«Адзінства» акупантаў і акупаваных? Гісторыкі каментуюць уладны Дзень народнага адзінства


12 лютага 2021. Палац Рэспублікі.
Фота: ТК / Белсат

Сайт Усебеларускага народнага сходу пачаў онлайн-галасаванне за дату для новага свята – Дня народнага адзінства. Абедзве прапанаваныя даты звязаныя з далучэннем Заходняй Беларусі да СССР у сталінскі час. Карэспандэнт «Белсату» задаў некалькі пытанняў адмыслоўцам у беларускай гісторыі, каб даведацца іхнае меркаванне наконт новай ініцыятывы ўладаў.

Ці патрэбнае Беларусі такое свята?

Аляксандр Краўцэвіч, доктар гістарычных навук, прафесар: «Сёння гэта абсалютна не патрэбна, прапанова прасякнутая фальшам. Рэжым падтрымлівае меншасць, большасць – супраць. Таму гэта аксюмаран: як прапаноўваць свята адзінства з немцамі падчас нямецкай акупацыі. Немагчыма цяпер казаць пра Дзень народнага адзінства, бо ён пераўтворыцца ў Дзень нацыянальнай нязгоды. Вось калі будзе дэмакратыя, тады можна падумаць пра свята народнага адзінства».

Аляксандр Фрыдман, PhD, гісторык, навуковы работнік Інстытуту еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту імя Гумбальта: «Ужо сам досыць спецыфічны тэрмін «народнае адзінства» характэрны, хутчэй (за некаторымі выключэннямі), для аўтарытарнага грамадства. Таму зусім не выпадкова, што стварэнне такога свята ў Расеі (а менавіта Крэмль у гэтым выпадку выступае прыкладам для афіцыйнага Менску) у 2004 г. супала з узмацненнем аўтарытарных тэндэнцыяў у гэтай краіне. Такое свята, безумоўна, патрэбнае – але не Беларусі, а сучаснаму аўтарытарнаму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі».

13 жніўня 2020.
Фота: Света Фар / Белсат

Ірына Раманава, кандыдатка гістарычных навук, прафесарка: «Можна колькі заўгодна ўвесці дадатковых святаў, але чым і каму яны дапамогуць? Шматтысячны і вельмі дарагі апарат ідэалагічных працаўнікоў не можа прызнацца нават сабе, што дарэмна дзяржава іх пладзіла і карміла».

Аляксандр Пашкевіч, кандыдат гістарычных навук, намеснік галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя»: «На маю думку, такое свята Беларусі на сучасным этапе – нават выводзячы за дужкі спецыфіку цяперашняга палітычнага рэжыму і яго мэты – увогуле непатрэбнае. Бо гістарычных датаў, да якіх такое паняцце ў нашым выпадку можна без усялякіх нацяжак дастасаваць, пакуль не з’явілася, а ўводзіць нешта такое штучна, чыста для птушачкі, па-мойму, сэнсу не мае. І без таго ў афіцыйным календары безліч пустых, мёртвых датаў, ад якіх, як той казаў, ні сэрцу ні галаве».

Кандыдат гістарычных навук, выкладчык беларускага ВНУ, які прасіў не называць свайго імя: «У прынцыпе, у ідэі нічога дрэннага няма. Адна з самых галоўных функцыяў свята – якраз аднаўляць і падсілкоўваць усведамленне «мы». Гэта тычыцца любых групаў – ад сям’і ці кампаніі сяброў да нацыі. Чалавеку неабходна адчуваць сябе часткай групы, групе неабходна, каб яе чальцы адчувалі і падтрымлівалі сувязі паміж «мы», праяўлялі салідарнасць і ўнутрыгрупавы фаварытызм. Гэта аснова эфектыўнага ўзаемадзеяння ўнутры групы».

Ці можна гэтыя даты – 17 верасня ці 14 лістапада – абіраць Днём адзінства?

Аляксандр Краўцэвіч: «Даты неадпаведныя, бо 17 верасня – гэта было абʼяднанне беларускіх земляў у адным канцлагеры, а таксама акт агрэсіі супраць суверэннай суседняй дзяржавы».

Аляксандр Фрыдман: «Што адбылося ўвосень 1939 г. у Беларусі? Уваход Заходняй Беларусі ў склад БССР быў вынікам змовы дзвюх таталітарных дыктатураў (пакт Молатава – Рыбэнтропа), першая з якіх (Германія) распачала 1 верасня 1939 г. Другую сусветную вайну, а другая (СССР) выкарыстала спрыяльныя ўмовы для далучэння страчаных раней тэрыторыяў былой Расейскай імперыі. Так, беларускія тэрыторыі аб‘ядналіся ў адной дзяржаве, але ў выніку гэтых падзеяў сталінская дыктатура распаўсюдзілася і на Заходнюю Беларусь, а рэпрэсіі ахапілі значную частку мясцовага насельніцтва. Такім чынам, Дзень беларускага адзінства 17 верасня ці 14 лістапада стане сапраўдным трыумфам неасталінізму».

Людзі стаяць у ланцугу пакаяння ў Менску, які пачынаецца пад ЦІП на Акрэсціна і заканчваецца ў лясным урочышчы Курапаты, дзе ў 1937-1939 гг. адбываліся масавыя расстрэлы. Беларусь. 21 жніўня 2020.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Ірына Раманава: «Тое, як прапаганда абгрунтавала «лагічнасць» менавіта гэтай падзеі, стварае ўражанне, што тыя, хто працаваў над абгрунтаваннем, чыталі кніжкі па гісторыі і брашуркі па ідэалагічнай працы савецкіх часоў. Факты, прыведзеныя імі, сёння не могуць гучаць пераканаўча ні для каго. Тэрмін «узʼяднанне» дазваляе гаварыць пра падзеі 1939 г., абмінаючы факты таго, у якім кантэксце і як гэта адбывалася. Гучыць, нібы дзве часткі Беларусі зліліся ў адзіным арганізме за кошт нейкага ўнутранага парыву. Мы ведаем, што гэта было зусім не так».

Аляксандр Пашкевіч: «Прапанаваныя даты – яны ўвогуле не пра адзінства, і я катэгарычна супраць, каб на іх нешта святкавалі. Так, штучна раз’яднаныя ў пачатку 1920-х гг. беларускія этнічныя тэрыторыі аб’ядналіся ў складзе адной дзяржавы, але што гэта была за дзяржава? Таталітарная савецкая імперыя. Колькі дзеля гэтага сотням тысячаў і мільёнам людзей давялося перажыць гора і праліць слёзаў? Масавы тэрор, групавыя дэпартацыі, зняволенні, расстрэлы, калгасы ў форме новага прыгону… Трэба насамрэч быць вялікім цынікам, каб усё гэта святкаваць. Як памятная дата, вядома, 17 верасня 1939 г. быць мусіць, бо яна важная для нацыянальнай гісторыі. Але пафас вакол яе абсалютна недарэчны».

Кандыдат гістарычных навук, выкладчык беларускага ВНУ, які прасіў не называць свайго імя: «Ні ў якім разе гэтыя даты нельга разглядаць як Дзень адзінства. Бо гэта яшчэ і дзень акупацыі, і гэтыя даты немагчыма аддзяліць ад масавых рэпрэсіяў у дачыненні беларускага насельніцтва, калі выслалі тысячы толькі за тое, што яны жылі на памежнай тэрыторыі».

Марш Адзінства
Марш адзінства ў Менску. 6 верасня 2020.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Якія іншыя даты з беларускай гісторыі маглі б стаць Днём народнага адзінства?

Аляксандр Краўцэвіч: «Я б прапанаваў Дзень народнага адзінства святкаваць у дзень прыняцця Дэкларацыі незалежнасці Рэспублікі Беларусь, бо за яе галасавалі ўсе палітычныя сілы ў Вярхоўным Савеце, ад нацыяналістаў да камуністаў».

Аляксандр Фрыдман: «З пэўным аптымізмам, аднак, не выключаю, што ў будучыні такім святам можа стаць 9 жніўня – як сімвалічная дата пачатку беларускай дэмакратычнай рэвалюцыі. Прыкладам можа стаць Партугалія, дзе пасля перамогі Рэвалюцыі гваздзікоў і сканчэння эпохі аўтарытарнай «Новай дзяржавы» 25 красавіка адзначаецца Дзень Волі».

Кандыдат гістарычных навук, выкладчык беларускага ВНУ, які прасіў не называць свайго імя: «У цяперашнім стане грамадства бессэнсоўна ўводзіць нейкія святы. Спадзяюся, такім днём мы зможам прызначыць 9 жніўня. Ці, як хтосьці напісаў у Facebook, дзень, калі Раман Бандарэнка напісаў: «Я выходжу».

Аляксандр Пашкевіч: «Магчыма, з цягам часу нейкая дата, ужо з самай найноўшай гісторыі, на ролю Дня народнага адзінства вылучыцца і будзе больш-менш масава як такая ўсведамляцца – тады можна будзе такое пытанне і паставіць. А пакуль такой даты няма».

Будынак БНТУ на праcпекте Незалежнасці. Менск, Беларусь.
Фота: АВ / Белсат

Пра што сведчыць імкненне ўладных колаў раптам увесці такое свята?

Аляксандр Фрыдман: «Па-першае, мы маем справу са спробаю стварыць ілюзію адзінства ў глыбока расколатым грамадстве, у якім пануюць нянавісць і страх. Па-другое, гэта свайго кшталту контратака супраць абуджэння цікавасці да несавецкага мінулага Беларусі. Дзень народнага адзінства павінен стаць альтэрнатывай Дню Волі 25 сакавіка, які ўсё больш беларусаў і беларусак лічаць сваім святам і які мае вельмі добрыя шанцы стаць дзяржаўным святам у Беларусі пасля сканчэння эпохі Лукашэнкі».

Ірына Раманава: «Прапаганда спрабуе перабіць гістарычную і ідэйную павестку пратэсту. Выстаўляе ўсіх, хто не з ёю, праціўнікамі таго, што яна называе «народным адзінствам».

Кандыдат гістарычных навук, выкладчык беларускага ВНУ, які прасіў не называць свайго імя: «Ад гэтай улады народ ніякіх Дзён адзінства не прыме, бо для адчування прыналежнасці да нацыі неабходнае адчуванне адзінства не толькі гарызантальных сувязяў, але і вертыкальных. А якое ў нас з імі можа быць адзінства? Будзе чарговае 2 красавіка ў лепшым выпадку. То бок нешта афіцыёзнае, пратакольнае, існае толькі на паперы».

Аб’ектыў
«У грамадстве ёсць патэнцыял для расколу на ўзроўні ідэяў, установак». Адзінства падчас рэпрэсіяў
2021.02.25 22:24

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў