«Забілі і развесілі на кусце бы гірлянды». У вёсцы Лагойскага раёну нехта жорстка расправіўся з вужамі


У вёсцы Мураванка Лагойскага раёну невядомыя забілі вялікіх вужоў і развесілі іх на кусце ля жылога дому. Людзі звярнуліся ў абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Тыя ж перадалі справу па жорсткім абыходжанні з жывёлаю ў мясцовае ўпраўленне ўнутраных справаў.

Вёска Мураванка месціцца за кіламетраў дваццаць ад Лагойску. Узгорыста-лясісты ландшафт ваколіц тутэйшыя жыхары называюць беларускаю Швейцарыяй. Вёска стаіць на узвышшы ў баку ад буйных трасаў. На самым уездзе з правага боку гравійкі – парослы хмызняком і чаротам ставок, вышэй за ім адкрываюцца цагляныя рэшткі былога маёнтку, які ўзарвалі партызаны ў 1942 годзе. Тут жа пад мурамі б’е крыніца і далей разліваецца ў невялікую балаціну.

Вёска Мураванка месціцца за кіламетраў дваццаць ад Лагойску.
Фота: Віртуальны музей
Вёска Мураванка.
Фота: Белсат

З гэтага месца і пачынаецца вёска: у парослай нізіне схаваўся атынкаваны белы дом, другі – драўляны з выцвілаю ад часу фарбаю – сваймі вокнамі ўтаропіўся ў рэшткі маёнтку. На рагу маёнткавага ўчастку расце замшэлы бэзавы куст. Менавіта на гэтым кусце невядомыя развесілі трупы дарослых вужоў. Гэтую страшэнную карціну пабачыў адзін з мясцовых гаспадароў лецішча раніцою ў пятніцу.

«Пра тое, што ля крыніцы вядуцца вужы, казалі даўно. Але на ўласныя вочы іх ніколі не бачыла. І не чула, каб нехта скардзіўся, што поўзаюць па ўчастках. Мы нават на муры не сустракалі змей, толькі яшчарачак малых. Ужо паверце: каб яны тут круціліся – нагі б маёй не было ў вёсцы, бо панічна баюся любых змей, – распавядае дачніца, якая паведаміла пра здарэнне. – Але калі ўбачыла гэтую карціну – шэсць мёртвых вялікіх вужоў, зрабілася проста не па сабе: каму гэта прыйшло ў галаву, з якой прычыны… Ну баішся ты змей, дык і не чапай, абыдзі бокам. Тым больш жа відаць, што гэта вужы. А тут забілі і развесілі на кусце, бы гірлянды».

На кусце невядомыя развесілі трупы дарослых вужоў.
Фота: Белсат
На кусце невядомыя развесілі трупы дарослых вужоў.
Фота: Белсат

У Мураванцы не так шмат жылых дамоў. Раней вёска была вялікая, ні адной закінутай хаты ці ўчастку, людзі бралі па некалькі надзелаў зямлі пад агароды, быў свой статак кароў, згадвае гераіня. Цяпер жа старое пакаленне адышло, Мураванка ператварылася ў пасёлак лецішчаў, куды прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі старажылаў. Пастаянна жыве адно некалькі чалавек.

«У вёсцы ўсе адно аднаго добра ведаем – можна сказаць, раслі разам. Так, за апошнія гады з’явіліся і новыя суседзі. Але ўсе людзі прыстойныя, працавітыя. Канфліктаў быццам бы ні ў кога няма. Таму цяжка сказаць, хто мог такое ўчыніць. На сваіх дакладна думаць не хочацца, у галаве не ўкладаецца, што гэта мог быць нехта з суседзяў, – разважае гераіня. – Ну, ёсць у нас колькі гэтак званых выпівох, але нават яны наўрад ці маглі пайсці на такое».

У Мураванцы не так шмат жылых дамоў.
Фота: Белсат

Прыязджаюць у Мураванку і з суседніх вёсак – па сцюдзёную ваду з крыніцы. Яна ў гаенскіх ваколіцах сапраўдная славутасць: вада чыстая, без прысмаку ды не зацвітае нават ад доўгага стаяння. Але тое, што руку на вужоў падняў нейкі «прышлы», нашая суразмоўца ставіць пад сумнеў:

«Людзі прыехалі, кінулі аўта на верхняй пляцоўцы ля муру, збегалі да крыніцы і назад. Не ўяўляю, як там у змей што адбываецца, але ў гэткім выпадку, падаецца, трэба было ведаць пра іхную наяўнасць і дзе гняздо. Гэта не справа пяці хвілінаў. Навошта чужому на гэта вытрачаць час?».

Па факце знішчэння вужоў відавочцы звярнуліся ў абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы наваколля, падалі пісьмовую заяву з фотаздымкамі з просьбаю разабрацца ў здарэнні. Тыя ж перадалі справу па жорсткім абыходжанні з жывёлаю ў мясцовае ўпраўленне ўнутраных справаў, у кампетэнцыі якіх ладзіць разборы па такіх выпадках.

«Учора ўвечары я патэлефанавала ў камітэт, вельмі прасіла не пакідаць без увагі забойства вужоў. Ведаю, што гэтае ведамства звычайна сур’ёзна падыходзіць да такіх здарэнняў. У мяне пыталіся, ці маю я здагадкі, хто мог такое рабіць з мясцовых, але не, нікога падазраваць я не магу. Распытвалі, ці шмат дзяцей у вёсцы. Ну, так, ёсць сем’і з дзецьмі, але яны таксама гаспадары лецішчаў, і дамы стаяць далёка ад балаціны. Заўпэўнілі, што справа на кантролі, у тым ліку ў міліцыі. Яшчэ выказаліся, што гэта можа быць папярэджанне, застрашэнне кагосьці з тых, хто там жыве. Але навошта? У доме, ля якога развесілі трупы вужоў, пастаянна ніхто не жыве ўжо даўно, зямлі ў вёсцы стае, каб будавацца. Адпудзіць жа ад крыніцы, дык раскідалі б ужо ля самаго латака», – мяркуе нашая суразмоўца.

Зрэшты, гэта не першы выпадак шкодніцтва ля крыніцы, згадвае гераіня. Летась у снежні нехта спілаваў яблыню-дзічку, якую некалькі гадоў таму прывіў мясцовы жыхар.

Летась нехта спілаваў яблыню-дзічку.
Фота: Белсат

«Цалкам бессэнсоўнае дзеянне: дрэва дакладна не замінала падыходам ці пад’езду да крыніцы. Але нехта наўмысна спілаваў ды кінуў ствол тут жа. Сумна гэта ўсё! Бо ёсць тыя, хто стараецца добраўпарадкаваць гэтае месца. Мясцовыя з суседняй вёскі, якія выраслі тут, усталявалі сваймі сіламі стэнд, апісалі гісторыю палацу і мясцінаў, каб людзі разумелі, што гэта ўнікальнае месца, нашая агульная спадчына, якую трэба цаніць. Але ж знайшліся тыя, хто так паскудзіць, бесчалавечна ставіцца да прыроды ды працы іншых», – абураецца дзяўчына.

МД, belsat.eu

Стужка навінаў