Чацвёртыя выходныя запар жыхары Бразіліі пратэстуюць супраць палітыкі прэзідэнта Жаіра Балсанару ў пытанні барацьбы з каронавірусам, піша «Deutsche Welle».
На нядзелю, 25 ліпеня, акцыі пратэсту былі анансаваныя ў 400 гарадах па ўсёй краіне. На вуліцы выходзяць тысячы дэманстрантаў. Яны патрабуюць адстаўкі прэзідэнта.
У Рыа-дэ-Жанэйра прайшоў мітынг людзей у чырвоным адзенні і масках. Яны трымалі плакаты з лозунгамі: «Прэч карумпаванага злачынцу», «Імпічмэнт – зараз», «Мы хочам прышчэпак, ён хоча хабараў». Акрамя Рыа-дэ-Жанэйра акцыі прайшлі ў Рэсіфі і Сальвадоры.
Пратэстоўцы скардзяцца на позні пачатак кампаніі вакцынацыі, а акрамя таго – высокі ўзровень беспрацоўя, адсутнасць падтрымкі малазабяспечаных групаў насельніцтва, якія эканамічна пацярпелі ад пандэміі.
Балсанару вінавацяць у тым, што ён тым, што выказваў сумневы ў небяспечнасці каронавірусу і карысці вакцынацыі, спрыяў распаўсюду COVID-19 і павелічэнню колькасці ахвяраў з гэтым дыягназам. Ад самага пачатку пандэміі бразільскі ўрад выступаў супраць локдаўну і іншых абмежаванняў, спасылаўся пры гэтым на высокі кошт такіх мерапрыемстваў для эканомікі.
Цяпер камітэт Нацыянальнага кангрэсу – парламенту краіны – расследуе законнасць дзеянняў Балсанару падчас эпідэміі.
Адначасова рэйтынг падтрымкі Жаіра Балсанару сярод насельніцтва ўпаў да мінімуму, і склаў усяго 24 адсоткі. Як зазначае шэраг аналітыкаў, на выбарах у наступным годзе яму можа пагражаць параза ад экс-прэзідэнта Бразіліі Луіса Інасіу Лулы да Сілвы. Ён цяпер з’яўляецца лідарам левай Партыі працоўных, якая актыўна падтрымлівае пратэсты ў Бразіліі.
ГГ, belsat.eu