Паэтычная супольнасць беларусаў у 104-ты дзень святкавання Дня Волі заявіла пра стварэнне новай беларускай газеты «Лямант».
Яна будзе выходзіць онлайн два разы на месяц.
«Вядома ж, паэтычная і палітычная ў Беларусі – гэта сінонімы, бо барацьба за выжыванне – натуральная азнака любой асобы, любой групы. Раз усё беларускае нішчыцца – то яно й вядзе барацьбу наўпрост за права існаваць», – напісана ў заяве.
Як сказана ў тэлеграм-канале газеты, яе супольнасць бярэ пачатак яшчэ з 2016 года, калі была створаная паэтычная групоўка ў адным з кабінетаў філалагічнага факультэта БДУ ў Менску.
«Цяпер як ніколі важна яднаць беларусаў як у краіне, так і па-за яе межамі. Суцэльнымі высілкамі падтрымліваць і множыць наш дух, узбагачаць мову, дзяліцца досведам – будаваць Новую Беларусь непасрэдна зараз. Для нас у Грузіі, Літве, Украіне, Польшчы, Аўстраліі і так далей – гэта магчымасць заставацца сабою, будаваць краіну, нават часова яе згубіўшы фізічна. Для нас у Беларусі – пляцоўка выказацца ананімна, чарговы раз пабачыць: нас безліч, мы жывыя, мы працягваем сваю справу!
На старонках нашага выдання будзем яднаць галасы ўсіх, адусюль у адзінае сугучча, каб пачуць адно аднаго, каб дагукацца да іншых, каб не сціхаў той вокліч, што Беларусь Жыве!», – кажуць стваральнікі газеты.
«Мы бярэмся згуртаваць усе нашы творчыя, інтэлектуальныя, маральныя высілкі для барацьбы з тыраніяй у Беларусі, адраджэння ўсяго, што за гэтыя гады разбурана, скасабочана і знішчана ворагамі нашага народа і ўсяго чалавецтва. Беларуская мова ёсць асновай змагання з дыктатурай. Нацыянальная гісторыя – галоўны вораг акупантаў і іх ідэолагаў. Культура – наш стрыжань і наш супраціў, каб сказаць: Не вайне! Не гвалту! Не акупацыі! Не Лукашэнку! Гэта наш лямант, наша цвёрдае патрабаванне і няўхісная мэта.
Мы кажам гэта са старонак газеты, якая цяпер будзе выходзіць двойчы на месяц, каб зноў і зноў выказваць, што Беларусь Жыве, працягваць і множыць беларускую справу, падтрымліваць усіх, каму падтрымка патрэбна. Ні шаптаць, ні кленчыць, а лямантаваць аб Беларусі, аб нас», – напісана ў маніфесце выдання.
Спампаваць першы нумар газеты можна на спасылцы.
АД belsat.eu