Даносчыка на сцягі ў вокнах публічна ўзнагародзілі. Гэта новая норма? Спыталі сацыёлага


У Партызанскім РУУС Менску ўзнагародзілі граматаю менчука Анатоля Бамбізу, які «неаднаразова выяўляў актыўную грамадзянскую пазіцыю і дапамагаў супрацоўнікам органаў унутраных справаў».

Даносчык Анатоль Бамбіза і маёр міліцыі Сяргей Стальчынскі. 26 студзеня 2022 года.
Фота: Партызанскі РУУС Менску

Навіну пра ўзнагароджанне за даносы Партызанскі РУУС прэзентаваў дзяржаўнаму агенцтву «Минск-новости». Міліцыя адзначае, што Анатоль Бамбіза цягам года паведамляў міліцыянтам пра розныя здарэнні, «кіраваўшыся выключна сваёй грамадзянскаю пазіцыяй», а пры тым нават не ўваходзіў у склад «добраахвотнай дружыны».

Міліцыянты расказалі толькі пра два паведамленні Бамбізы: пра распіванне спіртных напояў ля дзіцячай пляцоўкі і размалёўванне будынку (што малявалі, не ўдакладняецца).

«Наша ніва» тут жа знайшла чалавека з такім імем і падобнага выгляду ў базе даносаў на чорнай мапе (калі «Кіберпартызаны» выкралі базу звестак тэлефанаванняў 102, нанеслі на мапу адрасы тых, хто рабіў палітычныя даносы).

Шмат якія даносы Бамбізы былі палітычныя: паведаміў, што знайшоў у Instagram публікацыю з персанальнымі звесткамі прапагандыста, пабачыў бел-чырвона-белыя сцягі ў вокнах дамоў, убачыў суседа, які ляпіў бел-чырвона-белых налепк, пабачыў на дзіцячай пляцоўцы бела-чырвоныя стужкі, заўважыў у двары людзей са сцягам… І такіх даносаў – 88.

Hавiны
Размаўлялі па-нямецку і гралі на скрыпцы. Якія даносы пісалі беларусы год таму
2021.09.20 19:15

І што б гэтае ўзнагароджанне значыла?

Летась менчукі жартам запрашалі даносчыкаў на ўзнагароджанне. Але цяпер гэта не тролінг, а цалкам афіцыйная цырымонія. Чаму так робяць, «Белсату» тлумачыць сацыёлаг Таццяна Вадалажская. Яна бачыць, што гэта ўкладаецца ў агульную схему ўладаў.

Таццяна Вадалажская.
Фота: belmarket.by

«Гэта стварэнне пэўнага новага ці адноўленага вобразу сапраўднага грамадзяніна, карціны свету, – упэўненая яна. – Калі мы паглядзім на шэраг звальненняў з працы, чыстак, спробаў знішчыць грамадскія аб’яднанні, застрашвання, каб людзі адно з адным не спалучаліся вольным чынам у нейкія супольнасці…

Гэта таксама такі прыклад. Глядзіце, якога грамадзяніна мы хочам бачыць: аднаго, самотнага, без нейкай агульнай справы, які абсалютна лаяльны дзяржаве, дапамагае ёй вынішчаць усё іншадумства. Гэта вельмі сістэмны, цэласны вобраз таго, як сённяшняя ўлада бачыць добрага грамадзяніна, і гэты вобраз будзе прасоўваць».

Hавiны
Псіхолаг: Сілавікі цяпер на вайне, нават дзяўчына з кветкамі – для іх вораг
2021.11.20 14:00

Але ж узнагародзілі не наўпрост за палітычны данос: у афіцыйнай публікацыі казалі пра распіванне спіртных напояў і размалёўванне сценаў, а не пра даносы на сцягі і сходы. Чаму так сціпла?

Вадалажская мяркуе, што «гэта і так зразумела», дый «чаму б не даносіць на іншыя рэчы». Важны прынцып: лаяльны чалавек сам-насам выбудоўвае стасункі з дзяржаваю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бел-чырвона-белы сцяг у вакне кватэры, якую ў Менску здымала сям’я Місюкевічаў. За сцяг іх выселілі. Восень 2020 года.
Фота: архіў герояў

Ці будуць яшчэ ўзнагароджанні за даносы, сацыёлаг не ведае, але лічыць, што гэты самы вобраз будуць прасоўваць надалей. У праекце новай Канстытуцыі нават прапісана, як трэба любіць радзіму: «патрыятызм – гэта доўг грамадзяніна».

«Думаю, адпаведна гэтым кірункам любові да радзімы будуць стварацца нейкія мастацкія творы, нейкія імпрэзы будуць адбывацца, напэўна, будуць нам прыклады паказваць у тэлебачанні, у школах, ВНУ, – прагназуе Вадалажская. – Людзей, якія будуць адпавядаць гэтаму вобразу, адзначаць».

Парады
Псіхолаг раіць, што рабіць, калі чакаеш пераменаў, а добрых знакаў няма
2021.10.01 08:40

АА belsat.eu

Стужка навінаў