Галоўнага рэдактара «Intex-press» аштрафавалі за інтэрв’ю з Ціханоўскай

Галоўны рэдактар баранавіцкага выдання «Intex-press» Уладзімір Янукевіч атрымаў штраф за інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай.

Сёння, 26 красавіка, у Баранавічах суд разгледзеў адміністратыўную справу ў дачыненні галоўнага рэдактара «Intex-press» Уладзіміра Янукевіча за «парушэнне заканадаўства аб СМІ». Нагодай стала апублікаванае на сайце 13 красавіка інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай.

Уладзімір Янукевіч. Фота: Станіслаў Коршунаў / TUT.by

Уладзіміра Янукевіча выклікалі ў суд як уладальніка сайту «Intex-press», на якім была размешчаная электронная версія матэрыялу. Яго абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства аб СМІ – ч. 5 арт. 23.5 КаАП: «Распаўсюд уладальнікам інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена на інтэрнэт-рэсурсах у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі», перадае TUT.by.

Яму далі максімальна магчымае для фізічнай асобы пакаранне – 20 базавых штрафу (580 рублёў).

Таксама адміністратыўны працэс распачалі ў дачыненні юрыдычнай асобы «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» за друкаваную версію інтэрв’ю з Ціханоўскай – паводле ч. 4 арт. 23.5 («Распаўсюд СМІ інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае»).

Нумары газеты «Intex-press»

Выдавецтву пагражае да 200 базавых (5800 рублёў) штрафу для юрыдычнай асобы. Гэты матэрыял будзе разглядаць эканамічны суд Берасцейскай вобласці. Дата паседжання пакуль не прызначаная.

Акрамя таго, па факце публікацыі матэрыялу праводзіцца праверка паводле арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).

Улады хочуць пакараць рэдактара «Intex-press» за інтэрв’ю з Ціханоўскай

АД, belsat.eu

 

Hавiны