Гуаідо сышоў з Венесуэлы. Якія ўрокі Ціханоўская можа вынесці з венесуэльскага двоеўладдзя?


Лідар венесуэльскай апазіцыі Хуан Гуаідо, якога большая частка дэмакратычных дзяржаваў прызнала кіраўніком Венесуэлы, 25 сакавіка зляцеў спачатку ў Калумбію, затым у Злучаныя Штаты праз пагрозы яму і сям’і з боку фактычнага кіраўніка Венесуэлы Нікаляса Мадура. У чым падобныя крызісы ў Беларусі і Венесуэле, «Белсату» расказаў беларускі палітолаг Валер Карбалевіч.

Хуан Гуаідо, венесуэльскі палітык, выступае на маршы пратэсту. Каракас, Венесуэла. 2 лютага 2019 года.
Фота: Alex abello Leiva / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Пасля смерці дыктатара Уга Чавэса і абвалу цэнаў на нафту ў Венесуэле пачаўся працяглы эканамічны і палітычны крызіс, з 2014 года трывалі масавыя пратэсты. На пазачарговых прэзідэнцкіх выбарах у 2018 годзе дзейны кіраўнік Венесуэлы Нікаляс Мадура абвясціў сябе пераможцам, але апазіцыя і шэраг дэмакратычных дзяржаваў не прызналі выбары. У 2019 годзе спікер Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуаідо заявіў, што Мадура не з’яўляецца законна выбраным прэзідэнтам, і абвясціў сябе кіраўніком дзяржавы – пачалася двоеўладдзе, якое, тым не менш, не прывяло да сыходу Мадура.

Сітуацыі ў Беларусі і Венесуэле, канешне, розныя, падкрэсліў Валер Карбалевіч, але параўнаць ёсць што: і там, і там быў востры палітычны крызіс, большасць насельніцтва выступіла супраць дзейнага рэжыму, але рэжыму ўдалося ўтрымацца дзякуючы падтрымцы сілавых структураў (у Беларусі найперш МУС і КДБ, у Венесуэле – перадусім войска), але дзяржаўныя інстытуты ў выніку «рэдукаваліся да ўзроўню рэжыму», сталі працаваць на самападтрымку замест выканання належных функцыяў.

«У Венесуэле гэты працэс дайшоў да чыстага варыянту: там дзяржава ўвогуле развалілася, – мяркуе Карбалевіч. – Там дзяржава не змагла выконваць ніякія функцыі».

Праз шалёную інфляцыю (звыш мільёна адсоткаў на год два гады запар) ў Венесуэле фактычна знікла нацыянальная валюта, расказвае ён. Зніклі сацыяльныя функцыі, правасуддзе, ахова межаў. Мільёны людзей эмігравалі.

У Беларусі, працягвае Карбалевіч, гэты працэс пачаўся ў 2020 годзе, але як нейкі працэс, які быў прыпынены. Частка дзяржаўных інстытутаў таксама перастала выконваць свае функцыі, як то інстытуты правасуддзя, аховы межаў або вонкавай палітыкі, пацярпелі інстытуты культуры і адукацыі… Але да такога, як у Венесуэле, не дайшло.

Гуайдо паведамляе, што пакінуў Венесуэлу пра пагрозы яму і сям’і, але абяцае працягваць барацьбу:

І ў Венесуэле, і ў Беларусі з’явіліся выбраныя прэзідэнты, адзначае Карбалевіч. Іх – Хуана Гуаідо і Святлану Ціханоўскую – прызналі шмат грамадзянаў іхных краінаў і шмат замежных суб’ектаў, але ў абодвух выпадках гэта не моцна паўплывала на стан справаў у краіне.

Якія ўрокі з гісторыі Гуаідо варта вывучыць беларускай дэмакратычнай супольнасці? Карбалевіч адказвае: адкруціць гісторыю назад, каб перарабіць 2020 год, немагчыма, таму немагчыма ўзяць досвед таго ж Гуаідо на ўзбраенне Аб’яднанага пераходнага кабінету.

«Галоўны ўрок палягае ў тым, што людзей на вуліцы, якія пратэстуюць, дзеля пераменаў у краіне недастаткова, – разважае Карбалевіч. – Тым болей, калі гэтыя людзі выходзяць на вуліцу толькі раз на тыдзень. Так рэвалюцыі не робяцца».

«Дзеля пераменаў патрэбна, каб дзяржаўны апарат перастаў падтрымліваць рэжым і перайшоў на бок народу. Гэта галоўны ўрок», – рэзюмуе Карбалевіч.

Ды якія з гэтага ўроку можна зрабіць высновы цяпер, праз тры гады па пратэстах-2020, аналітык не ўяўляе.

Глабальнае пытанне
Іншыя ўрады ў выгнанні: ці змаглі яны перамагчы?
2022.11.15 20:47

belsat.eu

Стужка навінаў