Яшчэ два палітвязні выйшлі на волю – Ілля Дзярагін і Дзмітрый Краўцоў


У Дзярагіна і Краўцова закончыліся тэрміны адбыцця пакарання, паведамляе «Вясна».

27-гадовы Ілля Дзярагін адбыў тры месяцы ў бабруйскім СІЗА № 5. Яго прызналі вінаватым у тым, што ў стане алкагольнага ап’янення 16 красавіка 2021 года ў тралейбусе неаднаразова выказаў рэзкую і негатыўную ацэнку асобе Аляксандра Лукашэнкі, што нанесла шкоду ягонаму гонару і годнасці ды было накіравана на падрыў ягонага аўтарытэту (арт. 368 КК). Ён выйшаў на волю 23 кастрычніка.

23-гадовы жыхар Дрыбіна Дзмітрый Краўцоў на волю выйшаў 24 кастрычніка пасля трох месяцаў зняволення ў ваўкавыскай калоніі № 11 па абвінавачанні ў абразе дзяржаўнага сімвалу (арт. 370 КК). Паводле пратаколу, Дзмітрый разам з іншай фігуранткай справы на YouTube «з мэтай надання свайму каналу папулярнасці і дэманстрацыі свайго блюзнерскага стаўлення» перайначылі графічную выяву дзяржаўнага герба.

На 25 кастрычніка ў Беларусі праваабаронцы прызналі палітвязнямі 815 асобаў, якія застаюцца за кратамі.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў