Суд Смаргонскага раёну 25 жніўня вынес прысуд у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 367 КК («Паклёп на прэзідэнта») супраць 46-гадовага былога настаўніка гісторыі і грамадазнаўства мясцовай гімназіі Андрэя Пятроўскага. Пра гэта паведамляе «Вясна».
Андрэю Пятроўскаму 46 гадоў, ён мае каля 20 гадоў педагагічнага стажу, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства. 12 сакавіка гэтага года ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік NEXTA «Конституция ушла в проституцию!» з лагатыпам, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Сярод вучняў быў сын мясцовай чыноўніцы, які зняў гэта на мабільны тэлефон і даслаў бацькам. Пасля гэтага настаўніка звольнілі і завялі крымінальную справу.
Паводле абвінавачвання, ролік «змяшчае загадзя ілжывую інфармацыю, якая ганьбіць прэзідэнта». Гэтак, яна ўтрымлівае выказванне «крывавы дыктатар», а таксама нібыта паклёпніцкую інфармацыю аб незахаванні Аляксандрам Лукашэнкам цэлага шэрагу артыкулаў Канстытуцыі.
Суддзя Людміла Міхневіч пакарала былога настаўніка паўтара гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, як і запытваў пракурор Андрэй Клышэвіч.
Былы настаўнік віны не прызнаў.
МГ belsat.eu