На завочку пасля школы – толькі са стажам. Паступленне для школьнікаў ускладнілі


У Мінадукацыі агучылі чарговыя навацыі правіл прыёму ў ВНУ, піша БелТА. Адна з галоўных – зараз паступіць на завочнае аддзяленне стане больш складана.

Беларускія абітурыенты
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія абітурыенты.
Фота: edu.gov.by

Выпускнікам школы трэба мець як мінімум 10 месяцаў працоўнага стажу на момант падачы дакументаў. Прычым пасада павінна адпавядаць выбранаму профілі адукацыі.

Правіла распаўсюджваецца як на тых, хто планаваў паступіць завочна на бюджэтнае, гэтак і на платнае навучанне. У Мінадукацыі навацыю назвалі вызначэннем адзінага падыходу да прыёму абітурыентаў на завочную форму.

Па словах спецыялістаў ведамства, для тых школьнікаў, хто не зможа прадставіць пацвярджэнне аб 10-месячным стажы працы, існуе мноства іншых траекторый для паступлення ў ВНУ. Праўда, на вочную форму і з поўным тэрмінам атрымання адукацыі.

«Сярод іх – мэтавая форма падрыхтоўкі, удзел у агульным конкурсе. Таксама ёсць магчымасць паступлення ў каледжы і атрымання ў далейшым вышэйшай адукацыі ў скарочаны тэрмін навучання як у дзённай, так і ў завочнай форме навучання», – сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Пішчоў.

Што яшчэ новага? Так, Мінадукацыі ўстанавіла абмежаванне па прыёме на мэтавую форму навучання. Змяненні датычацца тых, хто планаваў паступіць па-за конкурсам і без выпрабаванняў.

«Цяпер праводзіцца работа па распрацоўцы і зацвярджэнні нарматыўных прававых актаў, інфармаванне абітурыентаў, бацькоў зацікаўленых», – адзначыў Сяргей Пішчоў.

Цяпер колькасць месцаў для прыёму адораных абітурыентаў і льготнікаў будзе дакладна ўстаноўлена: больш за гэтую колькасць не прымуць. Астатнія адведзеныя пад мэтавы набор месцы зоймуць абітурыенты, якія ўдзельнічаюць ва ўступным конкурсе.

Такім чынам і паміж мэтавікамі хочуць сфарміраваць канкурэнцыю. А мэтавы набор у асноўным плануюць закрыць юнакамі з высокімі баламі.

Пашыраюцца і сістэматызуюцца льготы для паступлення адораных і матываваных абітурыентаў на спецыяльна запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці ў рэгіянальныя ВНУ. Цяпер, акрамя ўсяго іншага, ёсць магчымасць паступіць без уступных іспытаў у рэгіянальныя вышэйшыя навучальныя ўстановы ў абітурыентаў, якія маюць залаты (сярэбраны) медаль або дыплом аб сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адзнакай.

Выключэннем сталі спецыяльнасці «ахова здароўя», «міжнародныя адносіны», «міжнароднае права», «правазнаўства», «эканамічнае права», «дзяржаўнае кіраванне і права», «усходазнаўства», а таксама спецыяльнасці, дысцыплінамі профільных выпрабаванняў якіх з’яўляюцца творчасць і фізічная культура і спорт.

Hавiны
У Беларусі будзе забароненая рэклама вучобы і працы за мяжой
2024.01.11 12:05

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў