У краіне – масавыя затрыманні. Такі адказ уладаў на Дзень Волі


З самага ранку па ўсёй краіне праходзяць затрыманні. Пачалося з ператрусу ў гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута і распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да Саюзу палякаў у Беларусі. І цягам дня машына рэпрэсіяў толькі набірае хуткасць. «Белсат» сочыць за падзеямі.

Справа Саюзу палякаў у Беларусі

Сёння стала вядома, што Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу супраць старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс ды іншых сябраў арганізацыі.

Іх абвінавачваюць у рэабілітацыі нацызму і апраўданні генацыду беларускага народу паводле ч. 3 арт. 130 КК («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці праз прыкмету нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ды іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама праз рэабілітацыю нацызму, учыненыя групай асобаў»).

Сама Анджэліка Борыс зараз адбывае адміністратыўны арышт: 24 сакавіка яна атрымала 15 содняў за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства за кірмаш Казюк, які ладзіцца ў Горадні на ўгодкі смерці святога Казіміра.

Старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс. Крыніца: Znadniemna.pl

У межах гэтай крымінальнай справы раніцай 25 сакавіка пачаўся ператрус у гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута. Пра гэта паспела паведаміць ягоная жонка ў Facebook: «Удома міліцыя ў балаклавах. Тэлефанаваць не даюць».

Hавiны
Да гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута зранку прыйшлі сілавікі
2021.03.25 09:01

Падчас ператрусу ў кватэры Анджэя Пачобута было каля васьмі чалавек. Працэс здымалі на камеру, магчыма, для далейшых прапагандысцкіх сюжэтаў. У журналіста забралі ўсю тэхніку, два ноўтбукі і цвёрдыя дыскі, сем старых тэлефонаў. Таксама сканфіскавалі літаратуру на польскай мове – яна іх найбольш цікавіла, бэйджы з канферэнцыяў, усе польскамоўныя дакументы, разам з паперамі дачкі, узнагароды з «GrandPress».

Ператрус цягнуўся тры гадзіны. Адвакату журналіста прыехаць не дазволілі.

Акрамя Анджэя Пачобута, сілавікі прыйшлі да дырэктаркі грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай, да кіраўніцы лідскага аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі Ірэны Бярнацкай.

Пазней стала вядома, што Марыю Цішкоўскую і Ірэну Бярнацкую міліцыя павезла ў Менск. Яны сябры Галоўнай рады Саюзу палякаў у Беларусі.

Таксама ператрусы адбыліся ў польскай грамадскай школе, сядзібе Саюзу палякаў у Горадні і ў рэдакцыі пры Саюзе палякаў у Беларусі. Там сілавікі забралі газеты «Głos znad Niemna» і часопісы «Magazyn Polski», камп’ютары і абсталяванне.

Hавiны
Адбываецца ператрус у рэдакцыі пры Саюзе палякаў у Беларусі
2021.03.25 13:15

Польшча ўжо заявіла, што прапануе Літве і Латвіі ўвесці супраць Беларусі супольныя эканамічныя санкцыі праз падзеі вакол Саюзу палякаў у Беларусі.

У Берасці на выхадзе з дому затрымалі журналістаў-фрылансераў Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука.

Іх збіраюцца везці ў Маскоўскі РАУС. У Міланы ёсць няпоўнагадовая дачка.

Затрыманне Міланы Харытонавай.
Фота: Мілана Харытонава / Facebook

У Менску сёння невядомыя затрымалі лідара «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча. Яго перавезлі ў Жодзіна.

Дзяніс Урбановіч.
Фота: Радыё «Свабода»

У мястэчку Лунна Мастоўскага раёну затрымалі мясцовага актывіста і краязнаўца Лявона Карповіча.

Спадару Лявону 78 гадоў, над ягонаю хатаю вісеў нацыянальны сцяг. Сёння ў яго ўдома сілавікі ўчынілі ператрус, забралі ўсё з нацыянальнаю сімволікаю, нават Пагоню, і павезлі ў Масты.

У Віцебску затрымалі вядомага апазіцыянера і дысідэнта Барыса Хамайду.

Ранкам 25 сакавіка ён выйшаў да легендарнага ў Віцебску сіняга дому ў цэнтры гораду на адзіночны пікет з выяваю Пагоні. Гэткім чынам хацеў павіншаваць віцяблянаў з Днём Волі. Ужо праз некалькі хвілінаў да яго падышлі людзі ва ўніформе МУС і адвезлі ў Чыгуначны РАУС Віцебску.

Барыс Хамайда ў адзіночным пікеце.
Фота: Белсат

Пратрымалі 73-гадовага мужчыну ў пастарунку РАУС каля трох гадзінаў і выпусцілі, узяўшы тлумачэнні. Герб Пагоню, з якім мужчына выйшаў на адзіночны пікет, не сканфіскавалі.

Па стане на 23 гадзіны «Вясна» паведамляе пра 108 затрыманых 25 сакавіка, валанцёры – пра 178. Спісы ўвесь час аднаўляюцца.

Прэсавая служба МУС заявіла пра 200 затрыманых, адміністрацыйныя справы распачатыя супраць 43 кіроўцаў за гукавыя сігналы.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў