Ціханоўская стэлефанавалася з дарадцам прэзідэнта ЗША


Святлана Ціханоўская заклікала Злучаныя Штаты пачаць расследаванне па факце захопу самалёта «Ryanair» і разглядаць гэты факт неад’емна ад рэпрэсіяў у Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота. Святлана Ціханоўская, 9 красавіка 2021 года. Скрыншот: відэазварот Святланы Ціханоўскай / Telegram

Вечарам 24 траўня Святлана Ціханоўская правяла тэлефонныя перамовы з Джэйкам Саліванам – дарадцам прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі. Пра размову офіс Ціханоўскай расказаў у сваім Telegram-канале раніцай 25 траўня.

Паводле Ціханоўскай, яна перадала Салівану ўсе вядомыя дэталі затрымання ў Менску журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай сяброўкі Сафіі Сапегі. Яна дадала: «няма сумневаў, што Рамана ў засценках турмы катуюць».

Hавiны
З’явілася першае відэа з затрыманым Раманам Пратасевічам
2021.05.24 23:06

Яна заклікала ЗША распачаць расследаванне аб захопе самалёта «Ryanair» і затрыманні Пратасевіча, падтрымаць спыненне ўдзелу Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі і Інтэрполе, а таксама абмеркаваць далейшыя дзеянні міжнароднай супольнасці, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці і вызваліць беларускіх палітычных зняволеных.

«Сітуацыю з захопам самалёта нельга разглядаць асобна ад іншых рэпрэсіяў і жахлівых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, – перадае офіс Ціханоўскай яе заяву падчас размовы. – Знішчэнне TUT.by, гібель Вітольда Ашурка, захоп Рамана – гэта ўсё вынік беспакаранасці рэжыму і адсутнасці рашучай рэакцыі з боку сусветнай супольнасці. Таму рэакцыя павінна быць усёабдымнай, уключаць санкцыі і палітычную ізаляцыю рэжыму».

Hавiны
Што за «ліст пра бомбу» і калі паднялі знішчальнік. Версія беларускага боку пра захоп рэйсу «Ryanair»
2021.05.24 19:43

Ціханоўская дадала, што працуе разам з амбасадаркай ЗША Джулі Фішэр і прапанавала ЗША абмеркаваць рашэнне беларускага крызісу з удзелам беларускіх дэмакратычных сілаў на саміце «Вялікай васьмёркі» ў Лондане (мінулы такі саміт прайшоў у пачатку траўня ў фармаце «Вялікай сямёркі», без Расеі, а наступны ў тым жа фармаце запланаваны на 11–13 чэрвеня). Таксама яна заклікала правесці летам «міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню», прысвечаную пераадоленню крызісу ў Беларусі.

Заява прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, адзначае офіс Ціханоўскай, з’явілася неўзабаве пасля размовы Ціханоўскай з Саліванам.

Hавiны
«Ганебны напад на іншадумства». Байдэн – пра захоп рэйсу «Ryanair» і арышт Пратасевіча
2021.05.25 09:22

23 траўня самалёт «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю аб «мініраванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. У Менску затрымалі прынамсі двух пасажыраў: блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Сафію Сапегу. Астатніх пасажыраў адпусцілі пад вечар. Гендырэктар «Ryanair» назваў перанакіраванне самалёта ў Менск «дзяржаўным пірацтвам», прэм’ер-міністр Польшчы – «дзяржаўным тэрарызмам».

24 траўня Саміт Еўразвязу прыняў рашэнне забараніць беларускім авіякампаніям палёты ў Еўразвяз. Рашэнне можа набыць моц, калі яго зацвердзяць на ўзроўні еўрапейскіх міністраў. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі склікае 27 траўня тэрміновае паседжанне праз сітуацыю ў Беларусі. Шэраг авіякампаніяў ужо накіроўвае свае рэйсы ў аблёт Беларусі, прэзідэнт Украіны даручыў ураду спыніць авіясувязь з паўночнаю суседкаю. Францыя і Вялікая Брытанія забаранілі палёты беларускай дзяржаўнай авіякампаніі «Белавія» над сваёй тэрыторыяй.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў