Жонка Аляксандра Фядуты распавяла пра яго стан у следчым ізалятары КДБ


На днях Аляксандр Фядута, палітолаг і публіцыст, якога абвінавачваюць у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і замаху на Аляксандра Лукашэнку змог пабачыцца са сваёй адвакаткай. Праз яе жонка Фядуты Марына Шыбко даведалася пра стан і настрой мужа і распавяла аб гэтым «Народнай Волі».

Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты.
Фота: Марина Шибко / Facebook

Адвакатка, якую наняла жонка Фядуты, убачыла свайго падабароннага не адразу, а праз некалькі дзён пасля затрымання. Спачатку для Фядуты запрасілі дзяжурнага адваката. Інфармацыі ад яго таксама практычна ніякай не было.

Але цяперашняя адвакатка звязаная жорсткай падпіскай аб неразгалошванне і не паведамляе ніякіх падрабязнасцяў, завязаных з расследаваннем справы і можа распавесці толькі пра нейкія бытавыя пытанні.

Лісты да Аляксандра Фядуты пакуль не даходзяць. Але тэлеграму ад жонкі ён атрымаў.

«Ён сказаў, што напісаў ліст, але я яго не атрымлівала. Ведаю, што яму многія пішуць, пытаюцца парады па літаратурных справах як у эксперта, але пакуль ня чула, каб хтосьці ад яго атрымаў адказ, і ня ў курсе, ці перадаюць яму наогул карэспандэнцыю», – распавяла Марына Шыбко.

У Аляксандра Фядуты праблемы са здароўем, ёсць хранічныя захворванні. Лекі, якія ён прымае пастаянна, Марына Шыбко перадала ў следчы ізалятар КДБ. Там іх прынялі.

«Цяпер ён праз адваката сказаў, што ціск скача, папрасіў, каб яму перадалі танометр, але я ня ведаю, прымуць яго ці не, – кажа Марына. – Ведаю, што яго наведваў лекар і яго выводзілі на прагулкі. Больш ніякай інфармацыі ў мяне, на жаль, няма».

Таксама Аляксандр Фядута просіць, каб яму перадалі больш паперы – для лістоў і працы. Ён сабраўся ў следчым ізалятары пісаць ледзь не чарговую дысертацыю, доктарскую ён абараніў у Польшчы.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў