Фатальная прывязка да Масквы. Лукашэнка трапіў як муха ў смалу

Беларускія ўлады зрабілі, на іхную мерку, шырокі жэст: Анджэліку Борыс, фігурантку «справы палякаў», перавялі з-за кратаў пад хатні арышт. На мінулым тыдні са следчага ізалятару выйшлі тры фігуранты «справы TUT.BY» (што распачала разгром найбуйнейшага недзяржаўнага медыя). Да 8 сакавіка Аляксандр Лукашэнка памілаваў некалькіх жанчын з ліку палітвязняў. Адкуль такі прыліў гуманізму? Для «Вот так» піша палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Не выключана, што Менск такім чынам пасылае сігналы Захаду. І калі гэта сапраўды так, дык рэч не ў тым, што вярхушка рэжыму раптам перакавалася. Проста жорсткая прывязка да Крамля, які сарваўся з шпулек, стала пагражаць беларускім уладам рэальнай катастрофай. А калі справа пахне порахам, Аляксандр Лукашэнка здольны на розныя трукі.

Іншая рэч, што цяпер сарвацца з крамлёўскага кручка практычна немагчыма.

Государственный флаг Беларуси, красно-зеленый флаг
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

КРЭМЛЬ ДОРАГА БЯРЭ З БЕЛАРУСКАГА ПРАВАДЫРА ЗА ВЫРАТАВАННЕ ФАТЭЛЮ

У 2008 годзе Лукашэнка змог ухіліцца ад прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Потым прызнаўся: Масква не пагадзілася праплаціць выдаткі. Тады такі гандаль ён яшчэ мог сабе дазволіць.

У 2014-м беларускі кіраўнік дыстанцыяваўся ад анексіі Крыму, уварвання «русского мира» на Данбас. Здолеў за кошт гэтага прыкметна паправіць адносіны з Захадам, пазбавіцца санкцыяў, прымераць тогу міратворца, стаў піярыць Менск як донара стабільнасці ў рэгіёне, замахнуўся нават на запуск новага Хельсінкскага працэсу.

Але 2020 год стаў пераломным. Магутныя пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў настолькі пахіснулі фатэль Лукашэнкі, ён так правіс у плане легітымнасці, што Крэмль стаў ягонай адзінай апорай. Магчыма, рэжым выстаяў тады менавіта дзякуючы таму, што яго правадыра падтрымаў Уладзімір Пуцін.

Мітынг у Беластоку з нагоды святкавання Дня Волі. 25 сакавіка 2022 г. Беласток, Польшча.
Фота: Белсат

Аднак плата за выратаванне сталася вельмі высокай. Масква прымусіла Лукашэнку падпісаць 28 саюзных праграмаў, якія жорстка прывязваюць беларускую эканоміку да расейскай. Найбольшыя ж саступкі былі зробленыя ў вайсковай сферы. Пад выглядам супольных вучэнняў Крэмль завёў у Беларусь свае войскі для ўдару па Кіеве. Так, насуперак волі народу, краіна стала саўдзельніцай агрэсіі.

Наконт волі народу – не проста патэтычныя словы. Паводле сацапытання, праведзенага сярод беларусаў-гараджанаў брытанскім даследчым цэнтрам Chatham House 5–14 сакавіка, толькі 3 % рэспандэнтаў лічаць, што Беларусь мусіць прыняць удзел у ваенных дзеяннях на баку Расеі.

ДЛЯ ЗАХАДУ ЁН УЖО МАРЫЯНЕТКА

Да пары да часу Лукашэнка, мабыць, лічыў, што злавіў бога за бараду. Абвясціўшы курс на «брацкую інтэграцыю», стаў атрымліваць, як іранізавалі каментатары, нафту і газ у абмен на пацалункі. Час ад часу нагадваў Крамлю, што мы, маўляў, у адных акопах гнілі, што азначала: для нас газ мае быць за значна ніжэйшыя кошты, чым для тых, хто гніў з іншай лініі фронту.

А яшчэ беларускі правадыр апантана кляўся, што пры патрэбе беларусы лягуць пад танкі NATO, каб не прапусціць іх у Маскву. Між тым браняваныя орды Ангелы Мэркель урывацца не спяшаліся, а энергарэсурсы за братэрскія цэны, выгадныя крэдыты ўсё цяклі, дазваляючы Лукашэнку лічыцца моцным гаспадаром, падымаць дабрабыт без «рабаўніцкіх» рэформаў.

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ў сітуацыйным цэнтры ў Крамлі назіраюць за вучэннямі і запускам балістычных і крылатых ракетаў.
Фота: Alexei Nikolsky / TASS / Forum

Але потым гэтая прыгажосць лопнула. У нейкі момант Крэмль запатрабаваў за субсідыі «паглыбленай інтэграцыі», што азначала паступовае здаванне спачатку эканамічнага, а далей і палітычнага суверэнітэту. Ну а потым расейскія генералы проста сталі выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю як свой плацдарм.

Сёння, на вялікі сорам сумленных беларусаў, з іхнай зямлі расейскія самалёты ўзлятаюць бамбіць Украіну, адсюль па ёй б’юць расейскія ракеты, адсюль частка расейскай групоўкі кароткай дарогай прарвалася да Кіева.

Беларускі галоўнакамандуючы на гэты працэс, мяркуючы з усяго, ніяк не ўплывае. Так што яму застаецца пераводзіць фокус на іншыя тэмы, паўтараць пра гатовасць да міратворчасці ды інш. Але, у адрозненне ад 2014 года, цяпер Захад ужо не ўспрымае яго як самастойную палітычную фігуру.

АВАНТУРА ПРАВАЛЬВАЕЦЦА

Аднак самае сумнае для Лукашэнкі ў тым, што авантура Пуціна відавочна правальваецца. Ягоная хваленая армія загразла на чужой зямлі, нарвалася на гераічны і да таго ж вельмі ўмелы супраціў, нясе велізарныя страты. Заходні свет увёў супраць Масквы небывалыя санкцыі, не забыўся і пра Беларусь як пра саўдзельніцу агрэсіі.

Лукашэнка на пачатку лютага заявіў, што вайна з Украінай калі і пачнецца, дык будзе доўжыцца тры-чатыры дні. Відаць, ён да апошняга не верыў у шырокамаштабнае ўварванне або разлічваў на бліцкрыг, з якога здыме вяршкі як саюзнік Крамля.

Рэальнасць аказалася іншай. Сёння ўжо відавочна, што ніякіх дывідэндаў ад саўдзелу ў вайне Менск не атрымае, а вось здабыць, мякка кажучы, непрыемнасцяў можа па самае не хачу. І ўжо адграбае: рэзка беларускі рубель дэвальваваўся, узніклі вялікія праблемы ў банкаў (некаторыя, як і расейскія, адключаныя ад SWIFT), пачалі спыняцца вытворчасці, па якіх санкцыі ўдарылі. Народ стаў размятаць з крамных паліцаў тавары першай неабходнасці. Антываенныя настроі пануюць нават сярод ладнай часткі цвёрдага электарату Лукашэнкі.

Аналітыка
Вайна ідзе месяц ці 8 гадоў? Што трэба ведаць пра гісторыю расейска-ўкраінскага канфлікту
2022.03.26 07:30

А калі яшчэ і паслаць беларускіх жаўнераў ва ўкраінскую мясакрутку (на чым, як лічыць шэраг аглядальнікаў, настойвае ці можа настаяць Пуцін), грамадства, таго і глядзі, закіпіць. Ды і салдаты могуць пачаць здавацца, каб не страляць ва ўкраінцаў. Таму Лукашэнка ўсяляк выкручваецца, паўтарае, што ягонаму войску трэба прыкрываць заходнюю мяжу, інакш падступныя натаўцы ўдараць у спіну расейскім збройным братам.

Ці надоўга хопіць гэтай адмазкі, застаецца толькі гадаць. У любым выпадку ўжо відавочна, што беларускі правадыр паставіў не на тую карту. Два анахранічныя рэжымы кінулі выклік развітому свету, і калі не здарыцца трэцяй сусветнай, гэта супрацьстаянне яны ў гістарычным плане напэўна прайграюць.

Лукашэнка з ягоным магутным інстынктам палітычнага выжывання і тут спрабуе манеўраваць. Выпуск некаторых палітвязняў, імаверна, ёсць спробай гульні з Захадам (у выпадку Анджэлікі Борыс – з Варшавай). Але калі людзей адпускаюць пад падпіску пра нявыезд, але не здымаюць абвінавачванняў, – гэта не Свабода. І потым, у турмах усё роўна застаецца больш за 1100 палітычных вязняў

Ён у двайны пастцы. Па-першае, супраць рэжыму маса людзей унутры краіны – гэта сціснутая спружына. Па-другое, моцна трымае за жабры Крэмль. І, падобна, гатовы пацягнуць з сабой на гістарычнае дно.

Рэжыму туды і дарога. Важна, каб у гэтай варонцы не патанула беларуская незалежнасць.

Аляксандр Класкоўскі для «Вот так»

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў