Чаму Ізраіль прайграе інфармацыйную вайну?

З самага пачатку новай і беспрэцэдэнтнай па сваёй жорсткасці Ізраільска–Палестынскай вайны тэма вайны інфармацыйнай загучала ва ўсіх сусветных СМІ. Адныя пішуць, што Ізраіль яе прайграе, іншыя – што ўжо прайграў. Гэта сітуцыя наглядна прадэманстравала, што войны інфармацыйная і прапагандысцкая – зусім розныя паняцці, і вядуцца яны зусім рознымі спосабамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстоўцы ідуць з гіганцкім палестынскім сцягам падчас дэманстрацыі з патрабаваннем «спыніць выбухі ў Газе» ў Монпэлье на поўдні Францыі. 18 лістапада 2023 года.
Фота: Sylvain Thomas / AFP / East News

Для прапаганды не трэба пераправяраць інфармацыю, можна хутка ўкідваць фэйкі – хлусіць заўсёды хутчэй і аператыўней, чым прад’яўляць доказы. Эмоцыі заўсёды мацнейшыя за розум. Прапагандысты праўдзівыя кадры сумяшчаюць з хлуснёй і ніколі не паказваюць тое, што ім не выгадна.

Самым яскравым прыкладам таго, як прапаганда апярэджвае і перамагае інфармацыю зʼяўляецца асвятленне выбуху ракеты побач з больніцай у Газе. У першую ж секунду пасля выбуху «Хамас» выдаў гэта як інфармацыю аб тым, што Ізраіль атакаваў лякарню і забіў сотні людзей. Гэтая заява расхопліваецца і тыражуецца сотнямі сродкаў масавай інфармацыі. Пры гэтым адны паказваюць крыніцай навіны «Хамас», іншыя гэтага не робяць і падаюць навіну як факт.

Мала хто ўвогуле тады задумаўся, што напярэдадні прыезду прэзідэнта ЗША Джо Байдэна адна з ракет «Ісламскага джыхаду» узарвала больніцу. Што можа быць у гэтай сітуацыі горш для тэрарыстаў? Таму тыя вельмі хутка абвінавацілі ва ўсім Ізраіль. Пакуль тры гадзіны ізраільцяне збіралі факты і шукалі доказы сваёй недатычнасці, у арабскіх краінах пачаліся хваляванні, а потым і ўвесь свет абвінаваціў Ізраіль.

Ізраіль прадставіў чатыры неабвержныя доказы з розных крыніц, нават перахоп размоваў саміх тэрарыстаў. Але атрымалася як у тым анекдоце: «Лыжачкі знайшліся, а асадак застаўся». Тэрарысты сталі і надалей выкарыстоўваць гэтую тактыку: у першую ж секунду ва ўсіх ахвярах вінаваціць Ізраіль, і яму ўвесь час даводзіцца прадстаўляць доказы сваёй невінаватасці. На іх пошукі патрэбны час, таму зʼяўляюцца яны не адразу пасля падзеі, але гэта ўжо не мае значэння – ізраільская прэс-служба кожны раз нібыта апраўдваецца.

Тым не менш менавіта яна арганізавала выезд журналістаў пад надзейнай аховай у населены пункт на мяжы з Газай, каб тыя на месцы маглі пераканацца ў дзікіх зверствах тэрарыстаў. Ізраільскія СМІ свядома не публікуюць страшныя кадры для сваёй аўдыторыі найперш з этычных і гуманных меркаванняў. І за гэта іх можна толькі пахваліць.

У Ізраілі намінальна ёсць міністэрства прапаганды, але міністр падала ў адстаўку. Тады як само міністэрства цяпер патрэбна як ніколі. Калі, як не зараз трэба расказваць, што ў свой час лідары палестынцаў былі фашыстамі і супрацоўнічалі з Гітлерам? Распавядаць аб тым, як баевікі «Хамасу» самі ладзілі пагромы ў Палестыне, пра захопы самалётаў, пра выбухі аўтобусаў з дзецьмі, пра тое, што лідары палестынцаў мільярдэры, якія гандлююць зброяй, наркотыкамі і жыццямі сваіх суайчыннікаў. Расказваць, як і чаму палестынскіх дзяцей вучаць у школе. Расказваць, як палестынцы не выконваюць умову 242-ой рэзалюцыі ААН – не здзяйсняць напад на мірных грамадзян. Трэба было б расказваць, што палестынцаў лечаць у больніцах Ізраілю, што іх яшчэ і забяспечвалі да вайны працай.

Трэба паказваць усяму свету, што «Хамас» у сітуацыі з гуманітарнай дапамогай не выконвае ніводнага гуманітарнага прынцыпу. Захапіў у якасці закладнікаў і жывога шчыта ізраільскіх грамадзян – ад немаўлят да глыбокіх старых – і не дае пра іх ніякай інфармацыі, не дапусціў нават прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа.

Аб гэтым трэба было казаць і паказваць яшчэ ўчора, каб не адбылося таго, што цяпер – менавіта ад Ізраілю ўсе цяпер патрабуюць гуманітарных жэстаў. Практычна ніхто не піша, што жыцці мірных жыхароў у прыярытэце ў ізраільскіх вайскоўцаў. А адкуль пра гэта можна даведацца, калі прэс-служба войска аб гэтым не крычыць кожную хвіліну?

Ды і як у такой сітуацыі замежным журналістам пісаць нешта станоўчае ў бок ізраільцянаў, калі статыстыка смерцяў таксама прыходзіць на дапамогу тэрарыстам–прапагандыстам? З моманту нападу «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка ў Газе былі забітыя 11240 чалавек, у тым ліку 4630 дзяцей, а ў Ізраілі каля 1200. На дадзены момант у адкрытым доступе ёсць спіс ізраільскіх салдат з 48 чалавек, якія загінулі ў баях у сектары Газа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палестынцы моляцца над целами загінулых ад абстрэлаў перш чым пахаваць іх у брацкай магіле ў горадзе Хан-Юніс, на поўдні сектару Газа. 22 лістапада 2023 года.
Фота: Mohammed Dahman / AP Photo / East News

Гэтая вайна ўзнікла тады, калі лініі разлому, якія падзялялі Блізкі Усход, і без таго трашчалі па швах. Раскол адбываецца паміж сябрамі і саюзнікамі ЗША і сябрамі і саюзнікамі Ірану. На баку Вашынгтона выступаюць Ізраіль, нафтавыя краіны Персідскага заліва, Іярданія і Егіпет. І вось зараз, калі ЗША працягваюць аказваць магутную падтрымку Ізраілю, мы бачым, што прэзідэнту Джо Байдэну не падабаецца тое, што гіне шмат палестынцаў.

Ну а каму гэта спадабаецца? Вось і Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што ў сектары Газа гіне занадта шмат мірных жыхароў. Тут і ўсе саюзнікі ЗША ў арабскім свеце асудзілі дзеянні Ізраілю і заклікалі да спынення агню. Так яшчэ і выявы сотняў тысяч палестынцаў, якія пакінулі свае дамы на поўначы Газы і ідуць па галоўнай дарозе на поўдзень, уваскрашаюць у памяці сцэны пасля перамогі Ізраілю ў вайне за незалежнасць у 1948 годзе. Тады больш за 700 тысяч палестынцаў беглі пад рулямі аўтаматаў ізраільцянаў. Палестынцы назвалі гэта «Накба» – катастрофа.

Што ў такой сітуацыі павінны рабіць ізраільцяне? Ну, прынамсі адказваць контрпрапагандай на гэтую прапаганду. Без усялякіх фэйкаў. Трэба проста перастаць блытаць вайну з тэрарыстамі і вайну з Газай, і не ігнараваць пытанне пра мірных жыхароў у прапагандзе.

Ізраіль павінен проста кругласутачна па ўсіх каналах паказваць, як ён дапамагае простым жыхарам Газы, як іх ратуе, як забяспечвае гуманітарнай дапамогай, як выводзіць з-пад абстрэлу. Чаму няма відэа, на якіх арабы праклінаюць «Хамас» і дзякуюць ізраільцянам за выратаванне? Чаму няма відэа, дзе ў ізраільскіх шпіталях палестынцам робяць аперацыі?

Вядома, гэта спрошчаная схема і, вядома, зразумела, што не могуць ізраільцяне паказаць знявечаныя целы сваіх суайчыннікаў, таму што яны паважаюць пачуцці кожнага грамадзяніна. Але ўвесь свет павінен бачыць і разумець, што вайна вядзецца за вызваленне жыхароў Газы ад тэрарыстаў.

Без перамогі ў інфармацыйнай вайне Ізраілю не выйграць рэальную вайну. Яму патрэбна для гэтага структура і ўсё роўна як яна будзе называцца – Міністэрства прапаганды, або Міністэрства праўды. Працаваць там павінны прафесіяналы.

Войны сталі гібрыднымі і гэтым выклікам трэба супрацьстаяць. Прамыванне мазгоў аказалася страшней за фізічную зброю. Рэха ізраільскай вайны ўзбудзіла экстрэмістаў–мусульман у еўрапейскіх краінах. Хто можа даць гарантыю, што яны не пойдуць граміць дамы сваіх суседзяў габрэяў, ці не габрэяў?

Ідэя незалежнай палестынскай дзяржавы нараўне з Ізраілем правалілася. Гэтага не адбудзецца пры цяперашнім палестынскім і ізраільскім кіраўніцтве. Але ж ёсць шанец, што перамога ў інфармацыйнай вайне можа прывесці да змены кіраўніцтва. Тады можна будзе казаць аб заключэнні міру. Інакш нас чакаюць новыя войны.

Агляд
Хто вінаваты ў трагедыі ў лякарні Аль-Ахлі? Распавядаем, што цяпер вядома
2023.10.19 19:40

Любоў Лунёва belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў