«У іх заўсёды ўва ўсім палякі вінаватыя». Што кажуць гарадзенцы пра антыпольскую кампанію

Выгнанне польскіх дыпламатаў, распальванне варожасці паводле нацыянальнай прыкметы, пагроза навучанню польскай мовы ў грамадскіх школах. Такая рыторыка і дзеянні ўладаў Беларусі адносна суседняй Польшчы і польскай меншасці на сучасным этапе. А што далей?

Пасля ператрусу ў сядзібе палякаў у Горадні. Ірэна Валюсь, віцэ-старшыня Саюзу палякаў. Горадня, 25 сакавіка. Фота: Белсат

Што адбываецца

Сумныя паведамленні пра стаўленне ўлады Лукашэнкі да польскай меншасці ў Беларусі апошнім часам нарастаюць, як снежны ком.

Пракуратура распачала крымінальную справу па факце здзяйснення групай асобаў наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці. То бок за вечарыну памяці «выклятых жаўнераў» у берасцейскай школе з удзелам польскага дыпламата.

«Цікавіла іх усё». Як праходзілі вобшукі на сядзібе Саюзу палякаў у Беларусі і ў сябраў арганізацыі

За кратамі трымаюць дырэктарку Польскай школы ў Берасці Ганну Панішаву, пракуратура накіравала ў эканамічны суд вобласці пазоў аб ліквідацыі ТАА «Польская школа» ў сувязі з «грубым парушэннем заканадаўства, якое пацягнула прычыненне шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».

Старшыню Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс арыштавалі на 15 содняў. Раніцаю 25 сакавіка затрымалі сябра Саюзу палякаў, журналіста Анджэя Пачобута.

Ператрусы адбыліся ў дырэктаркі грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай, кіраўніцы лідскага аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі Ірэны Бярнацкай, а таксама ў польскай грамадскай школе і сядзібе Саюзу палякаў у Горадні.

Анджэліка Борыс. Фота: Белсат

«У іх нічога не атрымаецца»

Адчувальна змучаны ўдзелам у пратэставым руху гарадзенскі актывіст спадар Дзмітрый, цяжка ўздыхаючы, кажа, што гэтым разам польская меншасць аказалася ў глабальным сэнсе закладніцай паміж Лукашэнкам і Захадам. Трохі задумваючыся, дадае: польскім пытаннем цяпер Лукашэнка спрабуе шантажаваць не проста Польшчу, а Захад наагул. І мэты вельмі ясныя.

«З Лукашэнкам пасля выбараў ніхто, акрамя Расеі, размаўляць не хоча, – канстатуе гарадзенец. – І вось ён у сваёй манеры, праз гвалт, арышты, ціск на польскую меншасць, спрабуе прымусіць Захад да дыялогу».

Мужчына нагадвае, што гэтак ціснуць на Польшчу праз меншасць не першы раз, хаця ўлады ніколі не ішлі да канца, не знішчалі яе.

Еўразвяз патрабуе вызвалення прадстаўнікоў Саюзу палякаў і ўсіх палітвязняў

«Думаю, у іх нічога не атрымаецца і цяпер, бо за плячыма Лукашэнкі няма рэальнай праўды», – упэўнены суразмоўца.

Інжынер-праграміст спадарыня Алеся, якая працуе ў прыватнай фірме, лічыць, што цяпер зачышчаюць усё ліберальнае поле, у тым ліку і мясцовых палякаў, якія заўсёды Лукашэнку стаялі косткай у горле:

«Вельмі цікавую тэму падабралі – забойцу Райса: паспрабуй адкруціцца».

Паводле яе, нічога новага ўлады Беларусі ў гэтай сітуацыі не прыдумалі. Некалі, маўляў, яны забралі ў польскіх арганізацыяў іх маёмасць, а цяпер наагул хочуць забараніць навучанне польскай мове.

Гісторыкі: канфлікт вакол «выклятых жаўнераў» – чарговая спекуляцыя і частка антыпольскай кампаніі

«Паглядзіце, у нас ужо амаль уся моладзь ходзіць вучыць польскую мову і марыць з’ехаць у Польшчу вучыцца», – канстатуе жанчына. – І з гэтым рэжым хоча разабрацца».

Трохі задумаўшыся, дадае, што варта чакаць найгоршага.

Вучні гарадзенскай «Батораўкі» адзначаюць Дзень польскага сцяга. Фота: twitter.com/AngelikaBorys

«Звычайныя людзі ўжо маюць праблемы»

Проста на вуліцы размаўляем са спадаром Аляксеем, які працуе ў Польшчы, а ў Горадню завітаў у справах.

Мужчына адзначае, што цяпер у Беластоку беларуская дыяспара налічвае некалькі тысячаў чалавек. Людзі ўжо жывуць і працуюць там стала. Палякі далі прытулак шмат якім палітычным уцекачам. Пра канфлікт з польскаю меншасцю падрабязнасцяў не ведае, але ўжо адчуў, як адбіваецца міждзяржаўны канфлікт. Цяпер не працуе беларускае консульства ў Беластоку. Звычайнаму беларусу і паляку ад гэтага не лягчэй.

«Усё гэта палітыка. А каму насамрэч перашкаджае, што дзеці вучаць польскую мову? Каму наагул перашкаджала б, каб яны вучыліся і па-беларуску?..» – махае ён рукою, маўляў, няма больш пра што казаць.

Улады Беларусі атакуюць саюз палякаў

Разгаварыліся са спадарыняю Валянцінай. Гарадзенка ў трэцім пакаленні, працавала настаўніцай, цяпер яна прыбіральніца, бо пенсія невысокая, а ў яе хворы ўнук.

Жанчына распавядае, што сына падчас акцыяў моцна збіў АМАП, старэйшая ўнучка сядзела на соднях.

«Мы ўсёй сям’ёй сачылі за падзеямі на «Белсаце», то вось гэта, напэўна, тое нядобрае для Лукашэнкі, што робяць палякі, – кажа яна. – Дык на чыім баку могуць быць мае сімпатыі?»

Спадарыня Валянціна ўпэўненая: людзі ў краіне за гэты год настолькі змяніліся, што цяпер мала каму трэба тлумачыць не толькі пра палякаў, а і пра астатніх. Ейная ўнучка сядзела за ўдзел у акцыях у камеры з дзяўчынаю польскай нацыянальнасці, але мэта ў іх была адна – здабыць свабоду для ўсіх.

Анджэй Пачобут: Лукашэнку патрэбны знешні вораг. Нібыта ён такі славянскі герой, які бароніць рубяжы

«Я, канечне, не ведаю, як мы гэта ўсё перажывём, – кажа жанчына. – Але мне дакладна ясна, што хутка будзе вясна. Людзі на яе настроеныя».

Спадар Сяргей – прадпрымальнік, ягоная жонка – мясцовая полька. Ён быў сведкам шматлікіх нападак уладаў на Саюз палякаў:

«У іх заўсёды палякі ўва ўсім вінаватыя. Іх трасе, што пад бокам ёсць моцная дзяржава, якая бароніць сваіх суайчыннікаў».

«Польская меншасць надалей застаецца закладніцаю»

Беларускі інтэлектуал Валерка Булгакаў лічыць, што асноўная прычына беларуска-польскага дыпламатычнага канфлікту крыецца зусім не ва ўшанаванні ў берасцейскай школе «выклятых жаўнераў».

На ягоны погляд, сапраўдная прычына – у фільме «Залатое дно» Сцяпана Пуцілы, які нядаўна выйшаў у Польшчы і паводле праглядаў пабіў рэкорды.

«Фільм выклікаў небывалы рэзананс як у Беларусі, так і за яе межамі. Вось за гэта і помста», – упэўнены Булгакаў.

Фільм «Лукашэнка. Залатое дно» за першыя хвіліны трансляцыі сабраў дзясяткі тысячаў гледачоў

Суразмоўца нагадаў, што ўлады спрабавалі правесці экстрадыцыю Сцяпана Пуцілы, аўтара расследавання, але Польшча адмовіла ў гэтым. І цяпер, на думку Булгакава, Лукашэнка помсціць праз арышты польскіх актывістаў у Беларусі, забарону навучанню мовы і г. д.

А таму пераслед польскіх актывістаў у Беларусі – гэта сігнал Варшаве. Маўляў, калі з вашага боку будзе выкарыстоўвацца антыбеларуская палітыка, то мы маем чым адказаць тут.

«Польская меншасць у Беларусі надалей застаецца закладнікам, бо знаходзіцца ў неправавой дзяржаве, – сумна канстатуе Булгакаў. – Застаецца спадзявацца, што рана ці позна гэты канфлікт скончыцца».

МК, belsat.eu

Hавiны