Вайна ідзе месяц ці 8 гадоў? Што трэба ведаць пра гісторыю расейска-ўкраінскага канфлікту


Мінуў месяц пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну, аднак насамрэч канфлікт паміж Расеяй і Украінай цягнецца ўжо 8 гадоў. Belsat.eu распавядае, як разгортвалася гібрыдная фаза расейска-ўкраінскай вайны і што азначалі Менскія дамоўленасці, якія «замарозілі» канфлікт на 7 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сябры народнай міліцыі Крыму перад патруляваннем тэрыторыі падчас рыхтавання да першай гадавіны крымскага рэферэндуму аб аддзяленні ад Украіны і далучэнні да Расеі ў Сімферопалі. 13 сакавіка 2015 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Ад якіх падзеяў трэба весці адлік расейска-ўкраінскага канфлікту?

Інтэрвенцыя супраць Украіны распачалася раніцаю 27 лютага 2014 года, калі расейскі спецназ захапіў будынкі дзяржаўных органаў Аўтаномнай Рэспублікі Крым у Сімферопалі. Пасля гэтага быў створаны марыянеткавы прарасейскі ўрад на чале з Сяргеем Аксёнавым, які звярнуўся да Крамля па «спрыянне ў забеспячэнні міру і спакою». 1 сакавіка 2014 года на пазапланавым паседжанні Савету Федэрацыі было пастаноўлена выкарыстаць расейскія Узброеныя сілы на тэрыторыі Украіны.

Крым быў узяты пад кантроль расейскімі вайскоўцамі, украінская армія не супраціўлялася. Анексія паўвыспы адбылася амаль бяскроўна.

Паралельна пачаліся прарасейскія пратэсты на паўднёвым усходзе Украіны, якія актыўна распальваліся з Расеі, суправаджаліся захопам адміністрацыйных будынкаў і вулічнымі сутыкненнямі.

У ноч на 12 красавіка 2014 года ўзброеная група баевікоў пад кіраўніцтвам Ігара Стралкова-Гіркіна мінула расейска-ўкраінскую мяжу, уварвалася ў Славянск і захапіла будынак мясцовай міліцыі. Зброю з арсеналаў сілавікоў яны раздалі мясцовым сепаратыстам, часам проста люмпенам. Уварванне групоўкі Стралкова-Гіркіна прымусіла Кіеў пайсці на рашучыя захады: 13 красавіка 2014 года выканальнік абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў падпісаў загад аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі. У той жа дзень пралілася першая кроў: супрацоўнікі СБУ трапілі ў засаду каля Славянску. Адзін украінскі сілавік быў забіты, некалькі атрымалі раненні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Атрад самаабароны Крыму з шчытамі ахоўвае помнік Леніну.
Фота: mevamevo / livejournal.com

Менавіта падзеі 13 красавіка 2014 года можа лічыць пачаткам канфлікту на Данбасе. Пазней Стралкоў-Гіркін прызнаваўся, што «спускавы кручок вайны» націснуў менавіта ён – інакш на Данбасе ўсё скончылася б, як у Харкаве ці Адэсе, то бок без узброенага супрацьстаяння.

Што адбывалася на Данбасе ў першыя месяцы канфлікту?

У пачатку траўня 2014 года сепаратысты правялі псеўдарэферэндум аб самавызначэнні самаабвешчаных рэспублік – «ЛНР» і «ДНР». Гэтая акцыя выглядала настолькі непераканаўча, што нават Расея не прызнала незалежнасці «ЛНР» і «ДНР»: у Маскве наважыліся на гэта толькі праз 8 гадоў.

Імаверна, у Крамлі тады разлічвалі на сапраўднае прарасейскае паўстанне на паўднёвым усходзе Украіны, але нічога падобнага не адбылося. Той жа Стралкоў-Гіркін наракаў у траўні 2014 года, што на ўсю Данецкую вобласць не знайшлося і тысячы мужчынаў, якія былі б гатовыя ваяваць за «русский мир». Таму стаўка была зробленая на сілы з Расеі. Пад уплывам расейскай прапаганды, якая выдумвала «ўкрыжаваных хлопчыкаў», тысячы расейцаў (дый сотні беларусаў) паехалі на Данбас ваяваць супраць Украіны. Хтосьці ехаў самастойна, а некаторыя групы баевікоў адмыслова рыхтаваліся ў трэнавальных цэнтрах у Расеі, а потым арганізавана закідваліся на ўкраінскую тэрыторыю. Баевікоў Расея забяспечвала зброяй, тэхнікай, боепрыпасамі і наагул усім неабходным.

Але стварыць такім чынам баяздольную армію ўсё роўна не ўдавалася. У цэлым дысцыпліна ў прарасейскіх атрадах была нізкая, панавала атаманшчына. Многія абаронцы «русского мира» бралі ў рукі зброю, толькі каб мець магчымасць бяскарна рабаваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Узброены мужчына з георгіеўскай стужкай ля будынку Славянскага гарсавету. 14 красавіка 2014 года.
Фота: Yevgen Nasadyuk / Facebook

Украінская армія ў 2014 годзе была вельмі слабая, але нават у такім стане яна перамагала групоўкі «ДНР» і «ЛНР». У пачатку чэрвеня 2014-га былі вызваленыя Славянск і Краматорск. Бліжэй жніўня паўстала рэальная пагроза поўнай ліквідацыі сепаратысцкіх утварэнняў. Каб выправіць сітуацыю, Расея таемна накіравала на Данбас сваю армію. Менавіта гэта дазволіла пераламаць сітуацыю і адкінуць украінскае войска.

Таемнае ўварванне расейскай арміі

Маштабы ўдзелу расейскай арміі ў вайне на Данбасе ў 2014–2015 гадах нельга параўнаць з маштабамі цяперашняга ўварвання. Тым не менш Расея задзеяла там даволі значную групоўку. На Данбасе ваявалі падраздзяленні дэсантнікаў, марской пяхоты, мотастралковыя і танкавыя часткі.

У канцы жніўня 2014-га рота 76-й пскоўскай дывізіі паветрана-дэсантных войскаў была знішчаная каля Георгіеўкі, трапіўшы пад агонь украінскай артылерыі. Загінулых расейскіх вайскоўцаў хавалі на радзіме таемна, нават без таблічак на магілах. Група кастрамскіх дэсантнікаў каля сяла Дзэркальнае наагул трапіла ў палон да ўкраінцаў. Расейскі бок тады сцвярджаў, што яны проста заблукалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жыхары Светладарску збіраюцца на цэнтральнай плошчы для эвакуацыі ў Славянск. 14 лютага 2015 года.
Фота: Konstantin Bunovsky / TASS / Forum

У баях каля Дэбальцава ў 2015 годзе брала ўдзел 5-ая асобная танкавая брыгада з Бураціі. Рэпартаж пра абгарэлага бурацкага танкіста тады апублікавала расейская «Новая газета», матэрыял меў вялікі рэзананс. Вобраз бурацкага танкіста на Данбасе пераўтварыўся ў трагікамічны мэм, які сімвалізуе абсурдную спробу схаваць ад усяго свету відавочны ўдзел Расеі ў канфлікце.

Аднак афіцыйна Масква заўсёды катэгарычна адмаўляла ўдзел сваёй арміі ў вайне на Данбасе, а звесткі пра страты Уладзімір Пуцін засакрэціў адмысловым указам.

Галоўныя бітвы 2014–2015 гадоў

Менавіта нечаканы ўдар кадравых расейскіх падраздзяленняў у жніўні 2014 года прывёў да таго, што каля гораду Ілавайск (Данецкая вобласць) украінская армія трапіла ў «кацёл». На ініцыятыву Масквы быў арганізаваны «гуманітарны калідор» для выхаду акружаных частак, але гэта была пастка: украінскія падраздзяленні ў гэтым калідоры расстрэльваліся расейцамі, як у ціры. Паводле афіцыйных звестак вайсковай пракуратуры Украіны, у тых баях загінулі 459 украінскіх байцоў. Следчая камісія Вярхоўнай Рады ацаніла агульныя страты на тысячу чалавек. Гэта была самая страшная параза ўкраінскай арміі за ўсю вайну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паўстанцы, якіх падтрымлівае Расея, пазуюць ля дарожнага знаку на заездзе ў Дэбальцава, Украіна. 20 лютага 2015 года.
Фота: Vadim Ghirda / AP / East News

Яшчэ адно паражэнне (але значна меней цяжкае) расейская армія пры дапамозе падраздзяленняў баевікоў «ДНР» нанесла Украіне ў студзені – лютым 2015 года каля Дэбальцава. У бітве бралі ўдзел тысячы байцоў з абодвух бакоў, масавана выкарыстоўвалася артылерыя і танкі. Дэбальцаўскі плацдарм Украіна была вымушаная здаць, але новага «катла» ўдалося пазбегнуць.

Незадоўга да пачатку бітвы за Дэбальцава падраздзяленні баевікоў «ДНР» захапілі Данецкі аэрапорт, які ўкраінскія вайскоўцы абаранялі цягам 240 дзён, з траўня 2014-га. Нягледзячы на тое, што фармальна ў гэтых баях перамаглі прарасейскія сілы, абарона лётнішча сталася сапраўдным сімвалам гераізму і адвагі ўкраінцаў. Аэрапорт называлі ўкраінскімі Тэрмапіламі і данбаскім Домам Паўлава, а яго абаронцаў за стойкасць – кібаргамі. У 2017-м ва Украіне знялі фільм «Кібаргі», прысвечаны тым падзеям: стужка мела рэкордныя зборы ва ўкраінскім кінапракаце.

Аналітыка
Лічбы вайны: якія страты зазналі Украіна і Расея за месяц баявых дзеянняў
2022.03.24 11:49

Менскія дамоўленасці

5 верасня ў сталіцы Беларусі быў падпісаны так званы Менскі пратакол, які прадугледжвае спыненне агню на тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласцяў. Дакумент з боку Украіны падпісаў экс-прэзідэнт Леанід Кучма, з боку РФ – амбасадар ва Украіне Міхаіл Зурабаў, з боку АБСЕ – Гайдзі Тальявіні. 19 верасня пагадненне аб замірэнні было замацаванае падпісаннем Менскага мемарандуму.

Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю як Першыя менскія дамоўленасці, або Менск-1. Гэта забяспечыла чатырохмесячную паўзу ў канфлікце, але ў студзені 2015 года зноў пачалася эскалацыя. Што прывяло да падпісання 12 лютага Другіх менскіх дамоўленасцяў (Менск-2), якія і вызначалі сітуацыю на Данбасе аж да лютага 2022 года. Саміт у Менску, падчас якога было дасягнутае пагадненне, адбыўся ў так званым нармандскім фармаце: прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд. Яны падпісалі дэкларацыю за падтрыманне Комплексу захада для выканання Менскіх дамоўленасцяў.

Менскія дамоўленасці (Менск-1 і Менск-2) Украіна падпісвала вымушана, ва ўмовах паразаў каля Ілавайску і Дэбальцава. Пагадненні былі Кіеву нявыгадныя, бо дэ-факта абавязвалі ўкраінскія ўлады змірыцца з існаваннем «ЛДНР» і заканадаўча прапісаць асаблівы рэжым існавання гэтых тэрыторыяў у складзе Украіны. У Крамлі такім чынам разлічвалі ціснуць на Кіеў і ў выніку прымусіць Украіну ўзяць прарасейскі курс. Але дасягнуць гэтага не ўдалося: заканадаўчыя папраўкі ў тым выглядзе, на які разлічваў Крэмль, прынятыя ва Украіне не былі, а курс афіцыйнага Кіева прарасейскім не стаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка напярэдадні мірных перамоваў у нармандскім фармаце, што адбыліся ў Палацы Незалежнасці ў Менску. 11 лютага 2015 года.
Фота: Nikolai Petrov / BelTA / TASS / Forum

Масква сваю частку дамоўленасцяў выконваць нават не збіралася: замежныя (то бок расейскія) узброеныя фармаванні выведзеныя з Данбасу не былі, мяжу ў зоне канфлікту пад кантроль Украіны не перадалі, а мясцовыя выбары ў «ЛДНР» прайшлі не паводле ўкраінскіх законаў.

Фактычна менскія дамоўленасці наагул не маглі быць выкананыя, бо гэты дакумент не называў рэчаў сваймі імёнамі. У ім нічога не было сказана пра расейскае ўварванне і нават не згадваліся «ДНР» і «ЛНР» – ішлося толькі пра нейкія асобныя раёны Данецкай і Луганскай вобласцяў.

Насамрэч Менскія дамоўленасці былі патрэбныя проста як гарантыя «замарожвання» канфлікту, а не яго поўнага ўрэгулявання. Функцыю «замарожвання» Менск-2 выконваў 7 гадоў – да моманту, калі Расея прызнала незалежнасць «ДНР» і «ЛНР» ды неўзабаве пачала поўнамаштабнае ўварванне.

Hавiны
Злачынства без пакарання. Як Лукашэнка і ягоныя спецслужбы дазволілі баевікам «ЛДНР» вяртацца ў Беларусь
2020.06.28 16:29

Як развіваліся падзеі пасля 2015 года?

Пасля падпісання Менскіх пагадненняў вайна не скончылася. У 2015 і 2016 гадах яшчэ перыядычна ўспыхвалі даволі інтэнсіўныя лакальныя баі: сярод найбольш «гарачых пунктаў» вылучаліся Аўдзееўка, Ясінаватая і Пескі. Але маштабы баёў усё-ткі былі зусім іншыя. Цяжкае ўзбраенне амаль перастала выкарыстоўвацца. Вайна стала пазіцыйнаю.

Маштабы ды інтэнсіўнасць сутычак працягвалі зніжацца ўсе наступныя гады. Напрыклад, з ліпеня 2019 да ліпеня 2020 года ў выніку стралянінаў загінулі 88 украінскіх вайскоўцаў і 494 атрымалі раненні. А з ліпеня 2020 да ліпеня 2021 года – 45 і 154 адпаведна. Страты сярод цывільнага насельніцтва па абодва бакі фронту, паводле назіральнікаў АБСЕ, у 2020 годзе склалі 32 загінулых і 107 параненых, у 2021 годзе – 16 і 75 адпаведна. Пры гэтым варта ўлічваць, што ў звесткі АБСЕ залучаныя загінулыя і параненыя не толькі ў выніку абстрэлаў, але ў выніку спрацоўвання старых мінаў і боепрыпасаў.

Агулам, паводле звестак ААН, з вясны 2014 года да ліпеня 2021 года ў выніку вайны на Данбасе загінулі 13 200–13 400 чалавек. З іх не менш за 3390 цывільных і каля 4200 украінскіх вайскоўцаў.

Аналітыка
Слоўнік Пуціна. Якімі словамі Крэмль тлумачыць вайну з Украінай і што за гэтым стаіць
2022.03.07 18:53

РР belsat.eu

Стужка навінаў