«Прабач нам, Украіна!» Хадаркоўскі, Акунін, Муратаў, Галкін, Лазараў – пра вайну, развязаную Расеяй


Пісьменнікі, акторы, палітыкі, поп-зоркі працягваюць выказваць сваё стаўленне да вайны ва Украіне. Акунін, Быкаў, Хаматава, Парфёнаў ды іншыя выступілі з адмысловаю заявай, у якой заклікалі спыніць ваенныя дзеянні.

Хадаркоўскі: Пуцін – злачынца і здраднік

Міхаіл Хадаркоўскі назваў дзень уварвання Расеі ва Украіну другім днём 22 чэрвеня 1941 года.

«Мы сёння перажываем адну з самых ганебных старонак расейскай гісторыі. Маё пакаленне вырасла на фільмах пра вайну – вялікую абарончую вайна. У 1941 годзе мы абаранялі сваю краіну ад агрэсара – сёння ўлада развязвае агрэсіўную вайну, прыкрываючыся імем нашай краіны. Быццам 22 чэрвеня 1941 года зноў, але толькі мы ўжо з другой лініі фронту», – кажа Хадаркоўскі.

«Пуцін – злачынца і здраднік. Яго будуць судзіць, калі, вядома, натуральныя прычыны не пазбавяць яго суда. Але нават пасля смерці ён застанецца ў ліку самых пагарджаных расейскіх лідараў. Я нават не магу падабраць гістарычную аналогію, бо ў гісторыі былі бяздарныя кіраўнікі, але такіх, каб усю краіну падрыхтаваць да таго, каб яна паляцела на сметнік дзеля захавання накрадзенага барахла, – вось такога ў расейскай гісторыі яшчэ не было», – дадае.

Акунін: Расеяй кіруе псіхічна ненармальны дыктатар

Вядомы пісьменнік Барыс Акунін напісаў, што 24 лютага 2022 года перамагло вар’яцтва і «для ўсіх нас пачалася новая эпоха – страшная».

«Я да самога канца не мог паверыць, што Пуцін пачне гэтую абсурдную вайну – і памыліўся. Я заўсёды верыў, што ўрэшце пераможа розум – і памыліўся. Перамагло вар’яцтва. Гінуць людзі, ліецца кроў. Расеяй кіруе псіхічна ненармальны дыктатар, і, што найбольш жудасна, яна пакорліва прытрымліваецца ягонай параноі», – піша Акунін.

«Я ведаю, што Пуцінляндыя і Расея не адно і тое ж, але цяпер для ўсяго свету ніякай розніцы няма. Страшна за ўкраінцаў. Страшна за разумных расейцаў пад уладай маньяка. За абалваненых расейцаў, якія будуць радавацца, таксама страшна. 24 лютага 2022 года для ўсіх нас пачалася новая эпоха. Страшная. Колькі яна працягнецца і ў якія ахвяры абыдзецца?..» – зазначае Барыс Акунін.

Муратаў: Мы не прызнаем Украіны ворагам

Нобэлеўскі лаўрэат і галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў заявіў, што толькі «антываенны рух грамадзянаў Расеі можа ўратаваць жыццё на гэтай планеце».

«Нашая краіна на загад прэзідэнта Пуціна пачала вайну з Украінай. І няма каму спыніць вайны. Таму разам з горам мы і я адчуваем сорам. У руках галоўнакамандуючы як звязку ключоў ад дарагой машыны круціць «ядравую кнопку». Наступны крок – ядравы залп? Ніяк інакш не магу вытлумачыць словы Уладзіміра Пуціна пра зброю адплаты.

Але гэты нумар «Новой газеты» мы выпусцім на дзвюх мовах – украінскай і расейскай. Бо мы не прызнаем Украіны ворагам, а ўкраінскай мовы – моваю ворага. І ніколі не прызнаем. І апошняе. Толькі антываенны рух расейцаў можа ўратаваць жыццё на гэтай планеце», – сказаў Муратаў.

Глухоўскі: Прабач нам, Украіна!

Пісьменнік Дзмітрый Глухоўскі папрасіў прабачэння ва Украіны:

«Гэта братазабойчая драпежніцкая вайна, якую развязаў звар’яцелы тыран. Прабач нам, Украіна!»

Максім Галкін: Не вайне!

Максім Галкін у дзень пачатку ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну выставіў у сваім «Інстаграме» чорны квадрат.

«З самой раніцы – на сувязі з роднымі і сябрамі з Украіны! Не перадаць словамі, што я адчуваю! Як гэта ўсё магчыма! Не можа быць апраўданняў вайне! Не вайне!» – напісаў Максім Галкін.

Сяргей Лазараў: Сам раву, як хлопчык…

Спявак і актор Сяргей Лазараў заклікаў спыніць агрэсію і сесці за стол перамоваў.

«Тыдзень таму мой сын прачнуўся ўначы ў слязах! Калі я спытаў, што здарылася, мой 7-гадовы сын адказаў: «Тата, я баюся вайны». Я адказаў: «Сонейка, ну ты што, не хвалюйся, супакойся, вайны не будзе!» І вось сёння пачалася сапраўдная вайна! Што ж вы робіце? Я сам раву як хлопчык цяпер!

Бо надакучыла, што ўладары свету працягваюць мерацца сілай і ўзбраеннямі! А жыццё адно, і яно праходзіць, і ніхто вось ужо шмат гадоў не можа выдыхнуць ды запланаваць хоць нешта на заўтра, бо ў палітыкаў іншыя планы! Калі ласка, спыніцеся ўсе! Разам! Скажыце «стоп»! Сядзьце за стол перамоваў!» – напісаў Лазараў.

Заява інтэлігенцыі: Мы не верым у заявы Уладзіміра Пуціна

Акторы, рэжысёры і пісьменнікі падпісалі адмысловую заяву пра вайну ва Украіне. Сярод падпісантаў – Дзмітрый Быкаў, Чулпан Хаматава, Леанід Парфёнаў, Іван Вырыпаеў, Уладзімір Мірзоеў ды іншыя.

«Распачатая вайна Расеі супраць Украіны – гэта ганьба.

Гэта нашая ганьба, але, на жаль, несці адказнасць за яе давядзецца яшчэ і нашым дзецям, пакаленню зусім маладых і тым, хто яшчэ не нарадзіўся. Мы не хочам, каб нашыя дзеці жылі ў краіне-агрэсары, каб яны саромеліся таго, што іхнае войска напала на суседнюю незалежную дзяржаву. Мы заклікаем усіх грамадзянаў Расеі сказаць не гэтай вайне.

Мы не верым у тое, што незалежная Украіна ўяўляе пагрозу Расеі ці любой іншай дзяржаве. Мы не верым у заявы Уладзіміра Пуціна, што ўкраінскі народ застаецца пад уладай «нацыстаў» і мае патрэбу ў тым, каб яго «вызвалялі». Мы патрабуем спыніць гэтую вайну», – гаворыцца ў заяве.

Стала таксама вядома, што Oxxxymiron адмяніў канцэрты, а цяжарная журналістка Ася Казанцава выйшла на пікет і была затрыманая.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў