Як з уласнай краіны зрабіць зручны палігон для чужых?

Апошнія масавыя ператрусы ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з затрыманнем больш за паўтары сотні чалавек не маглі не выклікаць хвалі народнага абурэння. Толькі ў Берасці за адзін дзень затрымалі больш за 70 чалавек, і гэта былі адны жанчыны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянерка з сабакам праходзіць міма сцяны з надпісам «Жыве!» і малюнкам бел-чырвона-белага сцяга Беларусі. Менск, Беларусь. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

На тых з іх, якія хоць нейкім чынам выказвалі незадаволенасць, сілавікі склалі адміністратыўныя пратаколы, і жанчын кінулі за краты. Але не ўсім так «пашанцавала», на некаторых завялі крымінальныя справы паводле артыкулаў 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Віна гэтых жанчын была ў тым, што яны, на думку супрацоўнікаў КДБ, атрымлівалі дапамогу ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую днямі ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Дапамога аказвалася ў асноўным праз такія папулярныя сэрвісы дастаўкі прадуктаў, як «Гіпа» і «Еўраопт». Гэта звычайная працэдура, калі можна замовіць дастаўку ежы з крамы і аплаціць яе праз сайт ці заплаціць на месцы.

Каментар
Варта рыхтавацца да наступных хваляў затрыманняў пад выбары і Дзень Волі – Алег Кулеша
2024.01.25 12:24

Ніхто ўжо даўно не задае пытання: «Навошта некалькі гадзінаў праводзілі ператрусы ў кожнай кватэры?» Ніхто не пытаецца: «Навошта забіраць тэлефоны і камп’ютары ў людзей, якім і без таго з-за цяжкі матэрыяльны стан аказвалася дапамога ў выглядзе харчоў?»

Ужо сапраўды нікому даўно не прыходзіць у галаву спытаць, за што ўласна «INeedHelpBY» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Бо сёння лягчэй на пальцах пералічыць тыя арганізацыі, якія яшчэ не прызнаныя такімі. Акрамя таго, з усіх узялі падпіску аб неразгалошванні.

Навошта? Нехта бачыў матэрыялы справы, яму далі іх пачытаць, і там ёсць, што выдаваць? Пра гэта таксама ўжо даўно не гавораць, бо няма ніякага сэнсу.

На фоне гэтых ператрусаў прыйшла навіна аб спецыяльнай вытворчасці супраць 20 чалавек – «спіс аналітыкаў», якіх следчыя аднеслі да кола дарадцаў Святланы Ціханоўскай. Наўрад ці для складальнікаў спісу мела значэнне тое, наколькі той ці іншы фігурант мае дачыненне да штабу экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі. Але спіс артыкулаў уражвае: артыкул 16, частка 6 (дапамога ў рэалізацыі злачынства), артыкул 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варожасці), а частка 3 гэтага артыкулу гэта яшчэ і цяжкія наступствы, якія прывялі да смерці чалавека.

Ёсць яшчэ і артыкул 357, частка 1 (змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), да таго ж і артыкул 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). І іншыя часткі гэтага артыкулу ўказаныя, якія пра здраду і ўваходжанне ў экстрэмісцкае фармаванне. Падумаць толькі, што ўсяго некалькі гадоў таму ў краіне не было ніводнай крымінальнай справы, якая б разглядалася хаця б у адным з гэтых артыкулаў.

Гаворка ідзе нават не пра былых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, бо мы ўжо прывыклі да таго, што такія спробы заўсёды караюцца, а гаворка ідзе пра людзей, якія ўсяго толькі выказваюць сваё меркаванне на старонках медыяў альбо на канферэнцыях. І ўсе гэтыя людзі цяпер па-за межамі краіны.

Зразумела, што ніхто не паедзе ў Беларусь пацікавіцца, у чым справа і даць свае тлумачэнні. Таксама зразумела, што і следчыя гэтага ад іх не чакаюць.

Нашто тады гэта? Мы штодня задаём сабе гэтае пытанне, хаця даўно ведаем на яго адказ. Усе мы разумеем, што і гэтыя няшчасныя жанчыны, у якіх самыя блізкія людзі сядзяць у турмах, а яны самі ледзьве сточваюць канцы з канцамі, калі нават ноймуць наймацнейшых адвакатаў, нічога не змогуць давесці. А што даказваць? І хто іх будзе слухаць?

Давайце ўспомнім, што мы казалі напярэдадні выбараў, калі сутыкаліся з судовым бяспраўем. Мы казалі, што ў нашай краіне нам няма куды звярнуцца па абарону. У міліцыю нават, калі б тэарэтычна і захацеў бы зайсці, дык практычна гэта зрабіць ужо было праблемна. Акурат незадоўга да ўсіх падзеяў дзверы ўсіх РУУС і РАУС замкнулі для простых грамадзянаў.

Каментар
Як падрыхтавацца да прыходу сілавікоў: чатыры важных крокі
2024.01.24 18:42

Ды і толку. На саму міліцыю скардзіцца таксама ўжо не мела сэнсу. Пракуратура на міліцэйскае бяспраўе ўжо тады глядзела скрозь пальцы. У 2020 годзе сфармаваная сістэма стала падобная на шар, які падае на галовы, адскоквае і зноў падае. Дзе і ў якім менавіта месцы ён упадзе, ніхто не ведае. Не да законаў было яшчэ раней. Проста не было агучана так пампезна. А пасля публічнай адмашкі шар ніхто і лавіць не стане. Вось ён і працягвае падаць на нашыя галовы.

Можна, вядома, людзям напісаць скаргі і нават падаць іх у патрэбныя інстанцыі. Але практыка паказвае, што гэта будзе проста канстатаваннем фактаў. Ніхто даўно нічога не адмяняе. Амаль тры гады людзей штодня судзяць паводле 342 народнага артыкулу.

Толькі ўдумацца ў гэта… Ніводнага не апраўдалі.

Суды працуюць, як завадскі канвеер. Справы штампуюць бесперапынна. Прысуды самыя розныя, але нехта выходзіць з залы суда, бо і так доўга праседзеў пад вартай у чаканні «правасуддзя». Кагосьці адпраўляюць у калонію, а кагосьці на хатнюю «хімію». Дарэчы, тых, якіх прыгаварылі да гэтай «хіміі», пачалі прымусова выводзіць на ўборку снегу. А што рабіць? Як з гэтым спрачацца?

Людзей кожны дзень судзяць за лайкі і нават за выказванні ў прыватнай перапісцы. Абсалютна ніякага значэння не мае, колькі разоў нехта там нешта лайкнуў. Галоўнае, што гэта зрабіў «чужародны элемент». Пытанне: для каго ў краіне тысячы людзей чужародныя элементы?

Падае шар і будзе падаць, каб укочваць поле, з якога змогуць бяспечна стартаваць чужыя ваенныя самалёты, на якім будзе зручна маршаваць чужым салдатам, на якім збіраюцца пасяліць чужых людзей.

belsat.eu

Стужка навінаў