Лукашэнка: Пачалося перамяшчэнне ядравых боезапасаў у Беларусь


Многія звярнулі ўвагу на тое, што на форуме ЕАЭС 24 траўня падчас выступлення прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева Пуцін і Лукашэнка пра нешта перагаварыліся, заўсміхаліся, а пасля паціснулі адно адному рукі. Лукашэнка расказаў, пра што канкрэтна ён перашэптваўся з прэзідэнтам Расеі.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяняліся поціскамі пад словы Такаева пра адну на дваіх ядравую зброю. Масква, Расея, 24 траўня 2023 года. Скрыншот з відэа: «Пул Первого» / Telegram

Касым-Жамарт Такаеў у сваім выступленні казаў пра тое, што Беларусь і Расея ўтвараюць адзіную палітычную, ваенную, эканамічную прастору і «нават ядравую зброю маюць адну на дваіх цяпер».

Менавіта падчас гэтых словаў Уладзімір Пуцін нахіліўся да Аляксандра Лукашэнкі і нешта яму сказаў, пасля чаго яны паціснулі рукі. Адказваючы на адпаведнае пытанне журналістаў, беларускі кіраўнік сказаў, што ніякай таямніцы тут няма:

«Калі гаворка зайшла пра ядравую зброю… Я, шчыра кажучы, з-за акустыкі гэтай не вельмі і пачуў, а Уладзімір Уладзіміравіч мне кажа, што вось прынята рашэнне па размяшчэнні ядравай тактычнай зброі ўжо ў Беларусі. Ён мне пра гэта сказаў. Я кажу: «Дзякуй». Вось пра што ішла гаворка, не больш».

Аляксандр Лукашэнка пазней удакладніў яшчэ раз, што Пуцін яго паінфармаваў аб тым, што ён падпісаў загад аб дзеяннях дзвюх краін па размяшчэнні ядравай зброі ў Беларусі. «То бок гаворка вялася пра дакумент канкрэтны. Так, прынята рашэнне ў развіццё таго, што сказана было вусна. Ну, нам трэба было падрыхтаваць месцы захоўвання і іншае. Мы ўсё гэта зрабілі, таму пачалося перамяшчэнне ядравых боезапасаў», – адзначыў беларускі кіраўнік.

На ўдакладняючае пытанне журналіста, ці ўжо ядравая зброя ўжо ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адказаў, што гэта магчыма: «Я прыеду – пагляджу».

25 траўня, стала вядома, што ў Менск прыбыў міністр абароны Расейскай Федэрацыі Сяргей Шайгу, які разам з міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным падпісалі дакументы, што вызначаюць парадак утрымання расейскай нестратэгічнай ядравай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі.

Нагадаем, што папярэднюю заяву пра размяшчэнне ядравай зброі Уладзімір Пуцін зрабіў 25 сакавіка 2023 года, пры гэтым паведаміўшы, што будаўніцтва адмысловага сховішча плануецца скончыць 1 ліпеня 2023 года. Вельмі падобна, што гэтая заява не была напярэдадні ўзгоднена з беларускім бокам, бо афіцыйных каментароў ад Менска давялося чакаць некалькі дзён.

Hавiны
Такаеў пра Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеіі: Трэба нешта рабіць з гэтай праблемай
2023.05.24 20:40

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў