У смаргонскім судзе нехта крыкнуў «Жыве Беларусь», завялі крымінальную справу

Старшыня суда Смаргонскага раёну Людміла Пятрова. Фота: spring96.org

18 лютага ў Смаргонскім раённым судзе вынеслі прысуд у крымінальнай справе супраць Руслана Валюка (2 гады хіміі) і Ірыны Маркавай (2 гады хатняй хіміі) за «паклёп». Яны нібыта распаўсюджвалі ў Смаргоні ўлёткі, якія абражалі міліцыю, паведамляе «Наша Ніва».

Калі прысуд ужо быў вынесены, на калідоры суда нехта выгукнуў: «Жыве Беларусь!», некаторыя адказалі на вокліч: «Жыве!» У той самы час у суседняй зале адбываўся разгляд крымінальнай справы на чале са старшынёй Смаргонскага суда Людмілай Пятровай.

Пятрова выйшла з залы, пачала казаць, што гэта непавага да суда, пагражала выклікаць міліцыю, а сама стала ля турнікета і нікога не выпускала з памяшкання. Тады людзі проста адчынілі вокны і павыскоквалі ў снег.

У Смаргоні затрымліваюць актывістаў. Імаверна, праз «Жыве Беларусь!» на палітычным судзе

Была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу «Хуліганства». Сярод падазраваных – усе тыя людзі, якія былі на вынясенні прысуду Валюку і Маркавай. Вялася відэаздымка працэсу, але разгледзець на відэа, хто менавіта крычаў «Жыве Беларусь», не атрымліваецца, відэа кепскай якасці.

Затрыманні ў Смаргоні працягваюцца, узялі маці дваіх непаўналетніх дзяцей Ніну Шыш, паплечнікі спадзяюцца, што яе адпусцяць на волю.

МГМ, belsat.eu

Hавiны