«Партрэт пратэстоўца» – гэта сярэдні твар удзельнікаў беларускіх пратэстаў 2020 года. Арт-праект складзены з 8300 асобаў і апрацаваны з дапамогаю нейрасетак – у выніку атрымалася асоба, якая шмат каму здаецца знаёмай. «Белсат» распытаў аўтараў пра ідэю і працэс стварэння праекту.
«Партрэт пратэстоўца» стварылі мастак Глеб Бурнашоў і распрацоўнік Алесь Аксон. Мэта – паказаць калектыўную сілу і ўдзел індывідаў у дасягненні агульнай мэты шляхам аб’яднання.
Задачаю Глеба было знайсці сярэднестатыстычны твар беларусаў, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту з чэрвеня да лістапада 2020 года. Спачатку аўтары адабралі некалькі соцень фотаздымкаў Глеба.
«Мы выбіралі фота людзей, якія сталі ахвярамі сістэмы і ўдзельнічаюць у барацьбе супраць яе, – кажа Глеб. – Таму ў падборцы фатаграфіяў не было партрэтаў людзей з сілавых структураў, чыноўнікаў, суддзяў, «ябацек». Затое былі фота Калеснікавай, Ціханоўскай, Знака ды іншых медыйных персонаў. У нас не было дыскрымінацыі праз гендар, узрост, расу і гэтак далей – мы бралі ўсе фатаграфіі з пратэстаў, у тым ліку фота пацярпелых людзей, фота з маршаў людзей з інваліднасцю».
Падчас працы над праектам узнікла патрэба ў большай колькасці фота. Глеб папрасіў фатографаў даслаць здымкі, і яму ўдалося сабраць 1886 унікальных фота, сярод якіх былі і партрэты, і групавыя здымкі, і выявы натоўпу – у выніку пасля апрацоўвання бібліятэка складалася з 8300 асобаў.
Фотаздымкі былі знятыя пераважна на пратэставых маршах, у ланцугах салідарнасці, на выбарчых участках, а таксама побач з ІЧУ на Акрэсціна і ў Жодзіне. Сюжэты ілюстравалі эмоцыі людзей, якія не згодныя з ходам прэзідэнцкай гонкі ды вынікамі выбараў. Эмоцыі былі розныя, і яны звязаныя з дзеяннем дзяржаўнай машыны.
Пры выбары фота аўтары ўлічвалі некалькі фактараў:
Пасля адбору фота аўтары пачалі працаваць з нейрасеткамі.
Нейрасетка – гэта матэматычная мадэль, якая выяўляе залежнасць паміж звесткамі і ўмее іх абагульняць.
«Мы навучаліся ў працэсе стварэння праекту і на працягу доўгага часу тэставалі новыя мадэлі нейрасетак, – распавядае Глеб. – У нейкі момант мы вырашылі зрабіць прамежкавы вынік, бо праект можа заняць зашмат часу».
Адна з прычынаў, чаму аўтары спынілі пошук новых фота, – тое, што пратэстоўцы ўсё часцей сталі хаваць твары. Ужо з сярэдзіны верасня стала складана знаходзіць фатаграфіі людзей без масак. Гэта звязана з тым, што сілавікі пачалі шукаць людзей праз фатаграфіі ў сацсетках і прыцягваць іх да адміністратыўнай адказнасці.
Праца з нейрасеткамі складалася з трох этапаў.
Этап першы: «Наіўны метад»
Каб выявіць твары на фотаздымках, спатрэбілася бібліятэка dlib, якая выкарыстоўваецца для камп’ютарнага назірання і машыннага навучання. Распрацоўнік выкарыстаў загадзя падрыхтаваную мадэль, якая дазволіла распазнаць твары i вызначыць арыенцірныя кропкi на фатаграфіях – такіх, як куткі рота, бровы, нос, падбароддзе і вочы. Гэта дазволіла атрымаць асобна ўсе твары i пазіцыянаваць iх у адзінай сістэме на ўзроўні вачэй. Але ўсе рысы твару ў розных палажэннях i маюць розныя памеры, таму пасля падсумоўвання ўсіх фота асобаў чакана атрымалася, што гэты метад дае толькі прамежкавы вынік.
