Сяргей Гайдай: Наступны тыдзень будзе вызначальны для Луганшчыны


Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі паведаміў, што на некаторых участках фронту сітуацыя надзвычай цяжкая. Расейскія войскі засяродзіліся на Данбасе і сцягнулі на Луганшчыну ўсе магчымыя сілы ды абстрэльваюць рэгіён. Найбліжэйшы тыдзень будзе вызначальны для вобласці, перадае словы Гайдая агенцтва УНІАН.

Сяргей Гайдай.
Фота: 24tv.ua

«Оркі канчаюцца. Яны гэтак жа смяротныя, як і ўсе астатнія. Адзінае – іх вельмі шмат. Нашыя байцы проста шакаваныя тым, што тыя, быццам тараканы, лезуць з усіх шчылінаў. Але я думаю, што найбліжэйшы тыдзень пакажа. Усё развіццё падзеяў будзе на гэтым тыдні», – заявіў Гайдай.

Кіраўнік абласной адміністрацыі адзначыў, што на ўскраінах Севераданецку вядуцца цяжкія баі, таму сітуацыя цяпер вельмі цяжкая. На горад скідаюць авіябомбы, б’юць «Градамі» і «Смерчамі», абстрэльваюць артылерыяй.

Гайдай дадаў, што расейскія войскі падышлі дастаткова блізка да гораду і вядуць абстрэл мінамётамі. Горад знішчаецца пастаянна, кругладзённа. Ён упэўнены, што Уладзімір Пуцін загадаў за любую цану заняць Луганскую вобласць, таму Расея перакідвае войскі з-пад Марыупалю, Харкава і Данецкай вобласці.

Сяргей Гайдай таксама адзначыў, што пад украінскім кантролем застаюцца каля 10 % тэрыторыі Луганшчыны.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў