След на «Google Maps», які пакінуў беларускі пратэст


 На мапах «Google» у віртуальным Менску існуе дзве плошчы Сцяга: дзяржаўная і народная (што памятае падзеі 2020 года). Акцыі пратэсту, выказванне сваёй пазіцыі і архіў злачынстваў сілавікоў – усё гэта працягвае існаваць на электроннай мапе і даступна ўсяму свету. У сваю чаргу цэнзура дацягнулася да чысткі каментароў і выдалення здымкаў пад адрасамі дзяржаўных установаў.

Распавядаем, як і навошта змяняюцца выявы Менску на мапах «Google».

Будынак КДБ у Менску. Скрын «Google Maps»

У «Google Maps» ёсць функцыя «Google Street View», якая дазваляе праглядаць вуліцы шмат якіх гарадоў свету. Вы можаце віртуальна вандраваць па больш як трох тысячах гарадоў і наведаць больш за 65 краінаў. Панарамныя здымкі робяцца з дапамогаю спецыяльных камераў з аглядам 360 градусаў. Іх мацуюць на аўтамабілі, ровары, снегаходы, у кватэры і нават носяць пешаходы ў адмысловых заплечніках. Але ў Беларусі гэтая функцыя не даступная. Таму карыстальнікі загружаюць свае асабістыя здымкі на «Google Maps».

Машына з камераю ад «Google».
Фота: kielce.naszemiasto.pl

Бел-чырвона-белы і чырвона-зялёны Менск

Калі вы адправіліся вандраваць па Беларусі праз «Google Maps», вы абавязкова натрапіце на здымкі з пратэстаў 2020 года.

Берасце. Скрын «Google Maps»
Плошча Пераменаў у Менску. «Google Maps»

Стэла «Менск – горад-герой» – сімвал мужнасці беларусаў. «Google Maps» добра памятае падзеі 2020 года, а разам з тым карыстальнікі выкладаюць здымкі манументу, аздобленага ў чырвона-зялёнай гаме.

Стэла «Менск – горад-герой». Скрын «Google Maps»

Таксама ў віртуальнай Беларусі існуе дзве плошчы Сцяга – дзяржаўная і народная. Злева і справа – здымкі, якія мы знайшлі праз пошук «плошча Сцяга».

Здымкі, якія на мапе пазначаныя як «плошча Сцяга». Скрын «Google Maps»

Віртуальны акцыянізм

Час ад часу карыстальнікі дзеля жарту змяняюць афіцыйныя назвы будынкаў. Звычайна змены не трываюць доўга. Але адзін пункт утрымліваецца больш за год – гэта «Прыбіральня Лукашэнкі».

Палац Незалежнасці ў Менску некаторы час меў назвы «Дом пацука» і «Склад бульбы».

Палац Незалежнасці ў Менску. Скрын «Google Maps»

Мы запыталі арт-актывіста , які называе сябе Аіда і працуе з «Вікіпедыяй», чаму выбудоўванне гісторыі ў сеціве важнае: «Вулічныя акцыі, банеры і транспаранты безумоўна патрэбныя ў сучасным свеце, каб змагацца з несправядлівасцю. Але цяжка ўявіць, як можа змяніцца сітуацыя, напрыклад, у Беларусі, калі мы выходзім на акцыю ў Варшаве. «Вікіпедыя» для гэтага добрая платформа, ёю карыстаюцца шмат асобаў, і пакінуць свой след «вандалізму» на фотаздымках не так ужо і цяжка. Я з’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, баючыся рэпрэсіяў, але да гэтага часу гуляю па вуліцах Менску і пакідаю свой мэсідж на будынках праз інтэрнэт. Пагадзіцеся: пасыл у выглядзе надпісу АСАВ на Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі выглядае вельмі каларытна, хоць і не паведамляе нічога новага. Усе ведаюць, хто працуе ў сілавых структурах краіны».

Дзяржаўныя аб’екты і цэнзура

Яшчэ ў канцы 2021 года карыстальнікі пакідалі бойкія водгукі, апісвалі свае гісторыі пад пунктамі РАУСаў, турмаў ды іншых адрасоў будынкаў МУС. Далучалі таксама фота і відэа катаванняў падчас падзеяў 2020-га.

Каментары пад Фрунзенскім РАУС Менску. Скрын «Google Maps»
Каментары пад Цэнтральным РАУС Менску. Скрын «Google Maps»
Акрэсціна. Скрын «Google Maps»

У канцы 2021 года можна было знайсці партрэты сілавікоў паводле месца іхнай працы. Такія партрэты таксама загружаліся карыстальнікамі.

Фота беларускіх сілавікоў, знойдзеныя на «Google Maps»

Але нядаўна каментары і здымкі пачалі знікаць з электроннай мапы. Для прыкладу, СІЗА КДБ: здымкі экрана на першай карцінцы зробленыя ў канцы 2021 года. Калі мы зайшлі цяпер, ранейшых водгукаў і здымкаў мы не пабачылі.

СІЗА КДБ. Скрын «Google Maps»
Скрын «Google Maps»

Два гады ўлады метадычна перайначваюць найноўшую беларускую гісторыю. Рэпрэсіі сілавікоў прывялі да таго, што людзі выдалілі ці схавалі з адкрытага доступу свае здымкі з пратэстаў. Захоўваць і перасылаць такія здымкі таксама небяспечна. Сайты недзяржаўных медыяў у Беларусі заблакаваныя, увесь архіў TUT.by недаступны. Адначасова з інфармацыйным ціскам прапаганды адбываецца і візуальны ціск на вуліцах гарадоў. На што адразу рэагуе і іх інтэрнэт-адлюстраванне на мапах.

Скрыны «Google Maps»

Але не ўсё так песімістычна, бо мы бачым на «Google Maps» Новую Беларусь!

Вёска Новая Беларусь каля Бабруйску. Скрын «Google Maps»

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў