плакаты з антыядравымі і антываеннымі лозунгамі ды чорныя парасоны з надпісамі «Не вайне!», «Не АЭС!», «Атамная энергетыкі – не, дзякуй!». Прадстаўнікі «Экадому» раздавалі ахвочым бел-чырвона-белыя і блакітна-жоўтыя стужкі, шмат хто прыйшоў са сланечнікамі.
А 18:00 акцыя стартавала, першы выступіў мужчынскі хор «Унія», праспяваўшы гімн БНР «Ваяцкі марш», «Пагоню» ды іншыя творы.
Наступны выступовец, Жыгімантас Павілёніс, чалец Сейму Літвы, падкрэсліў, што трэба зрабіць усё, каб ваенныя злачынцы Лукашэнка і Пуцін сышлі, і толькі так можна развязаць праблему атаму, спыніць Астравецкую станцыю. Ён запэўніў: літоўцы зробяць усё, каб ніхто не забыў, што Беларусь цяпер пад акупацыяй, і Сейм Літвы быў першым, хто прызнаў гэта ў Еўропе. Беларусь – гэта Еўропа, і за гэта трэба змагацца, як змагаўся Каліноўскі, пра якога ён таксама згадаў у прамове.
Аляксандр Дабравольскі, дарадца Святланы Ціханоўскай, распавёў пра свае ўспаміны, пра першыя дні пасля чарнобыльскай катастрофы і падкрэсліў, што гісторыя паўтараецца: цяпер, як і тады, усім кіруе Масква, праз што пакутуе і Беларусь, і Украіна.
Выступоўцы згадалі палітычных вязняў, сярод якіх таксама ёсць і вясноўцы, прадстаўнікі арганізацыі, якая сёння адзначае свой дзень нараджэння.
«Сямёра прадстаўнікоў «Вясны» сядзяць за кратамі, і мы павінны помніць пра іх, працягваць пісаць ім лісты, выказваць ім сваю падтрымку і ўдзячнасць», – падкрэсліла вядоўца Сабіна Аліева.
Прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Дзіяна Пінчук нагадала ўсім, як і калі ўзнікла гэтая арганізацыя:
«26 красавіка 1996 года ўлады жорстка разагналі шматтысячны «Чарнобыльскі шлях – 96» і затрымалі больш за 200 чалавек. У той жа дзень грамадскія актывісты аб’ядналіся, каб дапамагаць сем’ям зняволеных, гэтак узнік праваабарончы цэнтр «Вясна». Цягам 26 гадоў вясноўцы працягваюць абараняць правы і адстойваць інтарэсы пацярпелых на нацыянальным і міжнародным узроўні. Свабоду праваабаронцам «Вясны», свабоду палітвязням!»
Прадстаўніца грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірына Сухій зачытала рэзалюцыю «Чарнобыльскага шляху».
Затым у суправаджэнні паліцыі ўдзельнікі «Чарнобыльскага шляху» прайшліся шэсцем па праспекце Гедзіміна да помніку «Маці Чарнобылю» ў парку Сапегі. Каля помніку ўдзельнікі шэсця ўсклалі кветкі і запалілі знічы. Акцыя скончылася хвілінаю маўчання па ахвярах Чарнобылю.
Ганна Русінава belsat.eu