Этап другі: Карэляцыйныя метад
Затым аўтары выкарыстоўвалі OpenCV – адну з самых лепшых бібліятэк для распрацоўкі прыкладанняў у галіне кампʼютарнага назірання. На гэтым этапе патрабавалася правесцi некалькi матэматычных пераўтварэнняў каб давесці звесткі да сярэдняга памеру, удакладніць і пазіцыянаваць рысы асобаў на аснове ўсярэдненых значэнняў – і ўжо можна выказаць здагадку, што пратэст у Беларусі мае жаночы твар.
Этап трэці: Метад схаваных вектараў
Аўтары засталіся задаволеныя вынікам мінулага метаду, але захацелі пашырыць колькасць крытэрыяў, якія вызначаюць выгляд асобы. Для гэтага яны ўжылі генератыўна-спаборнiцкую нейрасетку Nvidia, здольную генераваць твары на падставе мiльёнаў розных параметраў, якія цяжка адрозніць ад рэальных.
Яны выкарыстоўвалі самую сучасную на той момант версію гэтай нейронавай сеткі – StyleGAN2-ADA. Яна ўмее вызначаць не толькі буйныя дэталі (напрыклад, фігуру і форму твару), але і больш дробныя (напрыклад, рабацінне, валасы і мільёны іншых рысаў, зразумелых толькі ёй).
Неабходна было знайсці схаваныя вектары да кожнага твару – прасцей кажучы, перавесці на мову, зразумелую нейрасетцы, увесцi каэфіцыент геному і вылiчыць усярэднены твар, а потым згенераваць асобу на грунце падрыхтаванай мадэлi.
Працэс навучання гэтай нейрасеткі заняў каля 18 дзён. Навучанне адбывалася на адмыслова створаных для машыннага навучання сэрверах Google c картамі Nvidia Tesla V100, каштуюць якія больш за $ 9000.
«Малюнак, які мы атрымалі, ужо падобны да рэальнага чалавека і выклікае эмоцыі, – кажа Глеб. – Для перадачы канцэпту гэтая выява пасуе. Калі прыбраць або дадаць 500 фота, то нешта ў ёй зменіцца. Чым больш фатаграфіяў, якія мы выкарыстоўваем, тым больш дэталёвы атрымліваецца вынік. Але ж у нашай працы важная ідэя, а ўсё астатняе – гэта спосабы рэалізацыі».
Больш дэталяў аб працэсе стварэння «Партрэта пратэстоўца» можна прачытаць на сайце Глеба Бурнашова.
«Я лічу, што гэта чалавек без гендару. Адна з важных ідэяў праекту была ў тым, каб ніяк не ідэнтыфікаваць гендар і ўзрост, – кажа Глеб. – Хтосьці вызначае яго як мужчыну, хтосьці – як жанчыну. Большасць – як жанчыну. У кантэксце фразы «У беларускай рэвалюцыі жаночы твар» гэта вельмі цікава».
Маштаб 1 х 8300 (менавіта столькі фатаграфіяў людзей выкарыстана для стварэння гэтага «Партрэта пратэстоўца»).
Кульмінацыяй гэтай працы стаў перфарматыўны акт: спальванне партрэта.
«Гэты акт ёсць паралеллю акту самаспалення, – кажуць аўтары праекту. – Самаспаленне як форма самагубства – гэта, з аднаго боку, крайняя кропка бяссілля чалавека перад сітуацыяй, з якой ён сутыкаецца; з другога боку – гэта акт найвялікшага самаахвяравання. У выпадку падпалу партрэта разбуральны і ачышчальны агонь параўноўваецца з непражытымі эмоцыямі – такімі, як страх, гнеў і пачуццё бяссілля перад тварам бязлітаснай дзяржаўнай машыны. Выкліканыя дзеяннямі сілавікоў і бяздзейнасцю людзей, якія трапілі ў рэжым, гэтыя эмоцыі падобныя да агню: калі іх не выпусціць, яны спаляць чалавека дашчэнту».
ТК belsat.eu