Беларускія банкі ўводзяць ліміты па картках. Што і пра каго вядома


Беларусы паведамляюць пра праблемы, якія ўзніклі ў іх стасунках з банкамі пасля рэзкага росту курсаў долара і еўра, а таксама чарговых заходніх санкцыяў.

Альфа-Банк.
Фота: myfin.by

Гэтак, паведамляецца, што «БТА Банк» увёў ліміт пераводу грошай нават паміж сваімі ж карткамі.

Адзначаецца, што банк «Дабрабыт» увёў ліміт па зняцці грошай з карткі – не больш як 250 рублёў за содні. Свой ліміт увёў і «Белаграпрамбанк» таксама, а ў «Сбер Банку» прыбралі функцыю пакласці грошы на карту.

На сайтах згаданых банкаў знайсці адпаведных навінаў нам не атрымалася. Толькі «Белаграпрамбанк» паведаміў, што з 25 лютага спыніў прыём пакетаў дакументаў па шэрагу рознічных крэдытных прадуктаў. Між тым пра праблемы з работай картак беларускіх банкаў і пра новыя ліміты паведамляе MyFin.

Хто яшчэ?

Гэтак, Банк «БелВЭБ» хаця і кажа аб частковым вырашэнні праблем у разліках картамі «Visa» і «Mastercard», у яго па-ранейшаму не працуюць аплаты па гэтых картах праз інтэрнэт, у онлайн-крамах і сэрвісе «Apple Pay». Таксама карткі банку не будуць працаваць за мяжой. Апроч таго, банк спыніў крэдытаванне фізічных асоб і юрыдычных асоб (паводле асобных сэрвісаў) ды паслугі гандлёвага эквайрынгу.

Праблемы з карткай «Visa» узніклі і ў «РРБ-Банку» і «Тэхнабанку», спонсарам якіх з’яўляецца «БелВЭБ». Таму пакуль па картах «Visa» абодвух банкаў працуюць плацяжы толькі ўнутры Беларусі, акрамя аплат онлайн-пакупак і сэрвісу «Apple Pay». Зараз банкі шукаюць новага фундатара сярод банкаў, якія не патрапілі пад санкцыі.

Hавiны
Дзмітрый Крук пра заходнія санкцыі: «Гэта стварае шэраг нязручнасцяў для расейскай эканомікі»
2022.02.23 21:57

«Альфа-Банк» ніякіх абмежаванняў і лімітаў не ўводзіў, але 24 лютага прыходзіла шмат паведамленняў, што ягоныя банкаматы не выдаюць валюту. У банку гэта патлумачылі лагістычнымі праблемамі з запаўненнем банкаматаў валютай.

У «Прыёрбанку» спачатку былі праблемы з доступам у мабільнае прыкладанне, а затым – з плацяжамі па картах «Visa», у тым ліку аб плацяжах унутры Беларусі.

У сваю чаргу «МТБанк» увёў ліміты на аперацыі з валютай па картках банку. Так, папаўняць ягоныя валютныя карткі беларускімі рублямі можна не больш як на 1500 рублёў за содні. Гэтай жа сумай абмежаваныя ўсе дзеянні па картах банку, дзе адбываюцца валютна-абменныя аперацыі – пакупак у замежных онлайн-крамах, выкарыстання замежных сэрвісаў («Apple», «Google», «Яндекс» і інш.), пакупкі і продажу валюты.

У Беларусбанку ж 24 лютага не працаваў шэраг абменнікаў і банкаматаў, а са старонак сайта знікла інфармацыя аб курсах валют.

Час здымаць грошы?

Hавiны
«Яшчэ ёсць нармальны шанец». Эканаміст Львоўскі параіў беларусам забіраць грошы з банкаў
2022.02.24 16:07

Нагадаем, што эканаміст Леў Львоўскі ў каментары «Белсату» назваў «добрай стратэгіяй» зняцце ўкладаў і грошай з рахункаў у банках.

«Пакуль што ў нас усе банкі дзеюць і працуюць. Крызіс, які здарыўся, выйшаў з расейскіх вайсковых ведамстваў, а не з нашай банкаўскай сістэмы. Але тым не менш трэба разумець, што цяпер, калі Беларусь таксама бярэ ўдзел у атацы на Украіну, на яе могуць быць накладзеныя самыя сур’ёзныя санкцыі», – адзначыў эканаміст.

Паводле адмыслоўца, у плане ўвядзення санкцыяў Беларусь цяпер у самым уразлівым становішчы.

«Нашыя банкі, хутчэй за ўсё, не згалеюць, але праблемы з выкарыстаннем банкаўскай сістэмы пачнуцца ці ўжо пачаліся. Я думаю, што ў беларусаў яшчэ ёсць нармальны шанец, асабліва калі гаворка не пра мільёны долараў, а пару сотняў ці тысячаў. Такія грошы ў банках яшчэ могуць знайсціся».

Раней эканамісты ўжо раілі беларусам забраць свае грошы з банкаў, якія трапілі пад амерыканскія санкцыі.

Hавiны
«Лепш долары адтуль забраць». Як заходнія санкцыі супраць Крамля ўдарылі па Менску
2022.02.23 18:13

ПС belsat.eu

Стужка навінаў