Прычынай выхаду Герасімені з Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці сталі рознагалоссі


На мінулым тыдні, 19 красавіка, Аляксандра Герасіменя заявіла, што пакідае Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, на ўласнай старонцы ў Facebook.

Прычынай выхаду з фонду сталі разыходжанні ў поглядах з калегамі наконт таго, як трэба весці справы ў фондзе, расказала Герасіменя «Еўрарадыё».

Аляксандра Герасіменя ў студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 21 кастрычніка 2020 года.
Фота: ЯП / Белсат

«Тое бачанне справаў у фондзе мяне не зусім задаволіла. У нас былі разыходжанні і, каб не было канфлікту, я пастанавіла, што пакіну фонд, – распавяла Герасіменя. – Я буду змагацца да канца, і ўсё, што я магу і змагу зрабіць, буду рабіць і далей».

Таксама Герасіменя падкрэсліла, што ейны адыход – гэта не канец, а пачатак чагосьці новага, і гэта не азначае, што яна здалася. Пры гэтым яна заявіла, што фонд – гэта не толькі яна і ён будзе працягваць працу. Аднак што менавіта здарылася ў фондзе, спартсменка так і не распавяла.

«Калі падмурак, на якім усё мусіць трымацца, пачынае разбурацца, то, адпаведна, трэба паспрабаваць, каб гэтага не здарылася», – дадала яна.

Трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя стала старшынёй Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці ў сярэдзіне кастрычніку 2020 года.

Інтэрв’ю
Спорт па-за палітыкаю vs спорт дзеля міру. Ці маюць спартовую будучыню алімпійскія чэмпіёны ў Беларусі?
2022.03.25 17:04

АД belsat.eu

Стужка навінаў