Быхаўскі кансервавы завод-банкрут не змаглі прадаць, кампанію ліквідуюць. Пазыкаў на 11,4 млн рублёў


Завод, які выпускае прадукцыю пад брэндам «Хозяин-барин», не можа знайсці новага гаспадара і знаходзіцца ў спісе на ліквідацыю з захаваннем працоўных месцаў. Mogilev.online расказаў пра праблемы шматпакутнага прадпрыемства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стэнд Быхаўскага кансервавага заводу на выставе «Белагра-2014». Менск, Беларусь. 9 чэрвеня 2014 года.
Фота: ОАО «Быховский консервно-овощесушильный завод» / Facebook

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці адкрыў ліквідацыйную вытворчасць адносна ААТ «Быхаўскі кансервава-гароднінасушыльны завод», ліквідаваць кампанію маюць да 30 чэрвеня 2023 года. Завод не знясуць, а маюць прадаць адзіным комплексам з умовай працягу вытворчасці і захаваннем працоўных месцаў (а іх там 344 з улікам філіі).

Завод працуе з 1935 года, выпускае пад брэндамі «Хозяин-барин» і «Закатки с грядки» кансерваваныя кукурузу, гарох, «ікру» з кабачкоў і розныя іншыя кансервы, салаты, варэнні і джэмы, сокі. Многія маглі запомніць рэкламу прадукцыі заводу ў стылі «агратрэш». Кампанія сцвярджае, што яна – найбуйнейшы ў Беларусі вытворца кансерваванай плодаагародніннай прадукцыі, а пастаўкі ідуць аж у ЗША, Кітай і Аўстралію. Але ў 2021 годзе аб’ём вытворчасці ўпаў на 50 %.

Прадпрыемства мае запазычанасць у 11,4 млн рублёў. Раней прадалі краму, гаражы, склады і іншыя аб’екты заводу ў Быхаве і Быхаўскім раёне. Сам завод адзіным комплексам не змаглі прадаць за 10,61 млн рублёў.

Эканамічныя праблемы ў заводу пачаліся яшчэ ў 2014 годзе, туды прызначылі антыкрызіснага кіраўніка і рэжым санацыі. Але прыбыткі змяншаліся, а даўгі раслі. На заводзе выданню Mogilev.online расказалі, што антыкрызісны кіраўнік «займаўся нядобрасумленнай дзейнасцю», за што быў затрыманы і абвінавачаны паводле некалькіх эканамічных артыкулаў (вясной ягоную працу суд прызнаў незадавальняльнай, але пра затрыманне афіцыйна не паведамлялі). Але вытворчасць працягваецца, запазычанасці па падатках і выплатах у пенсійны фонд няма – толькі старыя даўгі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў