Улады парушылі заканадаўства, каб звольніць апазіцыйнага дэпутата


Валера Білібуху, жыхара вёскі Кабакі, што ў Бярозаўскім раёне на Берасцейшчыне, сябру партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», двойчы абіралі дэпутатам мясцовага савету. Мужчына працаваў лесніком у Івацэвіцкім лясгасе. Але сёлета кіраўніцтва прадпрыемства звольніла дэпутата. Дзеля гэтага, распавёў «Белсату» Валер, чыноўнікі парушылі заканадаўства.

Валер Білібуха, дзейны дэпутат у Бярозаўскім раёне.
Фота: Белсат

Валера Білібуху на Бярозаўшчыне ведаюць многія вяскоўцы. Сябра партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», які працаваў у лесе, двойчы вылучаўся кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету і двойчы за яго галасавалі людзі. Апошні раз Білібуха стаў дэпутатам Першамайскага сельскага савету ў 2018 годзе.

Валер рэальна дапамагаў сваім выбарнікам пераадольваць мясцовыя праблемы, пераказваў скаргі жыхароў у сваіх зваротах да абласных уладаў. Але сёлета яго звольнілі з працы. Мужчына застаўся фактычна без сродкаў да існавання.

Валер распавёў «Белсату», што ёсць загад не браць яго на працу. Нягледзячы на гэта ён звярнуўся ў суд, каб адстаяць свае правы.

«Звольнілі проста дзіўна. Кантракт у мяне быў да 2023 года. Але ў 2018 годзе я перавёўся на працу лесніком. Тады мне працягнулі кантракт на год, да 2019 года. У 2019-м я падпісаў новы, чыноўнікі таксама падпісалі загад, што кантракт працягнулі. Але апынулася, што яго працягнулі толькі на два гады, а не да 2023 года», – кажа Валер Білібуха.

Валер кажа, што кантракт не могуць працягваць толькі на 2 гады, гэта ўжо парушэнне. Звычайна дамова падпісваецца на 4 гады. Падчас суда Валер таксама пабачыў, што ў кантракце наагул не яго подпіс. Акрамя таго, чыноўнікі скасавалі і дадатковую дамову, у якой зафіксавана, што кантракт заключаны да 2023 году.

«Але кіраўніцтва лясгасу сёлета ў жніўні аддало загад, што мой кантракт – несапраўдны. Дадатковую дамову наагул скасоўваюць і выкідваюць яе з кантракту. У аддзеле кадраў мне нават сказалі, што наяўнасць дадатковай дамовы з’яўляецца тэхнічнай памылкай. Але ж чаму яны пра гэтую памылку раней не ведалі і не выпраўлялі яе на працягу некалькіх гадоў? Узгадалі пра гэтую памылку толькі пасля таго, як вырашылі мяне звольніць. І зрабілі тое, што ім патрэбна», – абураецца Валер Білібуха.

Аб’ектыў
Як улады перашкаджаюць адзінаму апазіцыйнаму дэпутату ў Бярозаўскім райсавеце
2018.01.14 21:31

Дэпутата могуць звольніць толькі са згоды Савету дэпутатаў

Пры гэтым вясковец у судзе даводзіў, што ён да гэтага часу дэпутат мясцовага савету. Асоба, якую абралі людзі, застаецца пад аховай заканадаўства. Але суд, як і працадаўца, гэтыя заканадаўчыя аспекты праігнаравалі.

«І гэтае пытанне мой абаронца таксама ставіў у судзе. Дырэктар лясгасу цудоўна ведаў, што я дэпутат. Паводле заканадаўства аб дэпутацтве, наймальнік не мае права звольніць асобу, якая з’яўляецца дэпутатам, без папярэдняй згоды савету дэпутатаў. Наймальнік зрабіў выгляд, што не ведаў пра гэта, але ж я ўжо другі тэрмін як быў абраным дэпутатам у сваёй вёсцы. Наколькі я ведаю, пытанне пра маё звальненне нават не выносілася на паседжаннях мясцовых саветаў дэпутатаў. Кіраўніку проста аддалі загад, а той проста выканаў яго. Рэпрэсіўная машына проста пайшла ў разнос», – лічыць Валер.

22 кастрычніка суд Івацэвіцкага раёну стаў на бок я працадаўцы, Івацэвіцкага лясгасу, і адмовіў пазоўніку. Валер кажа, што будзе абскарджваць рашэнне ў судзе вышэйшай інстанцыі.

«Яшчэ падчас першага паседжання быў пракурор, які нават задаў нязручныя пытанні майму былому працадаўцу. Але прыйшлі мы не другое паседжанне, а там ужо жанчына пракурор. І яна, можна сказаць, прасядзела ўсё паседжанне, нават пытанняў не задавала. А калі пачаліся спрэчкі бакоў, яна проста паднялася і зачытала нешта з паперкі, маўляў, усё зроблена паводле закону.

Я ведаю, што летам загад пра маё звальненне аддаў намеснік кіраўніка Бярозаўскага райвыканкаму па сельскай гаспадарцы Крэйдзіч. Менавіта ён тэлефанаваў у лясгас, мне пра гэта распавядаў асабіста галоўны ляснічы, які памёр нядаўна. І я хачу проста задаць пытанне: а якое дачыненне Крэйдзіч, які вырашае пытанні сельскай гаспадаркі, мае да лясной гаспадаркі, дзе я працаваў?» – абураецца Валер Білібуха.

Hавiны
Дэпутата мясцовага Савету ад апазіцыі звольнілі з працы. Ён падаў у суд
2021.10.23 18:33

18 студзеня 2021 года Валер Білібуха застаўся без даху над галавой. У яго доме здарыўся пажар, засталіся толькі сцены. У пажары ніхто не пацярпеў. Валер не звязвае прычынаў пажару з крыміналам, кажа, падпаліў печ і ад’ехаў ненадоўга. Вярнуўся – дом згарэў. Але за вясну і лета амаль аднавіў свой дом і цяпер ужо жыве ў ім.

«Свой дом унутры я ўжо амаль дарабіў. І камунікацыі падвёў, рамонт таксама ўнутры, засталася толькі вонкавая частка. Дапамаглі мне і добрыя людзі, і лясгас выдзеліў драўніну за ільготныя кошты, і дапамогу выдзеліў», – кажа дэпутат.

Нягледзячы на ўсё непрыемнасці, Валер не збіраецца складаць рукі і намагаецца пераадольваць свае праблемы самастойна. Ён перакананы, што час расставіць усе кропкі над «і» ды прадэманструе, хто меў рацыю і на чыім баку праўда.

Людскія справы
Чаго чакаюць ад выбараў кандыдаты «ад народу»
2018.01.25 19:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў