Цяжкія баі на лакальных участках фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 579-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 25 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы. Крыніца: ok_pivnich1 / Telegram

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў войскі РФ не праводзілі наступальных аперацыяў на паўночным усходзе краіны, засяродзіліся на ўтрыманні пазіцыяў і нанясенні артылерыйскіх удараў.

У сваю чаргу ЗСУ атакавалі каля сяла Дзіброва ў Луганскай вобласці, а таксама ў ваколіцах Спірнага і Бераставога на поўначы Данецкай.

Пра змены ў лініі фронту не паведамляецца.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

На паўночным фланзе Бахмуту, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы атакавалі каля Багданаўкі, але поспеху не дасягнулі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» піша, што таксама УС РФ няўдала контратакавалі ў ваколіцах Бярхоўкі.

Разам з тым у прарасейскіх крыніцах распаўсюджваецца інфармацыя пра захоп войскамі РФ сяла Арэхава-Васільеўка на паўночным захадзе ад Бахмуту (побач з трасай на Славянск), але пацверджанняў такіх заяваў пакуль няма.

На поўдні ад раённага цэнтру наступаюць украінскія вайскоўцы.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што ЗСУ намагаюцца прарваць абарону праціўніка каля лініі чыгункі на поўначы і ўсходзе ад Клішчэеўкі. У адказ расейцы контратакуюць, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

Таксама адзначаюцца цяжкія сустрэчныя баі каля Курдзюмаўкі.

Hавiны
У Крыме ліквідаваны камандуючы Чарнаморскім флотам РФ і яшчэ 33 афіцэры
2023.09.25 16:50

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Украінскае камандаванне піша, што ў ваколіцах Данецку расейскія вайскоўцы цягам содняў 14 разоў атакавалі каля Мар’інкі, але так і не змаглі выбіць ЗСУ з займаных пазіцыяў. Не прынесла поспеху расейцам і атака ў ваколіцах Аўдзееўкі.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовик» сцвярджае, што УС РФ прасунуліся на паўднёвым усходзе ад Краснагораўкі.

Гэтую інфармацыю ўскосна пацвярджаюць аналітыкі праекту Deepstate.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку ініцыятыва захоўваецца за Збройнымі сіламі Украіны, якія наступаюць каля населеных пунктаў Новапракопаўка і Вербавае ў Палогаўскім раёне Запарожскай вобласці.

У Deepstate пішуць, што на першым участку баі перамясціліся ў ваколіцах самой Новапракопаўкі. Тэлеграм-канал «Дневник Десантника» адзначае, што ўкраінцам удалося пашырыць зону кантролю ў лясным масіве побач з сялом.

Паралельна з гэтым ЗСУ намагаліся штурмаваць сяло Вербавае, але, паводле праўкраінскіх і прарасейскіх крыніцаў, панеслі страты і былі вымушаныя адысці на старыя пазіцыі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Аналітыка
Вагнэраўцы вяртаюцца на фронт? Ці частка застанецца ў Беларусі? Што цяпер адбываецца з ПВК
2023.09.25 11:01

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў