Эксперт: Расея ўжо страціла 1/3 сучаснай вайсковай тэхнікі


Тыдзень таму расейскае вайсковае камандаванне абвесціла змену прыярытэтаў у вайне з Украінаю. Войскі РФ пастанавілі засяродзіць удар на Данбасе і поўдні Украіны, каб злучыць Крым з акупаванымі раней тэрыторыямі. Аднак вайсковы эксперт Мікалай Саламаха адзначыў, што расейцы сутыкнуліся з істотнымі праблемамі ў рэалізацыі плану і страцілі вялікую частку баяздольнай тэхнікі. У эфіры «Белсату» Мікалай Саламаха выказаў меркаванне, што расейскі наступ можа «скончыць свой патэнцыял» прыблізна праз 10 дзён, а войску ЗСУ, імаверна, пяройдуць у контрнаступ.

Згарэлая расейская тэхніка.
Фота: tsn.ua

Эксперт адзначыў, што вайсковая дапамога ЗША можа адбіцца на баявых дзеяннях на Данбасе. Саламаха заявіў, што цяпер украінцы змогуць не толькі эфектыўна абараняцца, але і перайсці ў контрнаступ.

Паводле Мікалая Саламахі, расейскі план захопу вялікіх гарадоў і значнай часткі тэрыторыі Украіны быў даволі інфантыльным. Для выканання задачаў РФ трэба было мець трохразовую перавагу над ЗСУ, а каля вялікіх гарадоў суадносіны павінны быць 1:5 і 1:7.

«Задача была пастаўлена невыканальная. Украіна эфектыўна знішчае жывую сілу і тэхніку. Адкрытыя звесткі кажуць, што расейскае войска абяскроўленае. А папаўненне на замену маральна не гатовае весці ў тых умовах вайну, найлепшая тэхніка РФ спыненая. Траціна сучасная тэхнікі страчаная», – дадаў Мікалай Саламаха.

Артыкулы
«The Washington Post»: Беларускія партызаны дапамаглі спыніць напад расейцаў на Кіеў
2022.04.24 19:28

Украінскі эксперт адзначыў, што пасля цяжкіх стратаў тэхнікі ў РФ павінна адбыцца замена на састарэлую савецкую тэхніку. Такая тэхніка не такая эфектыўная, а асабовы склад таксама не будзе гатовы гэтак эфектыўна змагацца: «Яны не маюць належнага ўзроўню кваліфікацыі для вядзення баявых дзеянняў».

Таксама эксперт выказаўся і пра сітуацыю на Данбасе ды аптымістычна заявіў, што, імаверна, праз 10 дзён расейскі націск можа страціць сваю вастрыню:

«Цяжка ацаніць да апошняга жаўнера, але, як мне вядома з пэўных крыніцаў, Расея яшчэ мае 30 батальённых тактычных групаў. Мне не вядома, кінуць расейцы іх у бой ці будуць захоўваць рэзервы да апошняга. Спрагназаваць іх дзеянні складана. Калі яны кінуць апошнія сілы ў бой, то мы ўбачым яшчэ тыдзень – 10 дзён бесперапынных баёў таго ўзроўню, што адбываюцца на харкаўскім кірунку і Данбасе. Такім чынам прыблізна праз 10 дзён можа скласціся становішча, каб войскі Украіны правялі паспяховы контрнаступ».

Аб’ектыў
Расейскі ваенны карабель пайшоў на дно
2022.04.15 23:21

Апроч таго, Мікалай Саламаха падзяліўся думкамі пра грэблівае стаўленне ўладаў РФ да стратаў уласнай жывой сілы. Эксперт паведаміў, што такое стаўленне да жыцця чалавека мае глыбокія карані ў гісторыі і ў прыватнасці нядаўніх савецкіх традыцыях:

«Давайце скажам, што такое стаўленне мае глыбокія карані і традыцыі. Гісторыкі ўва ўсім свеце не могуць палічыць, якія страты СССР зазнаў на франтах Другой сусветнай вайны. Мы не ведаем, колькі чалавек згінула падчас карных аперацыяў у Вугоршчыне, Польшчы, Афганістане. Лічбы называюць, але яны не пацверджаныя. Не раскрытыя архівы і не зняты грыф «сакрэтна» з дакументаў. Камандаванне РФ не валодае дастатковай інфармацыяй, бо шмат якія страты адбыліся там, дзе яны не змаглі замацавацца, і там цяжка падлічыць».

Нагадаем, што сёння 61-ы дзень вайны ва Украіне. 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак «спецыяльнай вайсковай аперацыі», якая мусіла скончыцца за 3–7 дзён і мела на мэце змяніць палітычнае кіраўніцтва Украіны.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў