У рэдакцыю пры Саюзе палякаў у Беларусі прыйшлі з ператрусам. Забіраюць газеты «Głos znad Niemna» і часопісы «Magazyn Polski», а таксама камп’ютары і абсталяванне.
Раніцаю 25 сакавіка стала вядома, што Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу супраць старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс ды іншых асобаў арганізацыі.
Вядома, што каля васьмі чалавек прыйшлі з ператрусам да гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута, сябра Саюзу палякаў у Беларусі. Працэс здымалі на камеру, магчыма, для далейшых прапагандысцкіх сюжэтаў. Пасля трох гадзінаў ператрусу ў журналіста забралі ўсю тэхніку, два ноўтбукі і цвёрдыя дыскі, сем старых тэлефонаў. Таксама сканфіскавалі літаратуру на польскай мове, бэйджы з канферэнцыяў, усе польскамоўныя дакументы, уключаючы паперы дачкі, узнагароды з «GrandPress».
Адвакату журналіста прыехаць не дазволілі. Пасля ператрусу Анджэя Пачобута забралі на допыт.
Акрамя Пачобута, ператрусы адбыліся ў дырэктаркі грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай, кіраўніцы лідскага аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі Ірэны Бярнацкай, а таксама ў польскай грамадскай школе і сядзібе Саюзу палякаў у Горадні.
АД, belsat.eu